Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ільнозаводы Віцебшчыны: страты і банкруцтвы


Паводле афіцыйнай статыстыкі, 12 з 18 ільнозаводаў на Віцебшчыне стратныя.


Ільнозаводы Віцебскай вобласьці традыцыйна забясьпечвалі сыравінай колішні гігант лёгкай прамысловасьці — Аршанскі льнокамбінат. Аднак апошнім часам ільновалакно на прадпрыемстве мала запатрабаванае: склады ільнокамбінату і так перапоўненыя нерэалізаванай прадукцыяй.

Попытам у перапрацоўшчыкаў карыстаецца хіба што валакно вышэйшага гатунку, якое мясцовыя льнозаводы пастаўляць ня могуць: паводле адмыслоўцаў, не дазваляюць састарэлае абсталяваньне і неадпаведныя тэхналёгіі вырошчваньня лёну.

Яшчэ ў 2007 годзе аблвыканкам прапанаваў скараціць колькасьць ільнозаводаў, якія не прыносяць прыбыткаў — пакінуць толькі 10 з тых 20, якія былі на той час. Аднак адпаведных захадаў так і не зрабілі, і некалькі прадпрыемстваў паступова сталі ня проста стратнымі — іх мусілі прызнаць банкрутамі. Адно з такіх прадпрыемстваў — Бычыхінскі льнозавод, што месьціцца ў вёсцы Пятрова Гарадоцкага раёну.

Сакратар Бычыхінскага сельсавету Тацяна Ігнацьева распавядае, што прадпрыемства было пабудавана не адзін дзясятак гадоў таму і занепадала паступова:

“Гэтаму заводу я дакладна ня ведаю, колькі год, але ён дужа-дужа стары. І працавалі там ужо амаль адны пэнсіянэры. А зараз увогуле адны пэнсіянэры засталіся. І будынкі там такія ўжо — выгляд ня дужа прывабны”.

На думку спадарыні Ігнацьевай, ужо няма сэнсу нават разьбіраць будынкі на нейкія гаспадарчыя патрэбы. За лепшае прызнана прадаць іх як ёсьць. Бо, па вялікім рахунку, на прадпрыемстве засталіся два галоўныя працаўнікі — антыкрызісны кіраўнік і вартаўнік памяшканьня, якім невядома з чаго плаціць заробкі.

Паводле антыкрызіснага кіраўніка Натальлі Вялітчанкі, пакупнікі на будынкі йльнозаводу нібыта ёсьць. Продаж непатрэбнай маёмасьці мог бы станоўча адбіцца і на жыцьці вёскі Пятрова, дзе цяпер няма нават уласнай крамы — да мясцовых жыхароў-пэнсіянэраў некалькі разоў на тыдзень прыяжджае “аўталаўка”.

Работнікі йльнозавода-банкрута спрабавалі ўладкоўвацца ў іншыя месцы. Па словах старшыні сельсавету Тацяны Ігнацьевай, у кагосьці гэта атрымалася, а ў каго — і не.

“Я ведаю, што інжынэрам працавала Андрэева Сьвятлана. Цяпер яна працуе на такой самай пасадзе на Гарадоцкім ільнокамбінаце. Эканамістам была Страціўная Ларыса Васільеўна, цяпер яна працуе эканамістам у гаспадарцы імя Сьвярдлова. Неяк усе паразбрыліся. Бо йльнозавод наш аднаўленьню не падлягае, не! І пра адраджэньне вёскі Пятрова гаворкі няма”.

Ратаваць ільнозаводы ад банкруцтва кіраўніцтва вобласьці вырашыла, пераарыентоўваючы іх на новы від прадукцыі: мяркуецца, што на Дубровенскім, Мёрскім, Пастаўскім і Верхнядзьвінскім заводах будуць выпускаць альтэрнатыўнае паліва — брыкеты з ільнокастры. Але для гэтага трэба мадэрнізаваць вытворчасьць і выдаткаваць на абсталяваньне больш як паўтара мільярда рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG