Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
czalex

“Беларусы і расейцы — браты навек! Стагодзьдзі супольнай гісторыі, агульныя культурныя і моўныя карані — залог нашага вечнага братэрства!”

Згадзіцеся, бывае, бравурныя расейска-беларускія інтэграцыянісцкія прамовы гучаць такім чынам, што складана ім рэальна запярэчыць — нават факталягічна, а ня толькі эмацыйна і зь нежаданьня пакрыўдзіць шчыра пазытыўна настроенага да Беларусі расейца. Ці няма агульных каранёў? Ну, ёсьць. Ці мовы не падобныя? Падобныя. Ці гісторыя не была агульнаю? Ну, прынамсі апошнія два стагодзьдзі фармальна была.

Іншая справа, што “крок управа — крок улева” ад вышэй прыведзеных тэзысаў, і зьявіцца з-за чаго паспрачацца з суразмоўцам. Мовы падобныя — але ж і дастаткова адрозныя. Культурна блізкія — але ж і зь летувісамі ці палякамі ў нас культура гэтаксама блізкая. Гісторыя агульная — ды толькі факты кажуць, што, магчыма, зусім не Другая сусьветная была найбольш жахлівай вайною для Беларусі і што дакладна — ня немцы былі першымі, хто спальваў беларускія вёскі і гарады.

Міні-бія

Фінансавы журналіст, пражывае ў Маскве.

1. Навошта я пішу блог

Звычайна спачатку блог заводзіцца ў якасьці дзёньніка для вузкага кола сяброў. Потым зьяўляюцца чытачы-фрэнды, каго ведаеш толькі праз ЖЖ. У рэшце рэшт блог пачынае арыентавацца на вялікую аўдыторыю збольшага незнаёмых людзей, у парадку практыкі напісаньня тэкстаў і дзеля абмеркаваньня актуальнасьцяў зь іншымі людзьмі, гэткае само па сабе маленькае СМІ. Прыкладна так яно было ў маім выпадку

2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах

За публікацыямі стаіць асоба, запісы — у кантэксьце раскрыцьця гэтай асобы перад намі.

3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах

Блогі — аснова інтэрнэт-залежнасьці :)

4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць

darriuss.livejournal.com/, bacian.livejournal.com — цікавыя фотаграфічныя краязнаўчыя зацемкі пра Менск і ня толькі

kurt-bielarus.livejournal.com — гісторыя Другой сусьветнай вайны ў Беларусі і іншыя цікавіны

prochainestation.blogspot.com — беларус бэнгальскага паходжаньня, што пражывае ў Канадзе, цікавы альтэрнатыўны погляд

e-ndrus.livejournal.com — узважаныя думкі пра актуальныя рэчы, прыгожыя вершы

radzimich.livejournal.com — пра Беларусь для расейскай аўдыторыі
Беларуска-расейскае постсавецкае славянафільскае інтэгратарства больш, чым на нечым іншым, грунтуецца менавіта на “белых плямах” у веданьні культуры і асабліва гісторыі, на замоўчваньні фактаў, на замене асэнсаваньня нашага суседзтва шклянавокімі лёзунгамі.

Часам здаецца, што сёньня адносіны Беларусі і Расеі на самой справе знаходзяцца ў нейкім замарожаным стане. З тэлевізара палітыкі нам пяюць мядовыя песьні пра “Саюзную дзяржаву”, хаця апошнім часам і паміж тымі самымі палітыкамі адносіны ўсё горшыя, і ўсё больш штучна і камічна выглядаюць іхныя нам віншаваньні на “Дзень яднаньня народаў Беларусі і Расеі”. Паўнавартаснага аб’ектыўнага абмеркаваньня, аналізу і фармуляваньня расейска-беларускіх адносінаў як не было, так і няма.

Між тым гісторыя яшчэ “тоіць” для сьвядомасьці шырокай грамадзкасьці такія факты, як вынішчэньне да паловы насельніцтва Беларусі ў часе вайны 1654-1667 гг. і траціны насельніцтва падчас Паўночнай вайны, як зьверствы суворавых і мураўёвых, як русыфікацыя. Як нам жыць з гэтай “спадчынаю”? Як нам ставіцца да гэтага? Пернікавая інтэграцыя на гэтыя вострыя пытаньні з гісторыі беларуска-расейскіх адносінаў проста не дае адказу альбо блакітнавока кажа нам: “Гэтага не было”. “Гэта было вызваленьне Беларусі ад палякаў”. Яшчэ крок — і вось ён, трыгер да канфлікту: “Беларускай мовы і народу такога не было, іх выдумалі ў другой палове 19 стагодзьдзя, таму і русыфікацыі не было”.

Але ж факты кажуць: гэта ўсё было, і “польскія паны”, ад каго Расея нібыта вызваліла Літву-Беларусь, насамрэч ні зь якай Польшчы да нас не прыяжджалі, а былі спрадвеку тутэйшымі людзьмі. То бок вызваленьне ад іх было вызваленьнем ад уласнай нацыянальнай эліты. То бок “вызваленьнем” ад нацыянальнай самастойнасьці.

Крывадушныя “саюзьніцкія” шчабятаньні на гэтым змрочным фоне толькі закладаюць яшчэ большую бомбу пад будучыню беларуска-расейскіх адносінаў. Бо старонкі гісторыі раней ці пазьней усплывуць на парадку дня, і грамадзтву давядзецца асэнсоўваць гэныя факты, інтэграваць іх у сваё бачаньне гісторыі, бо бязь іх гэтая гісторыя больш чым няпоўная. Давядзецца балюча разьвітвацца з казкамі пра “векавое братэрства” і “вызваленьне ад польскіх паноў”.

І таму страшна бывае глядзець расейскую тэлевізію і назіраць за інфармацыйнай вайною, разьвязанай там зараз супраць Украіны і Грузіі. Як толькі ў Беларусі зьменіцца палітычная сытуацыя (а зважаючы на актуальную вонкавапалітычную абстаноўку — магчыма, і шмат раней за гэта), такая ж самая вайна, магчыма, пачнецца і супраць Беларусі, такія ж брыдкія абразы і зьнявагі паліюцца на беларускі адрас з усіх крамлёўскіх радыё- і тэледзірак.

У беларусаў часта як рэакцыя зьяўляецца жаданьне вельмі трапна адпавядаць стэрэатыпам пра “ворагаў Расеі”. Ідэолягі беларускага нацыяналізму не стамляюцца вінаваціць у беларускіх бедах расейцаў як народ, як катэгорыю, не стамляюцца часам разглядаць краіну Расею як нейкага адвечнага антаганіста, прыроднага ворага Беларусі. Рэпатрыянты з Расеі ў пачатку 90-х сутыкаліся, бывала, з абразьлівымі лэйбламі “расейскі шпіён” на сваёй зноў здабытай радзіме — Беларусі. Ці чакае нас гэта наперадзе яшчэ раз, калі канфармісцкая маса беларускіх чыноўнікаў зноў паначэпіць бел-чырвона-белых сьцяжкоў на лацканы?

Так ці інакш, русафобія — рэч такая ж недарэчная і дурная, як і расейскі імпэрскі шавінізм. Абагульненьні, асабліва на нацыянальнай глебе і асабліва нэгатыўныя — гэта ўдзел эмацыйна і разумова нямоцных людзей. Расея — гэта зусім ня толькі Пуцін і ня толькі расейская дзяржава. Немалаважна, што абсалютная большасьць расейцаў маюць шчырыя цёплыя пачуцьці да Беларусі. Праблема ў тым, што толькі вось вобраз Беларусі ў іхным разуменьні трохі (ці ня трохі?) адрозьніваецца ад Беларусі сапраўднай. Трэба бурыць гэтыя пачуцьці ці трэба бурыць дэзынфармаванасьць людзей пра Беларусь?

Усе павінны быць беларусам “братамі” — і расейцы, і палякі, і летувісы, і ўкраінцы. Але братэрства тое павінна грунтавацца на ўзаемнай павазе і ўспрыняцьці адно аднаго такімі, якія ёсьць. Беларусь не павінна паразытаваць на датацыях з расейскага дзяржаўнага бюджэту. Расея не павінна адмаўляць права беларусаў жыць ва ўласнай краіне, мець уласны погляд на гісторыю і сябе ў ёй. І самае галоўнае — мы ўсе павінны пераадолець гістарычныя крыўды і гэтыя вострыя пачуцьці “гістарычнай несправядлівасьці”, якія звычайна прыводзяць выключна да войнаў.

Можа здацца, што расейцы ў гэтай сытуацыі павінны зрабіць першымі крок да пакаяньня і замірэньня. Але хутчэй першымі крок павінны зрабіць менавіта нацыянальна сьвядомыя беларусы, менавіта яны (мы) павінны сфармаваць канцэпцыю сяброўскага і прыязнага суіснаваньня з Расеяй і актыўна прапаноўваць яе расейцам, якім значна складаней пазбавіцца славянафільскіх постімпэрскіх шораў. У адваротным выпадку манаполію на фармуляваньне бачаньня добрых стасункаў паміж нашымі краінамі будуць мець выключна постсавецкія палітыканы і імпэрцы-славянафілы. Як яны маюць гэтую манаполію зараз.

Не забывайма, што Беларусі і Расеі наканавана лёсам жыць па суседзтве. А гэта азначае, што ўсе мы кроўна зацікаўленыя ў добрасуседзкіх адносінах. Сяброўскіх, “братэрскіх” — назавіце іх якімі заўгодна словамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG