Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі судзяць вяскоўцаў за самасуд


Адкрытае судовае паседжаньне калегіі па крымінальных справах Гомельскага абласнога суду.

Адкрытае судовае паседжаньне калегіі па крымінальных справах Гомельскага абласнога суду.

Сёньня ў Гомельскім абласным судзе распачата слуханьне гучнай крымінальнай справы па факце забойства аднавяскоўцамі жыхара вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёну Мікалая Макарэвіча.

Яго падазравалі ў падпалах пабудоў аднавяскоўцаў.

СЛУХАЦЬ:


У суд трое абвінавачаных мужчын і 21-гадовая жанчына зьявіліся самастойна. Пасьля ўмяшаньня кіраўніка дзяржавы абвінавачаных тэрмінова выпусьцілі з-пад варты пад хатні арышт.

З журналістамі ніхто зь іх размаўляць не пажадаў. Адказвалі ўсе аднолькава: “У адваката пытайцеся”. “Ідзіце да адваката”. “Усе пытаньні да адваката”.

Па выніках дасьледаваньня пракуратура Гомельскай вобласьці дала розную кваліфікацыю дзеяньням удзельнікаў самасуду. Сяргей Аліферовіч і Ігар Макарэвіч абвінавачаныя ў групавым забойстве, Аляксандар Петручэня й Тацяна Юхневіч — у спрыяньні забойству. Усе яны — сваякі.

Справа налева — Сяргей Аліферовіч, Тацяна Юхневіч, Ігар Макарэвіч, Аляксандар Петручэня.
Першыя двое сваю віну прызналі цалкам, двое апошніх — вінаватымі сябе ня лічаць.

Паводле высноваў пракуратуры, у дзень забойства, пасьля таго як Мікалая Макарэвіча выпусьці зь міліцыі нібыта з-за адсутнасьці доказаў наконт апошняга падпалу, Тацяна Юхневіч й Аляксандар Петручэня сачылі за ім на аўтамашыне. Жанчына зьвязвалася праз мабільны тэлефон і папярэджвала Сяргея Аліферовіча й Ігара Макарэвіча, дзе знаходзіцца “аб’ект”.

На аўтамашыне Петручэні ўсе чацьвёра дагналі Мікалая Макарэвіча, калі той кіраваўся зь вёскі Марохарава зусім ня ў Пухавічы, а ў вёску Бялёў. На дарозе й учынілі самасуд.

Як гэта было, апавядае ў судзе абвінавачаны Сяргей Аліферовіч:

“Калі мы дагналі яго (Мікалая Макарэвіча), Ігар выйшаў з машыны й стаў зь ім размаўляць. Макарэвіч палез за пазуху — у куртцы быў. Можа, ён хацеў нож ці вышрубку якую з кішэні дастаць. Я спалохаўся за Ігара і нанёс Макарэвічу абухам першы ўдар”.

Аліферовіч прызнаўся, што ўдарыў і яшчэ адзін раз. А калі аднавясковец ужо ляжаў, яго ўдарыў абухам і Ігар Макарэвіч.

Пацярпелая Тацяна Ціхіня, родная сястра забітага Мікалая Макарэвіча.
Багажнік аўтамашыны адчыніў Петручэня, каб адвезьці забітага далей ад дарогі. Яго завезьлі ў хмызьняк, які вырас на месцы перасохлага вадасховішча. І зьехалі.

Праз колькі часу ўсе чацьвёра на аўтамашыне вярнуліся на месца забойства. Ігар Макарэвіч абліў нябожчыка і падпаліў. У агонь кінулі й цэляфанавую плёнку, на якой забіты ляжаў у багажніку.

На судзе абвінавачаныя трымаюцца вэрсіі, што змовы не было, што яны хацелі толькі пагаварыць зь Мікалаем Макарэвічам. Шмат якія паказаньні, дадзеныя на сьледзтве, яны цяпер адмаўляюць альбо тлумачаць інакш.

Сяргей Аліферовіч, у прыватнасьці, сьцьвярджаў, што сякерку ў рукаве й плёнку пад вопраткай нёс дадому. Другая сякера таксама ляжала выпадкова ў машыне Петручэні, бо ён — сталяр.

На заўтра ў суд выкліканы сьведкі — іх больш за трыццаць.
XS
SM
MD
LG