Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ул.Някляеў: Яны аддалі свой лёс сябрам...


Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Уладзімер Някляеў.



– У Менску 7 красавіка прайшлі дзьве вечарыны памяці: палітыка Генадзя Карпенкі і кампазытара Ўладзімера Будніка.

Абодва былі маімі сябрамі.

З Буднікам мы сябравалі, бо разам пісалі песьні. З Карпенкам мы спрабавалі разам напісаць жыцьцё.

Уладзімер Някляеў. Ён нарадзіўся на Гарадзеншчыне, дзяцінства правёў у Крэве – знакавым месцы беларускай гісторыі.

Аўтар шэрагу кнігаў паэзіі і прозы, ляўрэат прэстыжных прэмій. У розныя часы працаваў сувязістам на Поўначы, у Сыбіры, на Далёкім Усходзе, радыёмэханікам у менскім тэлевізійным атэлье. Добра знаёмы з журналістыкай: друкаваўся ў "Знамени юности", рэдагаваў бюлетэнь "Тэатральны Мінск", быў старшым рэдактарам галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачаньня, узначальваў часопіс "Крыніца" і штотыднёвік "Літаратура і мастацтва". З 1998 па 2001 – старшыня Саюзу пісьменьнікаў.

Шэраг гадоў правёў у вымушанай эміграцыі ў Польшчы і Фінляндыі, цяпер зноў жыве ў Менску.


Песні нібыта атрымаліся… Што ж да жыцьця…

Генадзь Карпенка меў публічную прыцягальнасьць, ці, як зараз кажуць, харызму дастатковую для таго, каб стаць не толькі лідэрам апазыцыі, але і лідэрам нацыі. Ён быў найпершым сапернікам для ўсіх, хто займаўся палітыкай, змагаўся за ўплыў у парлямэнце, за ўладу. Менавіта праз гэта з ім па-здраніцку абышліся ягоныя “сябры”-дэпутаты, якія спачатку паставілі, а пасьля адазвалі свае подпісы пад вылучэньнем Карпенкі кандыдатам у прэзыдэнты. Праз гэта ў рэшце рэшт яго і не стала…

Я не сьцьвярджаю, што ён стаў бы прэзыдэнтам. Але ён мог ім стаць.

З шэрагу іншых палітыкаў Генадзь Карпенка вылучаўся тым, што прыярытэтам для яго была нацыянальная культура. Ён не быў нацыяналістам, не, але ён разумеў, што з культуры вынікае ўсё астатняе, што менавіта яна, культура, ёсьць перадумова таго, якімі будуць палітыкі, якой будзе палітыка, а ўрэшце — народ і краіна.

Мала хто ведае, што, апроч арганізаванага ім Фэстывалю нацыянальнай музыкі і паэзіі, Карпенка меў плян паэтапнай беларусізацыі горада сонца, як ён называў Маладзечна, дзе быў мэрам, і ўсёй — для пачатку — маладзечыншчыны.

І не ягоная віна, што нацыянальны Фэстываль, некалі любімы ягоны сын, стаў сёньня нелюбімым пасынкам. Як няма ягонай віны і ў тым, што ад плянаў беларусізацыі засталася толькі шыльда “Кавярня”, якую замест зьнятай шыльды “Кафе” ён уласнаручна павесіў на вуліцы Савецкай, якая пра ім стала вуліцай Віленскай… Дый шыльда тая цяпер, не ведаю, ці вісіць, ці не зьнесла яе ветрам перамен…

На гэтым ветры раптам іначай засьпявалі нават тыя, хто меў гонар быць ляўрэатам нацыянальнага фэстывалю. І ня сорамна… Для іх, мусібыць, жыцьцё пражыць — тое самае, што й да ветру схадзіць … Абы цёпла, абы не дзьмула.

На другім Фэстывалі нацыянальнай музыкі і паэзіі мэр гарода Маладзечна Генадзь Карпенка падарыў кампазытару Уладзіміру Будніку матацыклет, пра які марыў Валодзя з дзяцінства. Падарыў за тое, што кампазытар Уладзімір Буднік, адзін з найталенавітых вернікаў нацыянальнай культуры, напісаў высокую, нябесную песьню пра яе геніяльнага верніка: Янку Купалу.

Аднойчы мы ўтрох, Карпенка, Буднік і я, прыйшлі да паэта Анатоля Сыса, каб павіншаваць яго з днём народзінаў. Прычым, вядомы палітык, мэр, дэпутат парлямэнта ведаў, да каго прыйшоў з віншаваньнямі — і дараваў Сысу нават ягонае нахабнаватае панібрацтва: “Давай, Генадзь, на падлогу сядзь…”

Стол у імяніньніка быў зламаны на ўсе чатыры нагі — і мы селі на падлозе: яны насупраць мяне… Палітык, кампазытар, паэт — усе трое сапраўдныя, абраныя Богам… Хіба я мог падумаць тады, што ўсіх іх Бог у мяне забярэ?

Калі іх не стала, аднойчы мне здалося, што лёсы гэтых зусім непадобных паміж сабой людзей у нечым, у найістотным, усё ж падобныя, нават блізкія, што ў рэшце рэшт — гэта адзін лёс. І я, перагукнуўшыся з назвай пасьмяротнай кнігі Анатоля Сыса, напісаў верш “Лён”, тым самым прысьвяціўшы яго нібыта аднаму Сысу, але ён — пра іх усіх…

ЛЁН

Дом мой дом на чатыры вакны
Лён мой лён на чатыры вятры
Рваў я рваў лён з чатырох старон
Выбіраў лёс з чатырох вакон

Лён мой лён вырваны вырваны
Лёс мой лёс выбраны выбраны
Праў я лён з нітамі зрэбнымі
Браў я лёс біты цярэблены

Я аддам лён мой вятрам вятрам
А сябрам лёс мой аддам аддам
Нешта ў ім я не дарабіў
Калі рваў біў ды церабіў

На сяброў я не пажалюся
У вятроў толькі спытаюся
Што ж я што ж не дарабіў забыў
Ды каго ж не далюбіў згубіў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG