Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дзень самасуду міліцыя Макарэвіча не знайшла…


Будынак Гомельскага абласнога суду

Будынак Гомельскага абласнога суду

СЛУХАЦЬ:


Сёньня ў Гомельскім абласным судзе, дзе разглядаецца крымінальная справа пра самасуд над аднавяскоўцам у вёсцы Пухавічы Жыткавіцкага раёну, скончылі дапытваць сьведкаў.


Іх прывозілі ў суд арганізавана. За два апошнія дні апытана звыш 30 асобаў зь ліку жыхароў Пухавічаў і супрацоўнікаў жыткавіцкай міліцыі. Выявіліся новыя падрабязнасьці.

У дзень самасуду Мікалая Макарэвіча (па мянушцы Міес) шукала і міліцыя. Было гэта летась 31 сьнежня. Акурат напярэдадні ўвечары Макарэвіча зь міліцыі выпусьцілі. Трымалі яго там суткі — як падазронага ў падпалах.

Паводле сьведчаньняў участковага Васіля Мірановіча, загад знайсьці Міеса ён атрымаў раніцай, 31 сьнежня, ад начальніка міліцыі Белакура. Навошта? Каб не псаваць Новы год! І, як казаў Мірановіч, каб жыхары “не ўчынілі што-небудзь у адносінах да яго”. А пасьля ўжо, на дадатковыя пытаньні, удакладняў: “Макарэвіча да жыхароў і іх у дачыненьні яго”.

Непрыязнае стаўленьне да Макарэвіча ў шэрагу жыхароў Пухавічаў, вядома, было. І ня толькі да яго, але й да асобных ягоных таварышаў.

Бацька аднаго з абвінавачаных у забойстве так кажа:

“Я езьдзіў і вілы вазіў. Калі б сустрэў, я асабіста прапароў бы любога. Каторы патрапіўся б, таго й прапароў — гэтага Міеса, што забілі, і Ахрамовіча. Міес, калі вярнуўся з турмы, зьвязаўся з Ахрамовічам. На працу не ўладкаваліся, пілі. Ахрамовіч загадваў яму, а той ішоў і паліў. Міес жа прызнаўся ў міліцыі — мой хлеў спаліў з кароваю і цялём, у свахі мае спаліў”.

Жыхары Пухавічаў лічылі за лепшае не зьвяртацца ў міліцыю. Вясковая кабета патлумачыла гэта так:

Сёньня, напрыклад, Міес спаліў чалавека. Міеса забіраюць. Ён прызнаецца. А міліцыя прыяжджае — дакажыце, што гэта ён.
“Міліцыя ўвагі не зьвяртала. Сёньня, напрыклад, Міес спаліў чалавека. Міеса забіраюць. Ён прызнаецца. А міліцыя прыяжджае — дакажыце, што гэта ён”.

Інспэктар Мірановіч ня ведаў, што Макарэвіч знаходзіўся пад “прэвэнтыўным наглядам міліцыі”, што ў Пухавічах людзі ад страху спалі адзетымі, зь сякерамі напагатове.

Вяскоўцы зьняверыліся ў міліцыі. І ня толькі ў справе падпалаў:

“У жанчыны тут пабілі вокны — кроў ад нападнікаў была. Прыехаў гэты самы ўчастковы і яшчэ два ці тры міліцыянты. Гэтую кроў са шклом сабралі ў пакецік. Паехалі — і па сёньняшні дзень”.

Гісторыя пра самасуд атрымала шырокі розгалас, калі ў справу ўмяшаўся Аляксандар Лукашэнка. На нарадзе сілавікоў ён асабіста загадаў выпусьціць забойцаў пад хатні арышт. Да таго ж зьвярнуўся да старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы з адмысловай прапановай “ляяльна весьці гэтую крымінальную справу”.
XS
SM
MD
LG