Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі калгас набыў італьянец


Сёньня насельніцтва адной з самых вялікіх вёсак Івацэвіцкага раёну страціла свой калгас. СПК “Быценскі” пераходзіць да новага гаспадара — грамадзяніна Італіі сіньёра Тасінары.


Бухгальтарка зь вёскі Быцень Натальля Скулавец паведаміла, што рашэньне перадаць калектыўны сельгаскаапэратыў замежнаму прыватніку прыняў яшчэ ў студзені агульны сход. Па словах суразмоўцы, былыя калгасьнікі аднадушна папрасіліся пад абарону капіталіста. За іхнай гаспадаркай-бакрутам, як удакладняе спадарыня Скулавец, ажно трохмільярдны доўг:

“У каго няма даўгоў у наш час, скажэце, калі ласка? На сёньняшні дзень толькі, напэўна, 2—3 гаспадаркі без даўгоў ідуць. Лізінгавыя запазычанасьці вельмі вялікія. Усе бяруць тэхніку і жывуць у лізінг”, — канстатуе Натальля Скулавец.

Па словах суразмоўніцы, насельніцтва, якое прагаласавала за новага гаспадара, жыве спадзяваньнямі. Яна кажа:

“Можа, яны нам зусім астранамічны заробак дадуць, што нам і ня сьнілася! Людзі спадзяюцца, што і месцы працоўныя будуць. Абяцалі, што пабудуюць завод у Быцені”.

Продаж калгаса стаўся апошнім крокам у разьвітаньні вёскі Быцень з сацыялізмам. Раней тут распрадалі цагельню і лесапілку. Цяпер замежнікі маюць у Быцені вытворчасьць агулам на 800 працоўных месцаў. Скаргаў на звальненьні ці нізкія заробкі пакуль няма.

З асьцярогай да пераменаў у СПК “Быценьскі” ставіцца хіба мясцовы сельсавет. Сакратар сельсавету Вольга Разумейчык хвалюецца:

“У мяне перажываньні, як будзе ў далейшым аказвацца дапамога майму насельніцтву. У першую чаргу — выдзяленьне зямлі пад пасадку бульбы. Другое — паша. Выдзяленьне кармоў для падтрымкі прыватных гаспадарак грамадзянаў. Выдзяленьне тэхнікі людзям… Складана будзе. Самі ведаеце, прыватнікі свае грошы лічаць”.

Сёньня на сустрэчы з быценскімі мэханізатарамі, якія ўдзельнічаюць у пасяўной, сіньёр Тасінара запэўніў, што рэзкіх зьменаў у сацыяльнай падтрымцы вяскоўцаў пакуль ня будзе. Але за п'янства, прагулы і наўмысную шкоду гаспадарцы фірма будзе разьвітвацца з працаўнікамі бяз жалю.

За некалькі апошніх гадоў італьянская фірма “Агракультура” стварыла свае прадпрыемствы ва Ўкраіне, Малдове, Баўгарыі і Румыніі. Згоду на разьмяшчэньне фірмы ў Беларусі далі раней Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня, а таксама Берасьцейскі аблвыканкам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG