Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пабачыў сьвет першы том беларускага біяграфічнага альманаху “Асоба і час”. Фаліянт на 500 старонак, выпушчаны выдавецтвам “Лімарыус”, зьмяшчае матэрыялы, прысьвечаныя як асобам добра вядомым, так і тым, хто пакуль што ня стаў часткай сьвядомасьці беларускага грамадзтва. Неабходнасьць падобнага выданьня ў Беларусі адчувалася даўно, кажа ўкладальнік кнігі Аляксандар Фядута.


У дзяржаўных і хатніх архівах захоўваецца шмат дзёньнікаў, лістоў, успамінаў, якія ніколі не друкаваліся, але маюць вялікую каштоўнасьць у стварэньні паўнавартасных партрэтаў іх аўтараў і адрасатаў. Так спадар Фядута прыйшоў да ідэі біяграфічнага альманаху. Тым больш, што сыстэматычна ў Беларусі гэтым ніхто не займаецца.

“Трэба дакумэнтаваць ня толькі мінуўшчыну, але ж і той час, які зараз. Мы ж жывём у гістарычныя часіны. Людзі адыходзяць, гісторыя сплывае – трэба зафіксаваць час. Вось так узьнікла гэтая ідэя”.

На вокладку альманаху вынесеныя фотаздымкі Зоські Верас, Мікалая Маліноўскага, Васіля Быкава і Пятра Машэрава – асобаў з розных культурных, гістарычных і палітычных слаёў грамадзтва. Гэта – прынцыповая пазыцыя складальніка.

“Па-першае, каб там не былі адны пісьменьнікі. Па-другое, павінны быць прадстаўленыя розныя часы, пачынаючы ад Жыгімонта Старога і да нашых сучасьнікаў Быкава, Брыля, Машэрава, Зімяніна. Павінны быць розныя галіны жыцьця, мужчыны і жанчыны, камуністы і антыкамуністы. Высьветлілася, што ўсё гэта разам вельмі цікава чытаць. Атрымалася кніжка, якую б я абавязкова набыў, каб я яе ня меў як аўтар і складальнік”.

Альманах дзьвюхмоўны. Складальнік лічыць такі падыход цалкам абгрунтаваным.

“Справа ў тым, што частка аўтараў з Расеі і каб ім была магчымасьць друкавацца, таму што там шмат дакумэнтаў, якія тычацца нашай агульнай гісторыі. А прынцыповая пазыцыя тая, што першая мова альманаху ўсё ж такі беларуская. Адзінае, што мы папярэдзілі ўсіх, што гэта сучасная беларуская мова”.

Альманах “Асоба і час” прысьвечаны памяці выдатнага беларускага дасьледчыка гісторыі і літаратуры прафэсара Генадзя Кісялёва.
XS
SM
MD
LG