Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія войскі супрацьпаветранай абароны маюць патрэбу ў найноўшых ракетна-зэнітных комплексах С-400 з Расеі, а таксама ў расейскіх самалётах новага пакаленьня. А ці здольныя беларускія зэнітчыкі самастойна абараніць неба над краінай?

СЛУХАЦЬ:


Стварэньне адзінай рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны Расеі і Беларусі ўзмацняе абароназдольнасьць Беларусі, якая не разглядае ніводную краіну ў якасьці ворага. Пра гэта заявіў генэрал-маёр Ігар Азаронак, камандуючы ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі.

Нагадаем, дамова аб стварэньні адзінай рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны (АРС СПА) паміж Беларусьсю і Расеяй была падпісаная 3 лютага і ўступае ў дзеяньне пасьля ратыфікацыі парлямэнтамі дзьвюх краін. Ігар Азаронак мяркуе, што гэта адбудзецца ў траўні. Адносна камандуючага адзінай рэгіянальнай сыстэмай у Ігара Азаронка пакуль няма пэўнасьці:

“Гэтая пасада плянуецца як пазаштатная. Праўда, пытаньне вырашана не канчаткова, але, хутчэй за ўсё, будзе пазаштатная пасада. Баявы склад сыстэмы вызначаецца міністрамі абароны краін, гэта павінны зрабіць цягам трох месяцаў пасьля ратыфікацыі дамовы”.

Паводле генэрал-маёра Азаронка, у баявы склад адзіных рэгіянальных сіл СПА ўвойдуць 5 авіяцыйных частак, 10 зэнітна-ракетных і адна радыётэхнічная. Гэта часткі, якія ўжо разьмешчаныя ў Беларусі, Калінінградзкай вобласьці Расеі і на расейскай тэрыторыі блізу Беларусі, сказаў Ігар Азаронак. Камандуючы ня выключыў, што ў склад АРС СПА ўвойдзе частка, узброеная найноўшымі ракетна-зэнітнымі комплексамі С-400, якіх пакуль няма ў Беларусі. Але Ігар Азаронак ня ведае, каму гэтыя ракеты будуць належаць:

“Будзе, спадзяюся, і на нашай тэрыторыі. А на якіх умовах гэты комплекс зьявіцца ў Беларусі, гэтае пытаньне распрацоўваецца. Падчас падпісаньня пагадненьня 3 лютага міністэрствам абароны было даручана распрацаваць умовы пастаўкі комплексаў С-400”.

Ігар Азаронак заявіў, што Беларусь разьлічвае і на пастаўкі з Расеі зьнішчальнікаў новага пакаленьня. “Адной мадэрнізацыяй дзейных самалётаў баяздольнасьць беларускай авіяцыі не падняць”, — прызнае Ігар Азаронак. Ці здольная Беларусь і бяз гэтай тэхнікі самастойна абараніць неба Беларусі ад ворагаў?

“Мы незалежная краіна, і нашы ўзброеныя сілы павінны абараніць незалежнасьць краіны. Што пра нашу здольнасьць? Магу сказаць, што як узброеныя сілы, гэтак і войскі супрацьпаветранай абароны сёньня могуць выконваць свае задачы”.

Незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін мяркуе, што Беларусь адстае ў справе пераходу на новыя сыстэмы і цалкам залежыць у гэтым ад расейскага саюзьніка. Што будзе, калі адносіны з Расеяй пагоршацца?

“Калі гаварыць пра абнаўленьне зброі, то, сапраўды, адзіная магчымасьць — супрацоўніцтва з Расеяй. А калі адносіны з Расеяй пагоршацца? Па-першае, у гэтым не зацікаўленая Расея, бо яна страчвае беларускі шчыт, гэтую буфэрную прастору, над якой можа перахопліваць паветраныя сродкі нападу. Што для Беларусі ў выпадку пагаршэньня адносін з Расеяй... Калі яна зьменіць арыенціры і пойдзе на Захад, магчыма, тады ня будзе і неабходнасьці ў такой моцнай супрацьпаветранай абароне. Прыкладам, як для краін Балтыі, якія абараняе НАТО”.
XS
SM
MD
LG