Лінкі ўнівэрсальнага доступу

300 тон сырога мяса ня можа прадаць бабруйскі мясакамбінат. 25 працэнтаў прадукцыі бабруйскага перапрацоўчага прадпрыемства экспартуецца ў Расею. Цяжкасьці з рэалізацыяй яе на тамтэйшым рынку й прывялі да затаварваньня.


“Запасы мяса ў лядоўні ёсьць. Яны большыя, чым дазволена. Прыблізна трыста тон. Аднак калі браць ад пачатку году, дык тады было шэсьцьсот тон мяса”, — зазначае прадстаўнік мясакамбінату.

Скараціць таварныя запасы ўдалося пасьля аднаўленьня паставак у Расею. Цяпер бабруйскія мясьнікі зьбіраюцца адчыняць у Маскве сваю фірмовую краму. Аднак больш спадзяюцца на свой, беларускі рынак.

Расейскія санітарныя службы часова забаранілі ўвозіць у сваю краіну мясную прадукцыю, бо засумняваліся ў яе якасьці. Як доўга будзе трываць цяперашняе расейска-беларускае мясное замірэньне, сказаць цяжка. Паводле беларускіх экспэртаў, расейцы традыцыйна выкарыстоўваюць свае інструмэнты дзеля пратэкцыянізму — каб бараніць свайго вытворцу.

Бабруйскія ж вытворцы мясной сыравіны лічаць, што мясакамбінату трэба шукаць новыя рынкі збыту й не спадзявацца толькі на расейскі:

“Памяняюць вэктар на Ўкраіну ды яшчэ куды. Гэта могуць быць вялікія кантракты з Бразыліяй, Аргентынай. Пісьменны мэнэджмэнт калі будзе, то разыдзецца гэта мяса”, — мяркуе кіраўнік аднаго з бабруйскіх сельгаскаапэратываў.

Паводле суразмоўцы, займацца мясной жывёлагадоўляй цяпер ня надта выгадна. Трэба мець вялікія аб’ёмы вытворчасьці, аднак ніхто не гарантуе, што вырабленае ўдасца з выгадай для гаспадаркі прадаць гэтаму ж самаму мясакамбінату.

З гэтым меркаваньнем згаджаецца кіраўнік іншай гаспадаркі:

“Цэны нізкія. Сабекошт вялікі. Электраэнэргія, кармы. Пакуль у мясной вытворчасьці, можна сказаць, ёсьць праблемы”.

Тым часам на мясакамбінаце папярэджваюць, што могуць зьменшыць закупы сыравіны:

“Каўбаса — гэта не мэтал, яна ня можа захоўвацца вечна. Мы працуем цяпер выключна пад замову, і максымум, што можам сабе дазволіць па гатовай прадукцыі, — гэта двухдзённы запас”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG