Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто дапаможа апазыцыянэрам заплаціць штрафы?


Заснавальнікі Беларускай Хрысьціянскай дэмакратыі адкрылі ў Менску і Полацку банкаўскія рахункі, спадзеючыся такім чынам сабраць грошы і дапамагчы актывістам дэмакратычнага руху заплаціць вялікія сумы штрафаў за ўдзел у вулічных акцыях. Больш за 9 месяцаў актывісты ў Полацку, Гомелі, Менску, Нясьвіжы знаходзяцца пад пагрозай канфіскацыі маёмасьці за нявыплату штрафаў. Агульная сума перавышае 20 мільёнаў рублёў.

СЛУХАЦЬ:


Павал Севярынец
Сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня БХД Павал Севярынец: “Некалькі месяцаў людзі, якіх бязьлітасна штрафуюць за ўдзел у акцыях, ня маюць падтрымкі. На жаль, праваабарончыя цэнтры зараз ня могуць даць рады. Таму мы адчынілі банкаўскія рахункі і зьвярнуліся да беларусаў з заклікам дапамагчы тым, хто трапіў у такое цяжкое становішча.

Людзей тэрарызуюць судовыя выканаўцы, а яны ж цярпелі за беларускую мову, за прынцыповую пазыцыю.

Верым у эфэктыўнасьць гэтай акцыі. Бо, магчыма, ня кожны можа дазволіць сабе сёньня выйсьці на пікет, узьняць сьцяг над сваім домам, але пералічыць грошы на рахунак для тых, хто пацярпеў, талакой, усе разам беларусы здольныя“.

Заснавальнікі БХД у Гомелі за ўдзел у флэш-мобах і пікетах агулам мусяць заплаціць больш за 16 мільёнаў рублёў. Сярод іх — Кастусь Жукоўскі. Ён паведаміў “Свабодзе”, што заплаціў частку грошай у залік папярэдняга штрафу за флэш-моб у абарону беларускай мовы, але дадаўся яшчэ адзін штраф — за пікет у Дзень Волі.

Кастусь Жукоўскі
Кастусь Жукоўскі кажа: яго непакоіць тое, што судовыя выканаўцы забяруць усю маёмасьць з кватэры.

“Плацім паціху, пераймаем то 100 000, то 200 000… Я ж займаў даляры, а цяпер курс падрос і трэба будзе аддаваць яшчэ больш… Я б ужо даўно зьехаў на заробкі, але ж не магу, бо ў любы момант могуць “узяць за жабры”. Плаціў, а тут новы штраф. Няма з чаго плаціць. Засталося каля 8 мільёнаў яшчэ.

Ужо некалькі разоў тэлефанавалі, пыталіся, калі буду дома. Да 20-га яны прыйдуць. Я ня ведаю, для жонкі гэта будзе канец сьвету“.

Марыся Тульжанкова павінна заплаціць каля трох мільёнаў рублёў. Яе абурае, што яна, апроч таго, што мусіць тэрмінова, да 20 красавіка, заплаціць грошы, павінна яшчэ й аплаціць візыт судовых выканаўцаў.

“У тым выпадку, калі я не заплачу своечасова штрафы, абяцалі візыт дадому судовых выканаўцаў. Тады я ня толькі буду вымушана заплаціць штраф і пеню, але яшчэ й за візыт судовых выканаўцаў. Ня ведаю, колькі каштуе візыт выканаўцы, але гэта непрыемна”.

Андрусь Цянюта ня мае працы і жыве з бацькамі. Судовыя выканаўцы могуць канфіскаваць іх маёмасьць:

Андрусь Цянюта
“Я мушу заплаціць 2 мільёны 700 тысяч рублёў. Судовыя выканаўцы могуць апісаць маёмасьць маіх бацькоў. Сваёй маёмасьці ў мяне няма. Маім бацькам давядзецца даказваць, што апісалі іх маёмасьць, ды яшчэ плаціць вялікую пошліну”.

Апазыцыянэры за ўдзел у вулічных акцыях мусяць плаціць вялікія сумы штрафаў.

У сакавіку 1997 году, калі ў Менску штомесяц адбываліся масавыя акцыі пратэсту з патрабаваньнем адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, пачаў дзейнічаць прэзыдэнцкі Дэкрэт № 5. Згодна з дэкрэтам, затрыманыя падчас разгону дэманстрацыі мусілі плаціць штрафы, якія ў некалькі разоў перавышаюць іхныя заробкі.

Тады юрысты і праваабаронцы зьвярталі ўвагу міжнароднай супольнасьці, што гэта супярэчыць нормам міжнароднай юрыдычнай практыкі. Дэкрэт № 5 ня ўлічваў ні матэрыяльнага становішча чалавека, ні ягонага статусу.

Аштрафаваныя студэнты не маглі выплаціць мільёны рублёў. Тады ў іхніх бацькоў апісвалі маёмасьць, і тыя мусілі даказваць у судзе, што іх сын ня мог набыць мэблю і відэатэхніку. Пры гэтым бацькі аштрафаванага апазыцыянэра мусілі плаціць 10% пошліны ад налічанай сумы.

Тым часам дробных хуліганаў за дэбош у грамадзкім месцы ці сямейны скандал маглі аштрафаваць сама больш на дзьве базавыя велічыні.



Рэквізыты банкаўскіх рахункаў, каб дапамагчы заплаціць штрафы:

ААТ “АСБ “Беларусбанк” аддзяленне № 112 філіяла 529 “Белсувязі”, г. Мінск, праспект Незалежнасці, 91, субкарэспандэнцкі рахунак 6100007209062, код 720.

ААТ “АСБ “Беларусбанк”, г. Полацк, Круткін Аляксандр Сяргеевіч, нумар рахунку 01064385.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG