Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты шукаюць распаўсюднікаў праўды


Участковы міліцыянт прыйшоў да мясцовага актывіста Леаніда Гаравога паводле скаргі спадарыні Фядотавай, якая абвінаваціла апазыцыянэра ў паклёпе на дзейнасьць міліцыі.


Участковы інспэктар Уладзімер Касноў паказаў Леаніду Гаравому скаргу жыхаркі Гарадка, дзе напісана, што яна лічыць паклёпніцкімі ўсе матэрыялы, надрукаваныя не ў мясцовай раёнцы “Гарадоцкі весьнік”. Аркуш з артыкулам Валерыя Шчукіна “Вызывающее поведение” трапіў да яе ў паштовую скрыню з ініцыятывы невядомых гарадоцкіх актывістаў, якія раздрукавалі інфармацыю з Інтэрнэту і пачалі распаўсюджваць у райцэнтры.

Паводле Леаніда Гаравога, пра шляхі распаўсюду артыкула яму нічога не вядома, але ў яго ёсьць пэўныя меркаваньні, чаму ён набыў такі рэзананс у Гарадку. У ім праваабаронца і журналіст Валеры Шчукін у сваёй звычайнай саркастычнай манеры апісвае інцыдэнт з удзелам мясцовага жыхара, вэтэрана працы Анатоля Палянскага, якога супрацоўнікі міліцыі затрымалі за адсутнасьць флікера, потым абвінавацілі ў непадпарадкаваньні і ўрэшце перадалі ягоную справу ў суд. Але суд прызнаў спадара Палянскага невінаватым, паказаньні міліцыянтаў — непраўдзівымі, а складзеныя пратаколы — беспадстаўнымі.

На думку спадара Гаравога, для жыхароў Гарадка гэта вельмі цікавы матэрыял, бо ён тычыцца парушэньняў у працы мясцовай міліцыі, зь якімі шмат каму даводзілася неаднаразова сутыкацца. Лічыць яго паклёпніцкім таксама няма падставаў, бо ўсё, што напісана ў артыкуле, — праўда. А што да распаўсюду інфармацыі па-за старонкамі “Гарадоцкага весьніка”, чым, уласна, і абураецца скаржніца Фядотава, дык кожны грамадзянін мае на гэта права, гарантаванае артыкулам 34 Канстытуцыі РБ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG