Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенская ГЭС: іранскіх турбін ня будзе


Іранская кампанія Marvestan Group ня выканала дамову аб пастаўцы абсталяваньня для Гарадзенскай ГЭС на Нёмане.


Таму Мінэнэрга абвясьціла новы тэндэр. Ён прызначаны на 6 траўня. Іранцы абяцалі беларусам турбіны чэскай кампаніі на суму 8,6 мільёна даляраў, а потым запатрабавалі за абсталяваньне значна большую суму, якая перавышае 15 мільёнаў даляраў. ГЭС павінны пусьціць у 2010 годзе, але з увагі на фінансавы крызіс гэта можа не адбыцца.

Гарадзенскую ГЭС будуюць на Нёмане прыблізна за дзесяць кілямэтраў ад Горадні, непадалёк ад шашы на Менск. Іранская кампанія выйграла тэндэр на пастаўку абсталяваньня пры канцы 2007 году, улетку 2008-га быў падпісаны кантракт. Яна хацела ўдзельнічаць у праектаваньні станцыі, у яе будаўніцтве і абсталяваньні. Агульны кошт праекту дасягаў 110 мільёнаў эўра. Аднак у міністэрстве энэргетыкі патлумачылі, што з іранскім інвэстарам нічога не атрымалася:

“Зь ім быў скасаваны кантракт выключна таму, што ён ня выканаў свае абяцаньні. Вось і ўсё. Умовы кантракту былі ня выкананыя”.

Ці адаб’ецца гэта на тэрмінах будаўніцтва Гарадзенскай ГЭС?

Спадарыня: “Канечне, атрымліваецца так, што тэрміны ўводу аб’екта ў эксплюатацыю будуць перанесеныя”.

Але на будаўнічай пляцоўцы на Нёмане непадалёк ад Горадні яшчэ зусім не гатовыя прымаць абсталяваньне для ГЭС. Дырэктар будоўлі Ўладзімір Галецкі патлумачыў:

“Не, такі час яшчэ не наступіў. Мы нават яшчэ ня выйшлі да праектнай адзнакі першай чаргі па катлаване, таму пра мантаж мы пакуль і мовы не вядзем. Мы яшчэ займаемся менавіта катлаванам. Сёньня праектная адзнака ня выкананая да канца, яшчэ прыблізна мэтры два з паловай трэба прайсьці зь зямлёю ўдол. Таму пра гатоўнасьць да прыёму абсталяваньня яшчэ мовы няма”.

А калі рэальна можна будзе прыступіць да ўсталяваньня гідратурбінаў?

Галецкі: “Яшчэ да абсталяваньня прыблізна год, калі можна будзе яго манціраваць. Пасьля таго, калі бэтонныя працы пачнуцца. Калі б усё так гладка і чыста ішло. Сёньня фінансаваньне цяжка ідзе”.

Тым часам пуск Гарадзенскай ГЭС заплянаваны на сьнежань 2010 году. Праўда, спадар Галецкі зазначыў, што пляны гэтыя не зьмяняюцца, працы на будоўлі працягваюцца.
XS
SM
MD
LG