Лінкі ўнівэрсальнага доступу

budimir

Выраз “твар у твар твару ня ўбачыць”, мажліва, успрымаецца цяпер як зацяганае да пахабнага прысмаку клішэ, аднак гэта не замінае яму заставацца дакладным.


Твар у твар твару па-ранейшаму не відаць. Менавіта таму расейцы ведаюць, або думаюць, што ведаюць, аб амэрыканцах ды іншых “піндасах” болей, чым аб сваіх названых братах-беларусах. Аб апошніх, як ім здаецца, няма чаго й ведаць. Браты, яны браты й ёсьць. Свае людзі, сямейнікі.

Забыліся людзі рускія на мудрасьць эвангельскую: “ворагі чалавеку сямейнікі яго”.

Ну, ворагі, ня ворагі, але браты нейкія ўжо вельмі падазрона непадобныя.

Беларусаў я пазнаю яшчэ на Беларускім вакзале ў Маскве. Калі туды трапляеш, выгляд навакольнай людзкой масоўкі рэзка зьмяняецца. Пры дапамозе фаташопу гэта можна было б перадаць праз функцыі ацьмяненьня малюнку, напаўпразрыстасьці й размытых краёў. Рызыкну аспрэчыць геніяльнага вар’ята зь бясконцага тупіка Дзьмітрыя Галкоўскага, які сьцьвярджаў, быццам ідэалягема “Беларусь — край партызанскай славы” — гэта ня болей чым міт. Няважна, наколькі ён мае рацыю або ня мае рацыі чыста гістарычна, галоўнае, што ён онталягічна памыляецца. Таму што онталягічна, ну, простай мовай кажучы, па найвялікшым рахунку, беларусы — партызаны й ёсьць.

“Онталягічныя партызаны” — як гучыць! Вось яны й зьліваюцца з асяродзьдзем, распушчаючыся ў ім амаль да поўнай празрыстасьці. Дакладней — зьліваюцца з атмасфэрай. Бо на тле чужароднага людзкога асяродзьдзя беларусы якраз нечакана моцна вылучаюцца. Асабліва сабраныя ў адным месцы ў вялікай колькасьці. Ад каго і чаму яны спрабуюць схавацца? Бог яго ведае. Можа, ад Бога й спрабуюць.

Параўнай з: “купола в Россіі кроют чістым золотом, чтобы чаще Господь замечал”.

Госпад тамака або ня Госпад, але ёсьць у рускім нейкая цяга быць аднойчы заўважаным. Для яго чамусьці гэта важна. Таму, у адрозьненьне ад беларуса, ягоны абрыс рэзка акрэсьлены, выгляд рэльефны, выразны. І, што галоўнае, — характарны. Яго вельмі добра відаць. Ён — прыкметны. Я на раз-два адрозьніваю рускіх ад беларусаў у вагоне цягніка.

З гукавой аўрай беларуса тая самая гісторыя, што й з аўрай візуальнай. Вагон цягніка, запоўнены пераважна беларусамі, дзівіць сваёй цішынёй. У параўнаньні зь беларускім вагонам у рускіх і ўкраінскіх часьцей за ўсё пануе сапраўдны гвалт. А тут — нейкія шаптаньні, перашэптваньні, запаволеная гаворка, асьцярожныя воплескі вёслаў у ранішняй рачной смузе, баязьлівае шавяленьне ў чароце. Як быццам хтосьці памёр і яго вязуць хаваць у гэтым вагоне.

Параўнай з: “Услыші нас, Господі, услыші нас!..”

Натуральна, гэта ня значыць, што паводзіцца ў цягніку ціха — “богапраціўна”. Рэч у тым, што “гвалт”, ён ня толькі пра нястрыманасьць сьведчыць, але й пра эмацыйную жывасьць, таварыскасьць, а галоўнае — пра сьмеласьць быць. Беларус ня тое каб надта выхаваны, ці то цывілізаваны, як можна было б падумаць. Хутчэй яму бракуе менавіта гэтай сьмеласьці быць: праяўляць сябе, выказвацца, etc.

Што да працытаванае малітвы, дык калі яна сьпяваецца ў беларускіх праваслаўных цэрквах, то гучыць ня вельмі арганічна. Голаснае, мажнае й пампезнае праваслаўе наогул не пасуе беларусам. Як, зрэшты, і вытанчанае, аскетычнае, манаскае паўночнае праваслаўе. Напісаў — і раптам задумаўся: а якая з хрысьціянскіх канфэесій больш падыходзіць майму народу?

Каталіцызм? Каталіцызм — гэта эстэтыка: чаканная латынь, глухі, урачысты арган, плястыка статуй, ледзяная геамэтрыя вострых вуглоў. З такой “касьмічнай” эстэтыкай беларус ня дружны, ужо вельмі яна далёкая ад яго звыклага побыту. Акрамя таго, каталіцызм занадта сацыяльна заклапочаны. А беларус — сацыяльна індыфэрэнтны. Што ёсьць, то й добра, чаго няма, таго й ня трэба. Лепшае — вораг добрага. Такое крэда беларуса. Сацыяльная/палітычная актыўнасьць — спосаб, у тым ліку, заявіць пра сябе. А беларус, як вы памятаеце, імкнецца ня быць заўважаным і пачутым. Не, не падыходзіць каталіцызм.

Пратэстантызм? Пратэстантызм — гэта пераадоленьне эстэтыкі каталіцызму, т.б. “рэфлексіўная эстэтыка”, эстэтыка другога парадку. “Чорны квадрат” Малевіча — вось што такое пратэстантызм. Каб прыйсьці да яго разуменьня, трэба перахварэць усім, што яму папярэднічала. Немагчыма пачаць уваходжаньне ў эстэтыку з “Чорнага квадрата”. Уяўная прастата якога зьяўляецца клімаксам, т.б. найвышэйшай кропкай “квітнеючай складанасьці”. Яе сьмяротным аргазмам. Ізноў жа, пратэстантызм занадта суворы й строгі для расслабленага, мяккацелага беларуса. Занадта абстрактны для яго канкрэтнага мысьленьня. Залішне дзейны ды індывідуалістычны. Не, беларус не калектывіст. Саборнасьць? Трасца яе ведае, што за “саборнасьць” такая. Беларус — індывідуаліст. Але індывідуаліст асаблівы. Індывідуаліст-нябачнік. Гэта найбольш радыкальная разнавіднасьць індывідуалізму — калі яго носьбіт настолькі ўвесь “у сабе і для сябе”, што нават не праяўляе сваёй індывідуальнасьці вонкі. Не, і пратэстантызм, які патрабуе відавочных і дэманстратыўных адносін з Богам, не для беларуса.

Дагэтуль гаворка ішла больш пра соцыякультурнае вымярэньне рэлігій, а як у беларусаў ідуць справы непасрэдна з рэлігійнасьцю? Прама скажам, дрэнна ідуць справы. З усіх трох братоў-славян беларусы — народ самы нерэлігійны. Спадароў атэістаў папрашу заўчасна ня цешыцца й не запісваць беларусаў у аднадумцы. Атэізм — форма разьвітога рэлігійнага сьветапогляду: “ён ня верыць, але таксама ў Бога”. Беларусам чужы рэлігійны сьветапогляд у любым выглядзе. Сярод іх шырока распаўсюджаныя г.зв. “дарэлігійныя вераваньні”: анімізм, магізм, фэтышызм, вера ў прыкметы, etc. Не ў апошнюю чаргу з гэтай прычыны Беларускі Народны Фронт і яго адгалінаваньні не набылі папулярнасьці ў народзе — зрабіўшы стаўку на “традыцыйныя беларускія каштоўнасьці”, яны па наіўнасьці зблыталі іх з хрысьціянскімі.

Варта зьвярнуць увагу на адносіны з рэлігіяй у трох прэзыдэнтаў: Пуціна, Юшчанкі й Лукашэнкі.

Найболей апантана, размашыста й напышліва рэлігійны спадар Юшчанка. Што казаць, ён нават у палонцы на апошняе Вадохрышча купаўся, зацягнуўшы з сабой палову адміністрацыі. У сваіх зваротах да народу Віктар Андрэевіч найчасьцей спасылаецца на Бога.

Пуцін у палонцы перад тэлекамэрамі не купаецца: ці то саромеецца чаго, ці то лічыць для сябе “несалідным”. Ня царская, маўляў, справа — загаляцца перад людам паспалітым. Аднак вядома, што ў Пуціна ёсьць духоўнік, акрамя таго, ён прычашчаўся ў алтары, што дазволена было толькі праваслаўным царам.

А што Лукашэнка? Так, у Беларусі актыўна будуюцца праваслаўныя цэрквы ў абагульненым рускім стылі. Так, нярэдка прэзыдэнт зьяўляецца на публіцы зь беларускім мітрапалітам. Але — ні аб якім духоўніку ня можа быць і гутаркі, роўна як аб прыняцьці таемстваў. На царкоўных службах Лукашэнка калі й прысутнічае, дык не стаіць тамака ізь сьвечачкай, пакорліва схіліўшы голаў. Ён залазіць на амбон і звыкла вядзе прамову аб цэнтнэрах з гектара, надоях, прыплодах, прыбаўленьні ў вазе ды іншых зямных радасьцях.

Ад невялікага розуму лібэральная грамадзкасьць надрывала жывоцікі, калі ён назваў сябе “праваслаўным атэістам”. У, заляпіў, ха-ха! Ды дзе гэта бачана, хо-хо! Праваслаўны, хі-хі, атэіст, ну вы падумайце! Аксюмаран! Валасатае шкло!

Бездапаможныя рабы лінейнае лёгікі. Нічога не зьмянілася за некалькі стагодзьдзяў. Вы па-ранейшаму ўсё гэтак жа страшна далёкія ад народу, якому ўласьціва мысьленьне парадаксальнае. І Лукашэнка інтуітыўна яго ўхапіў. Гэта не сябе толькі ён вызначыў. Ён выказаў такім чынам калектыўнае сьветаадчуваньне беларусаў.

Калі перакласьці гэтае ёмістае і трапнае словазлучэньне на бляклую мову лінейнае лёгікі, атрымаецца прыкладна наступнае: я (чытай: “мы”) у справах гэтых вашых не разьбіраюся, але далучаюся да дамінуючага трэнду, калі ўжо так неабходна, каб я да чаго-небудзь далучыўся.

Супярэчлівыя паняцьці — “праваслаўны” і “атэіст”, кактэйльна зьмяшаныя ў адно азначэньне, узгараюцца і спальваюць адно аднаго, зьвяртаючыся ў нішто. Гэта значыць: мы й не “праваслаўныя”, і не “атэісты”. Ня верым ані ў Бога, ані ў чорта лысага, але й ня верыць — ня верым. Прыцісьні іх да сьценкі, прыстань з нажом да горла, самае большае, што яны змогуць сказаць — гэта: “Ня ведаем!.. Далібог, праўда… Часам здаецца, што так, часам — не… Ці можам мы давяраць сваім асабістым адчуваньням у такой важнай справе?.. Цалкам давяраем вам. Як вырашыце, так і будзе!” І вы, абяззброены такім шчырым, няхітрым адказам, адступіце і схаваеце нож далей. Ня выключана, што нават прасьлязіцеся, а то й кінецеся абдымацца (калі вы рускі, вы абавязкова павінны любіць абдымацца, а таксама самавар з гарэлкай і цыганоў зь мядзьведзямі): сябар ты мой сардэчны, брат ты мой! Гэткі ты, права слова, бязглузды й… мілы! На вось табе, братачка, газ па ўнутраных расійскіх коштах, на табе тры валізкі крэдыту… ух, да чаго ж ты мяне расчуліў.

Праз сваю наіўнасьць (або недабачлівасьць) рускі прымае такія паводзіны свайго “малодшага брата” за адданасьць. Але насамрэч гэта суцэльнае марочаньне. Беларус проста хаваецца ў рускага за пазухай — каб яго не заўважылі. Хто здольны па-сапраўднаму быць адданым рускім, дык гэта ўкраінцы. Тыя, якія не адчуваюць да іх нянавісьці, натуральна. Зрэшты, ад любові да нянавісьці адзін крок — тое самае слушна й у зваротным кірунку. Моцныя пачуцьці, яны абарачальныя. Рускія не выклікаюць у беларусаў моцных пачуцьцяў. Хтосьці падумае, быццам гэта з-за таго, што яны “тожа рускія”. Ані. Бо рускім якраз уласьціва думаць пра сябе на падвышаных тонах.

Іншых прычынаў для ўтварэньня “братэрскага саюзу” — апроч як зашыцца за пазухай, прыкінуцца кусьцікам — з боку беларуса не было. Бо, падобна, няма народу больш чужога “рускаму духу”.

Дзіўна, што пры гэтым багата хто з рускіх дасюль пэўны, нібыта беларусы ўтрымліваюць ягоную квінтэсэнцыю (цытата з аднае сеціўнай дыскусіі: “белорусскій народ — квінтэссенція русского духа, совесть Русі, некій камень краеугольный, драгоценный…”), а Беларусь ёсьць “славянскай Шамбалай“. Менавіта гэтак яе акрэсьліў рускі патрыёт, “жаўнер імпэрыі” Сяргей Дарэнка.

Бздуры. Прыглушанасьць рэлігійнага пачуцьця ў беларусаў, аб якой вялося вышэй, гэта нішто іншае, як асобны выпадак фундамэнтальнае безыдэйнасьці. А рускага чалавека хлебам не кармі, дай яму якую-небудзь ідэю. Нацыянальную, антынацыянальную, інтэрнацыянальную, усё роўна. У сьвеце ідэяў рускі чалавек пачуваецца як рыба ў вадзе, а беларус тут, відавочна, не ў сваёй талерцы. Ён нібы той Маўглі ў савецкім мультфільме, які, ці памятаеце, знайшоўшы скарб (золата, брыльянты, усё такое), глядзіць на яго й разважае ўголас: “Навошта ўсё гэта? Хіба гэта можна есьці?” Прыкладна гэтак сама глядзіць беларус на калейдаскоп ідэяў. Дрындушкі, цацанкі цьмянага прызначэньня, болей нічога.

У гэтым сэнсе Беларусь — краіна перамоглага постмадэрнізму, у аснову якога пакладзена непрыманьне ідэйнасьці як такой. Г.зв. “беларуская ідэалёгія” ўяўляе сабой лапікавую коўдру, зробленую з павыдзіраных адусюль пярэстых абрэзкаў. Натуральна, гэта хутчэй нейкая карыкатура на ідэалёгію.

Стан беларускага грамадзтва найлепей апісваецца тэрмінам постмадэрнісцкага філёзафа Жана Бадрыяра — “сацыяльная імплозія”. Гэта значыць, што грамадзтва не рэагуе на вонкавыя раздражняльнікі, бязь сьледу паглынае сыгналы, пасыланыя яму ўладай, апазыцыяй ці то якім заўгодна іншым ідэйным цэнтрам. Такім чынам яно ўтварае сабой высьлізгвалае, няўлоўнае, абсалютна непразрыстае ў-сабе-і-для-сябе-быцьцё. Якое гуляе ў хованкі.

З аднога боку, гэта несуцяшальны вырак: такое грамадзтва асуджанае быць умоўна адзіным, выпадковым згуртаваньнем вытворцаў і спажыўцоў матэрыяльных дабротаў. Якія маюць дакумэнты адзінага ўзору ды прыстасаваныя да пэўных жыцьцёвых стандартаў. Пра “нацыю”, “народ” ня можа быць і гаворкі.

Але зь іншага, гэтая ж бязвыглядная “пратаплязма” ў стане прыняць які заўгодна, нават самы нечаканы выгляд праз сваю непрадказальнасьць.

Хто ведае, кім апынуцца тыя партызаны, калі нарэшце выйдуць зь цёмнага лесу…



ДЗЬВЕ ДУШЫ. СПРОБА АЎТАБІЯГРАФІІ

Нарадзіўся ў 1979 годзе ад гетэрагеннага шлюбу інтэлігенткі ў чацьвёртым пакаленьні й хлопца зь вёскі, які саматугам “выбіўся ў людзі” — зьехаў у Менск, дзе атрымаў сьпярша сярэдне-спэцыяльную, пасьля вышэйшую адукацыю. Апроч сацыяльнай розьніцы, нягледзячы на тое, што па пашпарце яны абодва былі беларусамі, паміж маімі бацькамі існавала розьніца нацыянальная. Паводле сваёй, так бы мовіць, душэўнай арганізацыі мая маці — абсалютна руская. Настолькі, што адна сваячка калісьці сказала ёй: “З вамі чамусьці немажліва размаўляць па-беларуску. Адчуваецца — ня наш чалавек”. Што цікава, беларускую мову яна добра ведае, нават няблага размаўляла, калі тое было патрэбна па працы ў першай палове 90-х. Чаму тады, гаворачы зь ёй, нявольна хацелася перайсьці на расейскую? Пэўна, праз адсутнасьць пачуцьця ўваходжаньня ў рэзананс. Беларуская мова ў прысутнасьці маёй маці неяк скурчвалася, жаласна енчыла ды імкнулася зашыцца куды-небудзь далей. Свойчас маці была палымянай камуністкай, пасьля зрабілася ня менш палымянай праваслаўнай верніцай. Ня так нават важна кім, палымянасьць сама па сабе — не беларуская ўласьцівасьць. Што да бацькі, дык ён тыповы, ці лепей сказаць — узорны беларус. Спакойны, мяркоўны, зважны, скептычны ў адносінах да ўсялякіх “трансцэндэнцыяў”, патрыярхальны, наколькі гэта ўвогуле мажліва пры эмансыпаванай жонцы.

За бацькам была вёска, дзе я бавіў шмат часу ўлетку, навучыўся даіць карову, пасьвіць статак, кіраваць канём, хадзіць за плугам і крычэць “сьвіньні, аюсь у хлеў!” Адначасова пераймаў жыцьцёвую філязофію беларусаў. Да прыкладу, не турбавацца асабліва наконт будучыні. “Неяк будзе” — улюбёная прымаўка майго дзеда.

На матчынай радзіме, у мястэчку Горкі Магілёўскай вобласьці, я гасьцяваў значна радзей. Там былі піяніна, вялікая бібліятэка, бюсьцікі паэтаў і палітычных дзеячаў, ленінская настольная лямпа, лодачная станцыя з катамаранамі. І дзевяностагадовая прабабка — дачка губэрнатара Рыгі, якая нават у гэтым узросьце выходзіла з свайго пакою да стала ўрачыста ўбраная, з шляхетнай годнасьцю ў постаці. Ці не залішне выкшталцоная атмасфэра, як на мяне, усё-ткі болей вясковага хлапчука. Да таго ж шляхетная годнасьць заўжды тоіць у сабе зерне пагарды да “мужыцкага народу”.

Тым ня менш праз гэтую бацькоўскую дваістасьць я атрымаў дзьве душы. Цяжка сказаць, узаемадапаўняюць яны адна адну або канфліктуюць. Хутчэй канфліктуюць. Але іхнае спалучэньне калісьці зрабіла мяне палымяным абаронцам беларушчыны.

Упершыню беларускае пытаньне паўстала перада мной у 1988 годзе, калі я з бацькамі выпадкова патрапіў на першы мітынг каля Курапатаў, адкуль пачаўся БНФ. Ужо з 91-га я пачаў хадзіць на мітынгі самастойна. Удзельнічаў у выгнаньні расейскіх імпэрцаў (Баркашова, Лімонава, Ніны Андрэевай ды інш.) з ДК Камвольнага камбінату ў 96-м. Як ні дзіўна, дарэчы, але ў той час міліцыя была зь беларускімі мітынгоўцамі. Нікога зь іх не затрымлівалі, нягледзячы на тое, што сям-там было пабітае шкло, зламаныя дзьверы, крэслы ды, пэўна, імпэрскія насы з сківіцамі. А мяне адтуль урэшце прагнаў міліцэйскі чын, западозрыўшы з прычыны зьнешняга выгляду ў прыналежнасьці да РНЕ.

З пачаткам адраджэньня мой бацька перайшоў на сваю родную беларускую мову, ад якой яго старанна адвучвалі ў тэхнікуме, войску, ВНУ. Але яму давялося заставацца на самоце ў сваім памкненьні вярнуцца да каранёў. У маці, нават калі яна спрабавала яго падтрымаць, атрымлівалася ненатуральна. Мой старэйшы брат ставіўся да беларушчыны ці не пагардліва. А я, дурань, чагосьці саромеўся… Найбольшае, на што мяне хапала, — пракрычэць антыдзяржаўны лёзунг “Жыве Беларусь!” падчас дэманстрацыі.

Сваёй кропкі кіпеньня я дасягнуў толькі ў 2001-м, калі надзеі на тое, што Лукашэнка — халіф на гадзіну, пабляклі, а беларуская мова як быццам апынулася на самым парозе сьмерці. Пераадолеў комплексы — распачаў над сабой гвалтоўную беларусізацыю. Апроч комплексаў, давялося пераадольваць супор асяродзьдзя й нават каханае жонкі. Размовы заўжды адыгрывалі найбольш важную ролю ў нашай сям’і. Таму жонку дужа дратавала тое, што з маім пераходам на беларускую мову ў аднабаковым парадку кола тэмаў гранічна звузілася: стан беларускае мовы, палітыка, ізноў стан беларускае мовы, ізноў палітыка, а таксама бясконцыя скаргі на тое, як маскалі ўсю душу мне парвалі сваёй гармошкай. Для размоваў пра больш важныя й цікавыя рэчы папросту бракавала слоўнікавага запасу. Паколькі жонка — каханая, пагарджаць яе меркаваньнем я ня мог. Таму ўзяўся давесьці, што па-беларуску можна размаўляць аб усім тым, пра што можна размаўляць па-расейску. І ня горай. Я з галавой занурыўся ў беларускую мову, добраахвотна зьняволіў сябе ў культурніцкім беларускамоўным гета. Адно беларускія кніжкі, адно беларуская музыка, адно беларускі тэатар і г.д. Даволі хутка гэта дало свой плён. Я ўжо нават браўся быў перакладаць на беларускую “Маскву-Петушкі” і вельмі сьмешную брытанскую кніжку “The Hitchhiker’s Guide to the Galaxy”. На жаль, тых перакладаў я ня скончыў, але пакінуў на форумах tut.by багата беларускамоўных пэрлінаў ад імя “Люціча”. Жончына сэрца адтала, ад колішняй варожасьці не засталося й знаку. Больш за тое, яна пачала рабіць спробы размаўляць па-беларуску. Прыкладна два гады наш маленькі сыночак выхоўваўся амаль у поўнай беларускамоўнай сям’і. Першым ягоным паўнавартасным словам было… “жырандоля”.

Утропы за зьменамі ў асабістым нацыянальным жыцьці адбыліся зьмены ў маім палітыкуме. Да таго мае погляды былі “перабудовачнымі”: камунізм — гэта злочын і глупства, свабодны рынак і канкурэнцыя — дабро й хараство. Але нечакана для сябе я прыйшоў да высновы, што рынку няма ніякае справы да гэткіх ценькіх матэрыяў, як беларуская мова. Тое, што на яе адгукаецца беларуская зямля (я сам гэта аднойчы адчуў), і яе зьнікненьне ня менш трагічнае ад зьнікненьня якога-небудзь віду жывёлаў, — яму абсалютна па цымбалах. Якая зямля адгукаецца, што вы верзяце? Гэта ўсё трызна смаленае кабылы. Падаючага — штурхні, вось катэгарычны імпэратыў рынку. Я зразумеў, што ва ўмовах “чэснай канкурэнцыі” мая родная мова ня мае ніякага шанцу. Бо чэснасьць рынкавае канкурэнцыі палягае ў тым, што перамагае мацнейшы. Ат трасца, дык тое хіба не стары закон джунгляў на новы лад?! З гэтае эўрыкі пачаўся мой уласны “левы паварот”.

І раптам улады зачынілі Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Мая сям’я была шчыльна зь ім павязаная. Мы з жонкай вырашылі, што тут няма чаго болей рабіць, калі так. Да таго ж з працай у Менску тады было пагана. Карацей, пераехалі ў Маскву.

Тыя чатыры гады, якія мы пражылі ў Расеі, адмоўным чынам адбіліся на маёй беларускасьці. Ды што там, яны зьнішчылі яе ледзь не дазваньня. Асабліва Піцер, дзе жыў і тварыў Скарына, прычараваў быў мяне. Прыяжджаючы на колькі дзён у адведкі да бацькоў у Беларусь з Расеі, я неспадзявана ўбачыў, што мне тут, у Беларусі, нешта зусім не падабаецца. Раней я не азіраўся наўкола, не прыглядаўся да яе пільна. Насіў, як смоўж носіць сваю ракавінку. Цяпер гляджу — і цеснаватая мая радзіма, і паветра цяжкае, прытхлае, і жыцьцё надта запаволенае ды аднастайнае, і сьвежага ўзбэцкага праснака няма дзе набыць…

Пяць блогаў, якія я раю наведаць

czerniec: Хлопец, што вядзе гэты блог, — інвалід першае групы. У яго няма абедзьвюх рук і адной нагі. Гэта, дзякаваць богу, не адзіная й не галоўная яго якасьць. Прыгадаў я аб ёй толькі дзеля таго, каб вы зразумелі, што вашыя цяжкасьці, мажліва, не такія ўжо й цяжкія. А разам з тым убачылі, што здольнасьці чалавека перамагаць сябе калі не бязьмежныя, дык значна большыя, чым звычайна падаецца. Можна працягваць жыць нават у гэткіх варунках. Прычым жыць напоўненым, багатым, асэнсаваным жыцьцём. (рас.)

dolka777: На жаль, ня надта частыя цудоўныя мастацкія замалёўкі, некаторыя на грані геніяльнасьці. Россып пацерак у цалкам нечаканым месцы — недзе на ўскрайку, вельмі далёка ад магістральных інфармацыйных шляхоў. (рас.)

runas: Лёс занёс яго ў Маскву, дзе прымусіў займацца дызайнам. Наконт дызайну нічога не скажу, але мяккая гіронія ягоных тэксьцікаў, іхны сузіральны лірызм мне вельмі даспадобы. (рас.)

_extraneus_: Сяргей Корсак жыве ў Тураве, працуе ў нафтагазавай галіне. Па-мойму, аднаго гэтага дастаткова, каб пацікавіцца ягоным блогам. Нягледзячы на ідэалягічныя разыходжаньні (ён уважае сябе за “правага”-традыцыяналіста), з задавальненьнем чытаю правінцыйныя гісторыі, “тупыя пытаньні” і разгорнутыя развагі з нагоды розных жыцьцёва важных пытаньняў. Адзінае, што вочы коле, — навязьлівая сэксуальная тэматыка.

Карыстаючыся нагодай, запрашаю далучыцца да суполкі Падслухана ў Беларусі (бел., рас.).
1. Навошта я пішу блог

А навошта наогул усё? :) Гэтак сталася, што я з маленства, замест таго каб захапіцца, да прыкладу, матэматыкай, займеў непераадольную цягу да пісаньня. Бацькі ўвесь час нешта пісалі: бацька ў газэту, маці рыхтавалася да лекцыяў — прыклад аказаўся заразьлівы. Пасьля не засталося нічога іншага, як прызнаць гэтую справу ўласным наканаваньнем. Бо зьдзяйсьняць сваё наканаваньне ня сорамна. Гэта вам ня “пэцкаць паперу”.

Мае амбіцыі бачныя ўжо з абранага юзэрнэйму — “той, хто абуджае сьвет”. Амбіцыі, падобна, не сьпяшаюцца ажыцьцявіцца. Зразумела, сьвету цяжка пачуць мяне ў галасе мільёнаў іншых блогаў, якія толькі замінаюць маёй справе. Таму я намагаюся пісаць уначы, калі галас блогасфэры сьцішваецца, спадзеючыся, што каго-небудзь зьнячэўку растуркаю.

З асноўнай тэмай блогу я даволі доўга ня мог вызначыцца: ці то гэта занатоўкі гастарбайтэра (блог быў распачаты ў Маскве), ці то зборнік кінарэцэнзіяў, ці то антыфашысцкі рупар, або зборная салянка з усяго патроху. Нарэшце я вырашыў, што асноўнай тэмай будзе ўскрыцьцё “язваў сучаснага грамадзтва” на мікраўзроўні. Палітыка, пра якую ідзецца на тэлевізіі, мяне ня надта цікавіць. Я цікаўлюся праявамі хваравітых сацыяльных сымптомаў у дробязях: фільмы, рэклямныя плякаты, банэры, аб’явы, газэтныя артыкулы, выказваньні ўплывовых асобаў па нібыта нязначных, факультатыўных пытаньнях. Нядаўна трапілася ў рукі “Кніга маладога старасты”, выдадзеная ў БДУ, дзе знайшлося шмат вартага ўвагі матэрыялу. Бывае, рэагую на нейкія гучныя падзеі (самагубства Яны Паляковай, да прыкладу), але зазвычай абмінаю іх. Па-першае, іх і безь мяне абгавораць, а па-другое, часьцяком там няма чаго абгаворваць.

Апошнім часам зьявілася яшчэ тэма, якая прэтэндуе на тое, каб стацца адной з ключавых. Гэта прасоўваньне беларускага пытаньня ў расейскую блогасфэру ня кіем, то паленам. З мэтай заінтрыгаваць — “а што гэта там за беларусы такія?” Бо, не зважаючы на “братэрскі саюз”, рускія вельмі мала або зусім не цікавяцца беларусамі.

2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах

Найперш гэта выдатны сродак пошуку сяброў ды аднадумцаў, якія пры дарозе не валяюцца. Блогі — жывыя галасы, не прапушчаныя праз шматлікія цэнзурныя фільтры, як у традыцыйных СМІ, не прыстасаваныя да “фармату”. Энцыкляпэдыя жыцьця, якая, што праўда, троху пужае сваімі памерамі, якія бясконца павялічваюцца.

Ня ведаю, ці папраўдзе ўдзел у блогасфэры можна ўважаць за сацыяльнае дзеяньне, але хочацца ў гэта верыць.

3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах

У адрозьненьне ад форумаў, тут болей перагародак паміж удзельнікамі. Так, яны даюць кожнаму мажлівасьць стварэньня прыватнае прасторы паводле ўласнага густу, але й адасабляюць таксама. Калі ў форумах, як у той лазьні, генэралаў няма, у блогасфэры існуе “сацыяльная няроўнасьць”: ёсьць “аўтарытэтныя” ўдзельнікі — “эліта”, а ёсьць усе астатнія. Шмат каму крыўдна заставацца “астатнім”, таму яны кідаюцца ў марны дагон за рэйтынгам, гэтым сымбалічным капіталам. Штучна павялічваючы колькасьць “фрэндаў”, якіх яны не зьбіраюцца чытаць, а тыя ня будуць чытаць іх. Патураючы масаваму густу, трымаючыся “моднага трэнду” або ствараючы парожнія скандалы, etc. Кірмаш славалюбства й цырк на дроце.

Дыскусіі ў блогах зазвычай вельмі хуткаплынныя. Яны ўспыхваюць і выцьмяваюць цягам аднаго дня. Пасьля ўсе разьбягаюцца па асобных кватэрах, ці то бягуць на іншы агеньчык. Гэтак і мітусяцца штодня туды-сюды, сюды-туды.

У блогах — усе пісьменьнікі, таму чытачоў на ўсіх нестае.




Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG