Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзяне Захаду ня любяць Пуціна і Кастра


Апытаньне, праведзенае службай Harris Interactive, паказала, што былы кіраўнік Кубы Фідэль Кастра і Уладзімер Пуцін – адны з самых нелюбімых палітыкаў сярод грамадзянаў ЗША і пяці эўрапейскіх дзяржаваў – Брытаніі, Францыі, Нямеччыны, Італіі і Гішпаніі. З 25 лютага па трэцяе сакавіка сацыёлягамі былі апытаныя звыш 6 тысяч чалавек.

У прэзыдэнта ЗША Барака Абамы найвышэйшы пазытыўны рэйтынг -- каля 80 працэнтаў, але ня менш важна, падкрэсьлвіваюць адмыслоўцы, ягоны вельмі нізкі нэгатыўны рэйтынг, які складае ўсяго 9 працэнтаў. Меншы нэгатыўны рэйтынг толькі ў Далай Ламы – 7 працэнтаў. Гэта ўжо трэцяе апытаньне, праведзенае на працягу двух месяцаў, і вынікі ўсіх трох дасьледваньняў дастаткова стабільныя.

Сярод самых нелюбімых палітыкаў заходняй публікі – Фідэль Кастра, Уладзімер Пуцін, кіраўнік Кітаю Ху Цьзіньтао. Толькі адзін заходні лідэр мае нэгатыўны рэйтынг вышэйшы за 50 працэнтаў – прэм’ер-міністар Італіі Сільвіё Бэрлюсконі – хаця, напрыклад, тры чвэрці амэрыканцаў проста ня маюць пра яго ніякага меркаваньня. Папа Бэнэдыкт XVI мае таксама даволі высокі нэгатыўны рэйтынг – 42 працэнты, прыблізна столькі, колькі ў Ху Дзіньтао і Дзьмітрыя Мядзьведзева. Папа, бадай, адзіны з прапанаванага сьпіса, рэйтынг якога даволі моцна зьмяніўся ў параўнаньні з першымі апытаньнямі – зьнізіўся на 10 працэнтаў.

Дарэчы, цікавая тэндэнцыя, якая пацьвярджаецца без выключэньняў для кожнай краіны – рэйтынг сваіх, уласных палітыкаў звычайна меншы за палітыкаў замежных. Напрыклад, брытанскі прэм’ер Гордан Браўн мае толькі 30 працэнтаў станоўчага рэйтынгу ўнутры краіны, і 48 працэнтаў у цэлым сярод усіх апытаных.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG