Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнку імкнуцца зламаць”


Аляксандар Лукашэнка слухае Дзьмітрыя Мядзьведзева

Аляксандар Лукашэнка слухае Дзьмітрыя Мядзьведзева

Афіцыйны Менск зьвінаваціў Расею ў невыкананьні дамоўленасьцяў, дасягнутых па аплаце паставак расейскага газу. Расейскі бок заяўляе, што Беларусь павінна плаціць за газ адпаведна з кантрактнай цаной, якая прадугледжвае штоквартальную карэкцыю. Чаму менавіта цяпер раптам узьніклі гэтыя спрэчкі?

СЛУХАЦЬ:


Паводле кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, нягледзячы на дасягнутыя дамоўленасьці з расейскім прэзыдэнтам, расейцы заяўляюць што 150 даляраў за тысячу кубамэтраў — гэта малавата. Сёньня прадстаўнік амбасады Расеі Андрэй Кузьняцоў заявіў, што 150 даляраў у студзені-верасьні, як прапануе беларускі бок, — гэта азначае разваліць кантракт. Таму цана на газ для Беларусі ў першым і другім кварталах і далей будзе адпаведнай кантракту. Беларусь павінна плаціць згодна з кантрактам, і кошт газу павінен штоквартальна карэктавацца. Таксама спадар Кузьняцоў абверг заяву Лукашэнкі, што Расея нібыта выставіла Беларусі штрафы за нявыбарку газу ў мінулым годзе. Хоць санкцыі маглі скласьці некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў. У “Газпроме” ад камэнтароў адмовіліся.

Чаму менавіта цяпер паміж Беларусьсю і Расеяй узьніклі газавыя спрэчкі, хоць ад пачатку году бакі заяўлялі пра поўнае паразуменьне ў справах паставак? Паводле эканамічнага аглядальніка газэты “Беларусы і рынак” Тацяны Манёнак, згодна з палітычнай дамоўленасьцю, Беларусь будзе плаціць за газ, зыходзячы зь сярэднегадавога, а не квартальнага кошту.

Тацяна Манёнак
“Прэтэнзіі з расейскага боку абсалютна справядлівыя, але ж перш чым іх прад’яўляць, трэба ж было публічна агучыць, не за кулісамі, умовы паставак газу, якія яны ёсьць. А не мікшаваць гэтую праблему недзе за палітычнымі кулісамі.

Палітычныя дамовы — гэта для Беларусі ня толькі нейкі крок насустрач, але ж і нейкія патрабаваньні. Можна меркаваць, што беларускі бок не выконвае вось гэтых сваіх дамоў, і гэта выклікае вельмі вялікую незадаволенасьць расейскага боку. Калі б, напрыклад, пытаньне прызнаньня Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі было вырашана, я ня думаю, што цяпер расейскі бок так канкрэтна ставіў бы пытаньне па праблеме аплаты газу. Бо газавае пытаньне было вырашана. Расейскі бок націскае на балючую для Беларусі тэму — газавую”.

Тацяна Манёнак мяркуе, што афіцыйны Менск будзе шукаць варыянты, каб зьмякчыць сытуацыю, бо знайсьці грошы для поўнай аплаты ня так проста.

Паводле палітоляга Віталя Сіліцкага, Расея “прэсуе Беларусь па поўнай праграме” ўсімі магчымымі сродкамі. Прычыны — у развароце Беларусі на Захад, далучэньні да “Ўсходняга партнэрства” і непрызнаньні незалежнасьці грузінскіх тэрыторый.

Віталь Сіліцкі
“Гэта тое, што цягнецца ўжо месяц. Фактычна, Лукашэнку проста імкнуцца зламаць. Зломіцца ці ня зломіцца: два варыянты. Насамрэч у яго даволі цяжкое становішча. Яўна Расея напужалася, асабліва напужалі дамовы Ўкраіны з ЭЗ. І тады, відаць, было прынятае рашэньне ўзяцца за Беларусь, каб утрымаць хаця б яе. У гэты ж час актывізаваўся гандаль з Эўразьвязам. Выкінулі Навумава. І тут пачынае адбывацца вось гэта. Такі вось абмен сыгналамі. Варта чакаць нейкіх новых падспудных прапановаў ЭЗ. Адною зь іх было зьняцьцё Навумава. Варта чакаць яшчэ нечага ў гэтым кірунку”.



7 красавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што “трэба перастаць поўзаць па расейскіх кабінэтах і на каленях перад імі стаяць”. Маўляў, “ня хочуць яны працаваць зь Беларусьсю — ну й ладна. Нас жыцьцё ўжо прымушае лезьці на іншыя рынкі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG