Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарка Пухавічаў: “Цяпер дазволены самасуд”


У Гомельскім абласным судзе, дзе разглядаецца крымінальная справа пра самасуд над аднавяскоўцам у вёсцы Пухавічы Жыткавіцкага раёну, учора дапытвалі сьведкаў. Іх арганізавана прывезьлі ў Гомель аўтобусам.

СЛУХАЦЬ:


Гісторыя пра самасуд атрымала шырокі розгалас, калі ў справу ўмяшаўся Аляксандр Лукашэнка. На нарадзе сілавікоў ён асабіста загадаў выпусьціць забойцаў пад хатні арышт. Да таго ж зьвярнуўся да старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы з адмысловай прапановай “ляяльна весьці гэтую крымінальную справу”.

Жыхары Пухавічаў да вызваленьня абвінавачаных ставяцца па-рознаму. Сваякі з боку абвінавачаных пераважна ўхваляюць рашэньне кіраўніка дзяржавы.

Жыхар Пухавічаў спадар Адам: “Правільна! Пабачыла начальства, што забіты Макарэвіч рабіў абы-што. Ён падпальваў. Шэсьць разоў сядзеў у турме. Ён спаліў першага стога ў сябе дома, таму што бацькі не давалі яму грошай. Вось ён і спаліў”.

У міліцыю вяскоўцы ня скардзіліся й пазоваў за падпалы не падавалі, бо лічылі гэта марным. Адны меркавалі, што Мікалай Макарэвіч вернецца з турмы і адпомсьціць. Іншыя разьлічвалі, што ў міліцыі належным чынам не адрэагуюць:

“Было небясьпечна йсьці ў міліцыю На жаль, участковы наш Мірановіч не займаўся пажарамі належным чынам. Вось калі майго сына міліцыя пабіла, рэбры паламалі, тады ён заняўся, абараняў сваіх таварышаў па службе. Тады ён заняўся. А калі ў мяне першы пажар здарыўся, ён не прыйшоў, не знайшоў мяне”.

Некаторыя іншыя жыхары, ня зьвязаныя з абвінавачанымі сваяцтвам, лічаць няправільным іхняе вызваленьне да суду з-пад варты.

Спадар Леанід: “Як гэта правільна?! Калі б я вось зараз злачынства зрабіў, мяне б пасадзілі й ня выпусьцілі б. Так па-зьверску забіваць чалавека ня трэба было. Ня гуртам жа забіваць чалавека — гэта ўжо было арганізавана. Забілі, спалілі — і ўсё нармальна. Адпусьцілі, я лічу, няправільна”.

У судзе сястра забітага Мікалая Макарэвіча Валянціна паведаміла, што калі яна зьбірала подпісы вяскоўцаў пад зваротам да кіраўніка дзяржавы, каб забойцаў вярнулі пад варту, ня ўсе адважваліся падпісвацца:

“Добрыя людзі падпісаліся. Многія хацелі падпісацца, але калі забойцы так зрабілі, яны баяліся. Гаварылі, што баяцца. Казалі: мы падпішам, а пасьля яны будуць нас падпальваць і забіваць. Гэта такі каварны й жорсткі род”.

У Пухавічах некаторыя жыхары расцэньваюць вызваленьне забойцаў з-пад варты як своеасаблівы дазвол на самасуды:

“Цяпер страшней. Скажаш слова, то могуць табе галаву адрэзаць. Калі Лукашэнка абараніў, значыць, цяпер могуць свабодна забіваць. Цяпер дазволены самасуд. Пагэтаму й баяцца”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG