Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два ў адным: роздум аб свабодзе і эратычны фотаблог


Яўген Бузук

Яўген Бузук

eugenebuzuk

Мяне завуць Яўген Бузук. Я фатограф. У вольны ад фатаграфіі час – асыстэнт катэдры псыхіятрыі Гарадзенскага дзяржаўнага мэдыцынскага ўнівэрсытэту.

Жанаты, у мяне ёсьць дачка, я шчасьлівы ў жыцьці. Астатнія факты біяграфіі не такія важныя.

Чаго можна чакаць ад фатографа? Размовы пра фатаграфію, парадаў – як зьняць удалы кадар, якую камэру выбраць, як зрабіць здымак проці сонца. Усё гэта можна знайсьці амаль на кожным фатаграфічным сайце, дзе зьбіраюцца мацёрыя профі і даюць парады навічкам.

Я ня буду пісаць пра фатаграфію, але некалькі здымкаў пакажу. Яны ніяк не зьвязаныя з тэкстам. Затое цяпер вы маеце выбар – можна прачытаць тэкст, можна паглядзець здымкі, можна зрабіць і тое, і другое, а можна проста прайсьці міма і ўвогуле нічога не рабіць.


СВАБОДА ЯК УМОЎНАЯ АДЗІНКА



1. Навошта я пішу блог

Калі я пачынаў весьці свой блог, у ім было болей словаў, развагаў. Я дзяліўся думкамі і перажываньнямі са сваім галоўным чытачом — самім сабой. Пры гэтым зусім шчыра меркаваў, што калі-небудзь буду перачытваць тое, што напісаў, і аналізаваць свой творчы шлях. Пазьней зразумеў, што ўсе чакаюць ад мяне толькі новых фатаграфіяў, а мае перажываньні ўспрымаюцца як непатрэбнае дапаўненьне і выклікаюць навалу заўвагаў. Гэта было непрыемна, таму словаў зрабілася меней, а свой прынагодны стан я пачаў выказваць у здымках.

2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах

Мне падабаецца зьдзіўляцца і знаходзіць для сябе новых цікавых людзей. А яшчэ я люблю правакаваць сваіх гледачоў і чытачоў неадназначнымі фразамі, здымкамі і ўчынкамі.

3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах

Мне не падабаецца ананімнасьць. Вельмі лёгка сказаць нешта непрыемнае нібыта і ў твар, а на справе выходзіць, што за вочы. Таму я стараюся гаварыць людзям тое, што думаю, не ў публічных камэнтарох, а асабіста.

4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць



Прынята лічыць што свабода – адна з найвышэйшых каштоўнасьцяў чалавека. Дзеля яе змагаліся, гінулі, зноў змагаліся, дамагаліся яе, добраахвотна кідалі і марнавалі.

Нашто яна ўвогуле патрэбная, калі яе каштоўнасьць надта ўмоўная, як курс умоўных адзінак пад Новы год? Пачнем з таго, што мы жывем у грамадзтве і павінны адпавядаць ягоным патрабаваньням і чаканьням, мы проста мусім быць прадказальнымі, каб не станавіць небясьпекі для людзей, якія нас акаляюць, і для саміх сябе. Бо ўсе ж баяцца тых, чые думкі і дзеяньні нельга ўгадаць наперад, а значыць, кантраляваць. Тыя ж, хто не адпавядае гэтым патрабаваньням, прызнаюцца прынамсі дзіўнымі, а часьцей проста псыхічна хворымі.

Падумайце, што найбольш пужае вас у псыхічных хваробах? Найчасьцей на гэтае пытаньне адказваюць: страта кантролю. У першую чаргу ідзецца пра самакантроль. Менавіта таму ў нас сядзіць страх “зьвіхнуцца” — хто ведае, што ў такім разе мы зможам нарабіць.

Акрамя таго, псыхічна хворыя няздатныя строіць далёкасяжныя пляны, бо ня ведаюць, што будуць рабіць заўтра ці нават праз гадзіну. Яны могуць выказаць сваю думку ў твар суразмоўцу, адстаяць гэтую думку або зь лёгкасьцю ад яе адмовіцца. Яны непрадказальныя, незалежныя ад соцыюму, прынагодныя і спантанныя. Яны могуць дазволіць сабе ўсё, бо за наступствы любых дзеяньняў душэўна хворых адказваюць, як правіла, здаровыя. Гэта дае душэўна хворым магчымасьць адчуць нейкую абсалютную незалежнасьць – ад адказнасьці, нормаў і правілаў, а абсалютная свабода робіцца сымптомам псыхічнага захворваньня.

Засталося высьветліць, дзе менавіта сканчаецца норма і пачынаецца хвароба. Было б проста выдатна, калі б існаваў эталён свабоды. Тады кожны мог бы вымераць сваю ўласную свабоду — ці ня большая яна, чым таго патрабуе мэдыцына. Калі большая, прыціснуць свае парываньні; калі меншая — дазволіць сабе яшчэ крышку. Але паколькі эталёну няма, то даводзіцца існаваць паводле нейкіх негалосных дамоўленасьцяў, якія вызначае грамадзтва.

Праўда, трэба ўлічыць, што грамадзтва мае схільнасьць абмяжоўваць свабоду свайго асобна ўзятага чальца дзеля захаваньня ўсеагульнай бясьпекі. Таму кожны з нас атрымлівае столькі свабоды, колькі яму даюць. Спрабуючы ўзяць болей, можна трапіць у лік тых, хто грамадзтву недаспадобы, і нічым добрым гэта ня сьвеціць.

Вось і выходзіць, што ўсё наша жыцьцё – гэта добраахвотная адмова ад сваёй свабоды дзеля нечага іншага. Мы маем магчымасьць жыць у грамадзтве, кіравацца яго законамі і атрымліваць нешта наўзамен за ляяльнасьць, маўчаньне і паводзіны, якія почасту не адпавядаюць нашым унутраным памкненьням. За стабільнасьць мы плоцім адмоваю ад мары. За бясьпеку — абмежаваньнем сваёй свабоды. Такім чынам, свабоду можна лічыць той самай умоўнай адзінкай, за якую мы можам купіць нешта канкрэтнае ў дадзены канкрэтны момант.

Але, аднойчы заплаціўшы сваёй свабодай, да гэтага прызвычайваесься і пачынаеш браць пад яе крэдыты. Толькі калі ў адзін цудоўны момант хочаш вярнуць яе, высьвятляецца: працэнты набеглі такія, што прасьцей ужо аддаць свабоду цалкам, чым выкупіць назад...


"СВОЙ ПРЫНАГОДНЫ СТАН Я ПАЧАЎ ВЫКАЗВАЦЬ У ЗДЫМКАХ...”











Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG