Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто дапаможа нам


Сёлета галоўная тэма Ўсясьветнага дня здароўя, які адзначаецца 7 красавіка, — бясьпека мэдычных установаў і гатоўнасьць мэдыкаў дапамагаць людзям, якія пацярпелі ў надзвычайных сытуацыях.

Якія службы задзейнічаюцца ў надзвычайных сытуацыях у Беларусі і як яны працуюць?

Стыхійныя няшчасьці — цунамі, тарнада, вывяржэньні вулканаў, землятрусы, лявіны, селі — усё гэта здараецца ў асноўным з прычын, якія ад чалавека не залежаць. Ад пагібелі Пампэі да нядаўняга землятрусу ў італьянскім горадзе Ль’Акуіля, дзе загінула амаль 200 чалавек.

Але шмат катастрофаў адбываецца пры непасрэдным умяшаньні чалавека ў прыроду, ад неасьцярожнасьці, нядбайства, невыкананьня элемэнтарных правілаў бясьпекі — з-за чалавечага фактару. Гэта абвалы будынкаў, дарожна-транспартныя здарэньні, пажары, выбухі. І першымі на дапамогу людзям прыходзяць ратавальнікі і мэдыкі.

Сур’ёзных стыхійных няшчасьцяў, акрамя паводкі і ўрагану, у найноўшай гісторыі Беларусі не было. А вось надзвычайныя здарэньні, кшталту пажараў, ДТЗ, здараюцца штодня. Былі і сур’ёзныя катастрофы, якія прывялі да масавай гібелі людзей, кажа начальнік упраўленьня арганізацыі мэдычнай дапамогі пры надзвычайных сытуацыях Міністэрства аховы здароўя Алег Панчук:

“Выбух на заводзе футаралаў 10 сакавіка 1972 году — загінула 100 чалавек, атрымалі траўмы 150. Падзеньне самалёта ў 1985 годзе каля вёскі Пікалін Смалявіцкага раёну — загінулі 57 чалавек, пацярпелі 22. Падзеі на станцыі мэтро „Няміга“ 30 траўня 1999 году — загінулі 53 чалавекі і атрымалі траўмы 253. Ну, і апошні выбух 4 ліпеня, дзе пацярпелі 57 чалавек”.

І хоць летась і ратавальнікі, і мэдыкі спрацавалі пасьля выбуху надзвычай апэратыўна і прафэсійна — усім пацярпелым вельмі хутка дапамаглі, ахвяраў не было, — у працу хуткай дапамогі, іншых мэдычных установаў, якія аказваюць экстраную дапамогу, унесеныя зьмены. На думку Мікалая Тукалы, загадчыка сэктару Камітэту па ахове здароўя Менгарвыканкаму, мэханізм павінен працаваць бездакорна:

“На кожным працоўным месцы (а першае зьвяно, якое будзе задзейнічанае, — гэта брыгады хуткай мэдычнай дапамогі) адпрацаваны дакладны альгарытм дзеяньняў кожнага супрацоўніка. Каб не задумвацца, што рабіць — інфармацыя пайшла па ланцужку, і кожная ўстанова рыхтуецца да магчымага прыёму вялікай колькасьці пацярпелых. У мэдустановах адпрацаваны свой мэханізм, калі трэба — выклікаюць дадаткова адмыслоўцаў, раскансэрвуюць аптэчныя склады, падключаюцца аддзяленьні цэнтру экстранай мэддапамогі”.

На дапамогу людзям першымі прыходзяць ратавальнікі. Прэсавы сакратар Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Віталь Навіцкі кажа:

“Яны абавязаныя валодаць уменьнем даваць першую мэдычную дапамогу. Па-другое, у нас ёсьць нешматлікая ўласная мэдычная служба ў буйных гарадах. Да прыкладу, пацярпелы можа знаходзіцца ў ачагу полымя, у небясьпецы, і звычайны ўрач хуткай дапамогі туды ня пойдзе дапамагаць. Звычайна нашы адмыслоўцы даюць першую дапамогу, потым выносяць чалавека і перадаюць яго мэдыкам”.

Пры надзвычайных здарэньнях вельмі вялікую ролю адыгрывае час — наколькі хутка прыбудзе дапамога. Віталь Навіцкі распавёў:

Паступае сыгнал — праз 45 сэкунд выяжджае падразьдзяленьне.
“Ёсьць сярэдні час прыбыцьця ратавальнікаў — у горадзе гэта 5 хвілін, у сельскай мясцовасьці — 15 хвілін. На асабліва небясьпечных аб’ектах — да 2 хвілін. Імгненнае рэагаваньне: паступае сыгнал — праз 45 сэкунд выяжджае падразьдзяленьне”.

Калі здарэньне, катастрофа адбываецца ўдалечыні ад вялікіх гарадоў, Міністэрства надзвычайных сытуацыяў можа вельмі апэратыўна разгарнуць мабільны шпіталь, запэўнівае Віталь Навіцкі:

“Ёсьць на ўзбраеньні ў нашым РОСНА такі мабільны рэанімацыйны комплекс. Гэта такі кантэйнэр, які можна паставіць у чыстым полі, генэратар падключыць, і там будзе аўтаномнае і сьвятло, і тэмпэратурны рэжым, і водазабесьпячэньне. Можна зьбіраць да 6 кантэйнэраў, кожны плошчай па 24 квадратныя мэтры. Зразумела, што апэрацыі ўжо ня нашы спэцыялісты будуць рабіць, а мэдыкі”.

І ўсё ж такі часам здараецца так, што несвоечасова прыбывае дапамога. У жніўні мінулага году згарэла 7 дамоў у вёсцы Тумарын Веткаўскага раёну. На пажар пры моцным ветры прыехала толькі адна пажарная машына зь Веткі — астатняя тэхніка, так бы мовіць, ахоўвала ўраджай… Ёсьць праблемы з аказаньнем экстранай дапамогай і на дарожна-транспартных здарэньнях, прызнае начальнік упраўленьня Міністэрства аховы здароўя Алег Панчук:

На пажар пры моцным ветры прыехала толькі адна пажарная машына — астатняя тэхніка ахоўвала ўраджай…
“Вы ж разумееце, што хуткую дапамогу на кожную дарогу не паставіш. Першымі прыбываюць супрацоўнікі ДАІ, і калі няма ў іх рыштунку, навыкаў, каб падаваць першую мэддапамогу — пацярпелы будзе пакутаваць. Таму, калі яны будуць дапамагаць, гэта выратуе жыцьцё”.

Усе выратавальнікі, супрацоўнікі ДАІ пэрыядычна абавязаныя праходзіць мэдычную перападрыхтоўку. Для гэтага створаныя адмысловыя цэнтры, кажа асыстэнт катэдры хуткай мэдычнай дапамогі і мэдыцыны катастрофаў Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі Яўген Курыленка:

“Створаныя два цэнтры ў краіне — першы на базе БелМАПА, другі цэнтар на базе Віцебскага мэдунівэрсытэту. Каля 300 чалавек прайшлі навучаньне на базе гэтых цэнтраў”.

Ёсьць пэўны пералік сытуацый, на якія дыспэтчары службы 101 аўтаматычна высылаюць, акрамя ратавальнікаў, хуткую дапамогу, ДАІ, службу газу, іншыя аварыйныя камунальныя службы. І паміж імі павінна быць дакладнае ўзаемадзеяньне і ўзаемаразуменьне. Гэтымі днямі ў Гомельскай вобласьці праходзяць комплексныя вучэньні, на якіх адпрацоўваюцца дзеяньні пры надзвычайных сытуацыях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG