Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік скончыў знаёмства са справай, распачатай супраць яго абласной управай КДБ. У хуткім часе дакумэнты будуць перададзеныя ў пракуратуру, а пасьля — у суд. Сваёй віны ні ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці, ні ў паклёпе на прэзыдэнта праваабаронца па-ранейшаму не прызнае.

СЛУХАЦЬ:


Паводле Леаніда Сьвеціка, матэрыялы крымінальнай справы супраць яго займаюць 11 тамоў па 250-300 старонак кожны. У распальваньні міжнацыянальнай варожасьці паводле артыкулу 130 часткі 1 Крымінальнага кодэксу яго вінавацяць з нагоды зьяўленьня ў Віцебску лістоў з пагрозамі ад імя “віцебскай філіі “Русского Национального Единства”, якія цягам 2006-2007 гадоў атрымлівалі мясцовыя грамадзкія і апазыцыйныя актывісты. Перасьлед з боку КДБ спадар Сьвецік лічыць помстай за праваабарончую дзейнасьць — за тое, што дапамагаў абражаным актывістам складаць скаргі ў міліцыю і пракуратуру, каб адказныя структуры знайшлі тых, хто дасылае гэтыя лісты. Міліцыянты адмаўляліся шукаць аўтараў, цьвердзячы, што іх знайсьці немагчыма, бо арганізацыя РНЕ ў Беларусі не зарэгістраваная.

Леанід Сьвецік, у сваю чаргу, неаднаразова падкрэсьліваў, што за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацый у Беларусі караюць, згадваючы прыклад “Маладога фронту”, і патрабаваў, каб актывістаў РНЕ таксама прыцягнулі да адказнасьці. Але ў крымінальнай справе, распачатай урэшце абласной управай КДБ, ён сам апынуўся спачатку сьведкам, потым падазраваным, а згодна з пастановай ад 31 сакавіка — ужо і абвінавачаным. У верасьні 2008 году крымінальную справу супраць праваабаронцы прыпынілі, а ў сакавіку гэтага году аднавілі зноў.

Дарэчы, хоць суду па справе яшчэ не было, аднак учора ў газэце “Советская Белоруссія” зьявіўся артыкул віцебскага журналіста Сяргея Галесьніка, які піша як пра нібыта ўжо даказаны факт, што “жыхар Віцебску дасылаў лісты з пагрозамі ад імя РНЕ”.

Імя Леаніда Сьвеціка ў артыкуле “Шіворот-навыворот” не згадана, аднак “герой” пазнавальны“, і ён лічыць гэты газэтны матэрыял непраўдзівым:

“Лічу гэты матэрыял недакладным і непраўдзівым, бо ўсе абвінавачаньні супраць мяне грунтуюцца на экспэртызах. Аўтаразнаўчая экспэртыза на 100% засьведчыла, што лісты напісаныя ня мной, а Сяргей Галесьнік піша, што менавіта яна даказвае маю віну. Яшчэ ў артыкуле ні словам не згадана пра тое, што мяне вінавацяць яшчэ й паводле артыкула 367 часткі 2 Крымінальнага Кодэксу — у паклёпе на прэзыдэнта краіны”.

Леанід Сьвецік лічыць, што пра нібыта паклёп на прэзыдэнта ў “Советской Белоруссіі” не згадана знарок — каб залішне не прыцягваць увагу грамадзкасьці да будучага судовага працэсу. Аднак, на ягоную думку, гэтае абвінавачаньне выстаўлена супраць яго з разьлікам якраз на тое, каб зрабіць суд закрытым для журналістаў, праваабаронцаў і сяброў.

Заўжды, калі ў сьледзтва мала доказаў, імкнуцца зрабіць закрыты працэс.
“Заўжды, калі ў сьледзтва мала доказаў, імкнуцца зрабіць закрыты працэс, каб не было бачна хібаў — што справа зроблена зь вялікай нацяжкай і на замову. Таму я хачу, каб мяне судзілі прынародна. Бо толькі ў адкрытым судовым працэсе можна даказаць сваю невінаватасьць”.

Сьведкамі і пацярпелымі ў крымінальных справах супраць праваабаронцы прызнаныя тыя, хто атрымліваў лісты ад РНЕ — рэдактар газэты “Вітебскій курьер” Уладзімер Базан, загадчыца літаратурнай часткі тэатру “Лялька” Вікторыя Дашкевіч, былая старшыня абласной арганізацыі АГП Алена Залеская, шэраг мясцовых сябраў КХП БНФ і вядомы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда.

Паводле абвінавачаньняў, выстаўленых супраць Леаніда Сьвеціка, па кожным з двух крымінальных артыкулаў яму можа пагражаць пазбаўленьне волі на тэрмін да пяці гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG