Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менскім міжнародным цэнтры ІВВ адбылася вечарына-рэквіем памяці Генадзя Карпенкі. Вядомы палітык і грамадзкі дзеяч раптоўна памёр 6 красавіка 1999-га ў 49 гадоў пры так да канца і ня высьветленых абставінах. А праз 10 гадоў ягоныя сябры, аднадумцы, калегі згадвалі якасьці, якія рабілі Генадзя Дзьмітрыевіча такім прыцягальным для тых, хто быў побач.

У залі, дзе на адной са сьцен на фоне бел-чырвона-белага сьцяга вісеў партрэт Генадзя Карпенкі, не было выпадковых людзей. Але ў кожнага гэты чалавек асацыяваўся ў прывязцы да канкрэтнага эпізоду жыцьця ці гістарычнага адрэзка. Экс-сьпікер парлямэнту Мечыслаў Грыб згадваў Генадзя Карпенку ў зьвязку з сумеснай працай у Вярхоўным Савеце. Драматург Аляксей Дудараў успамінаў пра свае кантакты з Карпенкам на тэатральным фэстывалі “Сакавіца” у тым самым Маладэчне. Паэт Уладзімер Някляеў — пра кантакты на такім жа знакавым фэстывалі песьні і паэзіі. Прадстаўнікі мэрыі нямецкага Эсьлінгену згадвалі часы гораданачальніцтва Карпенкі ў Маладэчне, бо гэтыя два гарады — пабрацімы.


Дарэчы, празь некалькі гадоў пасьля сьмерці Карпенкі ў Эсьлінген ад’ехала ягоная жонка Людміла, а таксама дзеці — Тацяна і Дзьмітры. Спадарыня Людміла ўдзячная немцам, якія дагэтуль захоўваюць самыя сьветлыя ўспаміны пра чалавека, які адкрыў для іх Беларусь і беларусаў. Для тых, хто сёньня сабраўся на вечарыну памяці, Людміла Карпенка даслала адмысловы відэазварот:

“Дарагія суайчыньнікі, сябры. Сумна і крыўдна, што я сёньня не магу знаходзіцца ў гэтай залі разам з вамі. Вось ужо больш за сем гадоў я не магу наведаць магілу, дзе ляжыць мой муж. Так, у мяне ёсьць ягоная магілка, але ад гэтага мне не лягчэй. Бо я асэнсоўваю, што ён мог яшчэ жыць і жыць і зрабіць шмат добрага ня толькі для мяне і нашых дзяцей, але й для ўсёй нашай краіны. І горыч страты да мяне прыйшла адразу і спаўна. Бяз кропелькі спадзеву. Я ў думках часта зьвяртаюся да партрэта майго мужа, гавару зь ім. І калі ёсьць іншы сьвет, то ён чуе мяне. А калі не, то значыць, мы больш ніколі не сустрэнемся”.

У часе вечарыны адбыліся адразу дзьве творчыя прэзэнтацыі. Рэжысэр-кінадакумэнталіст Леанід Міндлін прымеркаваў да гадавіны сьмерці Генадзя Карпенкі фільм-дасьледаваньне “Дзень Ч”. Тут спроба аднавіць, бадай, самы загадкавы момант біяграфіі палітыка — што насамрэч папярэднічала заўчаснай сьмерці? Гэтаксама ўпершыню публіцы была прэзэнтаваная кніга калектыву аўтараў у складзе Сьвятланы Калінкінай, Аляксандра Коктыша і Аляксандра Тамковіча “Хроніка марных спадзяваньняў”. Героямі — людзі, якія ведалі Генадзя Карпенку па самых розных сфэрах ягонай дзейнасьці — ад дырэктара заводу і навукоўца да віцэ-сьпікера парлямэнту і лідэра ценевага ўраду.

Сьвятлана Калінкіна
Сьвятлана Калінкіна: “Я думаю, што будзе напісана яшчэ вельмі і вельмі шмат кніг пра гэтага чалавека і наўрад ці хоць якому калектыву аўтараў удасца намаляваць ягоны поўны партрэт. Бо для кожнага з суразмоўцаў, зь якімі сустракаліся мы, Генадзь Карпенка быў і розны, і аднолькавы. Аднак усе ягоныя сябры, усе, хто яго ведаў — ад рабочага заводу, дырэктарам якога ён быў, да акадэмікаў, якія і па сёньня працуюць у Акадэміі навук — усе адказалі толькі адно: калі беларуская зямля нараджае такіх сыноў, то беларуская зямля будзе вечна”.

Уладзімер Някляеў падкрэсьлівае: людзей прываблівалі ня толькі прафэсійныя якасьці Карпенкі як палітыка, але й ягоны адкрыты характар. Таму і пачаў ён з некалькіх вясёлых эпізодаў:

Выступае Ніл Гілевіч

Сярод гледачоў — Валянціна Быкава
Аляксандар Мілінкевіч і Павал Севярынец
“Я разумею сур’ёзнасьць дня і моманту. Але надта мы сур’ёзныя сёньня — а ў яго ж усьмешка не сыходзіла з твару. Відаць, пра гэта таксама варта ўспомніць. У мяне, праўда, твар таксама ня самы ўсьмешлівы, і ён мяне калі сустракаў, дык казаў: “Ну што ты, Валодзя, зноў кіслага зьеў. На табе цукерачку…” Мы ўвогуле сышліся блізка ў часе падрыхтоўкі нацыянальных фэстываляў культуры, а пасьля ён ужо актыўна пачаў мяне прыцягваць у палітыку, у прыватнасьці ў партыю “Згода”. Неяк аднойчы прыходжу, а я ўжо, аказваецца, намесьнік старшыні партыі! Безь мяне абсалютна ўсё вырашылі. Сядзяць “згадзісты”, я абураюся, а ён ў адказ: “А ты што, адразу старшынём хацеў стаць?”

Адным з арганізатараў сёньняшняй вечарыны памяці Генадзя Карпенкі — ягоны блізкі сябра і паплечнік Валер Костка. Дзякуючы шмат у чым ягоным высілкам дзейныя палітыкі, дзеячы культуры, мастацтва зноў згадалі пра выдатнага чалавека, які пры адпаведнай кансалідацыі зацікаўленых сілаў у сярэдзіне 1990-х мог зьмяніць будучыню цэлай краіны, пачаўшы будаваць цывілізаванае грамадзтва. І пры гэтым — застацца чалавекам:

“Мы павінны культываваць, павінны несьці гэтае дабро ў масы — тое, што рабіў Генадзь Дзьмітрыевіч. Я ганаруся і ўпэўнены, што кожны, хто знаходзіцца ў гэтай залі, можа сказаць: я ганаруся тым, што ведаў, сябраваў працаваў з Генадзем Карпенкам. Таму сьветлая памяць Генадзю Дзьмітрыевічу, а вам, шаноўнае спадарства, шчырая падзяка і нізкі паклон за гэтую памяць. Жыве Беларусь!”

На вечарыне было шмат музыкі, гучэлі творы, якія любіў Генадзь Карпенка — ад цымбальнай вэрсіі “Разьвітаньня з Радзімай” Агінскага да народных сьпеваў. Адну з кампазыцый прысьвяціў Карпенку бард Алесь Камоцкі.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG