Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Варонін — пярэварацень, які адмовіўся ад сваіх абяцаньняў»


Госьць "Начной Свабоды" — кіраўнік кішінэўскага бюро малдаўскай службы Радыё Свабода Васіле Батнару.


Эфір 7 красавіка (фрагмэнт гутаркі)


Юрась Бушлякоў: Наколькі ў малдаўскім грамадзтве ўплывовыя тыя сілы, якія арганізавалі мітынг на вуліцах Кішынэву?

Васіле Батнару: Яны ўплывовыя. Паводле афіцыйных вынікаў, у іх 40 мандатаў супраць 60, якія ўзялі камуністы. Але па-за засталіся многія партыі са сваімі прыхільнікамі. Гэты цэнтрысты, сацыял-дэмакраты, хрысьціянскія дэмакраты. І пры такім пратэставым полюсе, праўдападобна, да арганізатараў акцыяў могуць далучыцца тыя, што засталіся за бортам — прыхільнікі тых партыяў, якія не ўвайшлі ў парлямэнт. Такім чынам, паводле апытаньняў, прынамсі добрую палову грамадзтва яны возьмуць за сабой, і ў іх ёсьць пратэставы досьвед. Гэта яны паказвалі падчас выбарчай кампаніі. Такім чынам, я ня ведаю, на што разьлічвае ўрад, але я б на іх месцы не дражніў гусей.

Прынамсі добрую палову грамадзтва яны возьмуць за сабой, і ў іх ёсьць пратэставы досьвед. Гэта яны паказвалі падчас выбарчай кампаніі. Такім чынам, я ня ведаю, на што разьлічвае ўрад, але я б на іх месцы не дражніў гусей
Бушлякоў
: Некалькі пытаньняў для нашых слухачоў, якія дэталёва ня ведаюць, што адбываецца ў Малдове. Які расклад палітычных сілаў, што яны сабой становяць? Васіле, што азначае палітыка камуністаў на чале зь цяперашнім прэзыдэнтам Малдовы Ўладзімерам Вароніным? Наколькі ён перакананы камуніст? Наколькі слушна ўвогуле называць яго камуністам?

Батнару: Яго якраз і папракаюць тым, што ён несапраўдны камуніст. Ён нібыта пярэварацень, які адмовіўся ад сваіх абяцаньняў у 2001 годзе, якія далі яму пераканаўчую перамогу. Гэта было і абяцаньне разгледзець магчымасьць увядзеньня другой дзяржаўнай мовы — расейскай, і магчымасьць уваходу ў саюз Беларусі і Расеі. Потым ён ад гэтых намераў адмовіўся, ён павярнуў рэзка ў бок Эўропы. І нават пасварыўся з Расеяй, у 2005 годзе нават падчас выбарчай кампаніі ён заручыўся падтрымкай Румыніі і Грузіі і ваяваў з Масквой ці паліттэхнолягамі з Расеі.

Цяпер жа ён ізноў павярнуўся больш у бок Расеі. Першы, хто яго павіншаваў зь перамогай, быў прэзыдэнт Мядзьведзеў. І ёсьць засьцярогі, што ён у сувязі з гэтым адмовіцца ад эўраарыентацыі, можа, нават і ў сувязі з крызісам, таму што асаблівыя ўмовы і дапамога з Расеі абяцаныя і гэтак далей. У сувязі з гэтай няшчырасьцю паміж тымі, хто выступае па-сапраўднаму за эўраінтэграцыю, і камуністамі існуе такі водападзел. Да таго ж яны не сапраўдныя камуністы, таму што ў іх лібэральныя мэтады эканомікі, зь якіх паасобныя сябры гэтай нібыта левай партыі атрымліваюць дывідэнды.

Бушлякоў: Наколькі актуальнай застаецца ідэя аб’яднаньня Малдовы з Румыніяй? Ці былі на выбарах сілы, якія выступалі з такімі заклікамі?

Усе разумеюць, што гэта неактуальна і не прыносіць такіх ачкоў, якія можна было б атрымліваць за кошт гэтага і трапляць у парлямэнт. І больш палітычных дывідэндаў прыносіць лёзунг Эўразьвязу, арыентацыі на НАТО і на магчымую адмову ад СНД
Батнару:
Цяпер ужо кволы лёзунг гучыць падчас выбарчых кампаніяў. Паколькі эўраінтэграцыя забясьпечвае аб’яднаньне з Румыніяй у складзе Эўразьвязу і вяртаньне да адзіных каранёў, адзінай мовы, адзінай гісторыі і гэтак далей. Таму асаблівай патрэбы вылучаць гэты лёзунг няма, і ён увогуле лічыцца дастаткова маргінальным у палітычнай супольнасьці. Адна толькі лібэральная партыя яго прытрымліваецца, а хрысьціянскія дэмакраты, якія былі прафэсіяналамі ў галіне уніі з Румыніяй, даўно ад гэтага адмовіліся. Яны ўвайшлі ў плоскасьць палітычнага прагматызму, і ўсе разумеюць, што гэта неактуальна і не прыносіць такіх ачкоў, якія можна было б атрымліваць за кошт гэтага і трапляць у парлямэнт. І больш палітычных дывідэндаў прыносіць лёзунг Эўразьвязу, арыентацыі на НАТО і на магчымую адмову ад СНД.

Вось сёньня зноў у гэтым ёсьць розьніца. Камуністы лічаць, што трэба заставацца ў СНД, быць нэўтральнымі, сябраваць з Расеяй, не мяняць Канстытуцыі і не ўваходзіць у НАТО.
  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG