Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі адказалі на пытаньні “Свабоды” адносна заяў Аляксандра Лукашэнкі на адрас Расеі і магчымасьці дыялёгу з краінамі Эўразьвязу па праблемах правоў чалавека.

СЛУХАЦЬ:


У МЗС Беларусі адбыўся брыфінг, які правеў прэсавы сакратар МЗС Андрэй Папоў. Найперш у спадара Папова спыталіся пра тое, калі адбудзецца візыт у Беларусь камісара Эўразьвязу па зьнешніх сувязях і эўрапейскай палітыцы добрасуседзтва Бэніты Фэрэра-Вальднэр:

“Візыт спадарыні Ферэра-Вальднер адкладаецца. У дадзены момант бакі працуюць над новымі тэрмінамі гэтага візыту”, — сказаў Андрэй Папоў.

Нагадаем, спачатку спадарыня Вальднэр плянавала прыехаць у Менск 12 сакавіка, сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам, зь міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым, а таксама з прадстаўнікамі апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці. Потым візыт быў адкладзены на красавік. Спадарыня Вальднэр заявіла пра неабходнасьць дадатковай прапрацоўкі беларускага пытаньня. Цяпер пад пытаньнем прыезд у Менск эўракамісара і ў красавіку.

Прэсавы сакратар МЗС Андрэй Папоў на просьбу “Свабоды” пракамэнтаваў заяву міністраў юстыцыі краін Эўразьвязу пра гатоўнасьць дыялёгу па праблемах правоў чалавека ў Беларусі з прадстаўнікамі ўладаў Беларусі і беларускімі праваабаронцамі. Вядома, што праваабаронцы ўхвалілі гэтую ініцыятыву, а як выглядае пазыцыя афіцыйных уладаў?

“Сапраўды, дамоўленасьць аб правядзеньні дыялёгу па правах чалавека паміж Беларусьсю і ўладамі Эўразьвязу дасягнутая, і зараз бакі на экспэртным узроўні прапрацоўваюць дэталёва фармат гэтага дыялёгу. Трэба вызначыцца з тэматыкай, пэрыядычнасьцю і гэтак далей”.

7 красавіка падчас паездкі ў Гомель Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг заяў на адрас расейскага боку. “Трэба перастаць поўзаць на каленях па іхніх кабінэтах. Ня хочуць нас пускаць на свае рынкі — трэба шукаць іншыя вэктары экспарту... Там болей несумленных адносін да Беларусі”, — сказаў Аляксандар Лукашэнка. Таксама лідэр Беларусі зноў падняў пытаньне пра ўсталяваньне на мяжы з Расеяй памежных пунктаў.

“Ці атрымалі ў МЗС Беларусі камэнтары на гэтыя выказваньні ад афіцыйных прадстаўнікоў Расеі?” — спытаўся я ў Андрэя Папова. Прэсавы сакратар МЗС краіны адказаў, што ў яго на выказваньні беларускага кіраўніка “ніякай афіцыйнай ноты ці заявы няма”.

Яраслаў Раманчук
“Расея будзе адказваць на выпады Лукашэнкі больш жорсткімі патрабаваньнямі на будучых перамовах аб эканамічнай дапамозе”, — камэнтуе вэрбальны канфлікт Беларусі з Расеяй вядомы эканаміст Яраслаў Раманчук:

“Чым больш будзе такіх эмацыйных заяў, тым менш верагоднасьць таго, што Расея пазытыўна разгледзіць просьбы афіцыйнага Менску. Гэта ў нас крытычны стан плацёжнага балянсу і гандлёвага балянсу, у нас недахоп цьвёрдай валюты. Таму расейцы сёньня нічога ня будуць адказваць, а будуць назіраць, як мяняецца пазыцыя афіцыйнага Менску”.
XS
SM
MD
LG