Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Што адбывалася сёньня днём на вуліцах Кішінэву? Пра гэта мы гаварылі з карэспандэнтам малдоўскай службы нашага радыё Васіле Батнару, які знаходзіўся ў эпіцэнтры падзеяў.


СЛУХАЦЬ:


Дракахруст
: Васіле, што адбываецца ў Кішынэве?

Батнару: Ідзе фактычна аблога парлямэнту, перакуленыя машыны, на якіх сюды прыехалі паліцыянты, іх падпалілі...

Дракахруст: А як дзейнічае паліцыя?

Батнару: Паліцыя адступіла ў будынак парлямэнту, яны не прадпрымаюць ніякіх захадаў у адказ, яны абралі тактыку абароны і прыкрыліся шчытамі каля ўваходу - утварылі “чарапаху”, іх закідваюць каменьнем... Вось адбываецца нейкая спроба замірэньня, паліцыянты выйшлі да ўдзельнікаў пратэсту. Але атмасфэра тут распаленая, бо няма ніякага кіраўніцтва, адбываецца стыхійны пратэст. Спробу ўзяць сытуацыю пад кантроль зрабілі “камбатанты” - былыя ўдзельнікі Прыднястроўскай вайны, да іх ёсьць пэўны давер, яны ў якасьці парлямэнцёраў удзельнічалі ў сустрэчы з кіраўніцтвам парлямэнту. Дык вось, яны неяк спрабавалі суцішыць сытуацыю, але пакуль што нічога з гэтага ня выйшла.

Дракахруст: А ці ёсьць нейкія паведамленьні аб ахвярах?

Батнару: Кажуць, што ёсьць параненыя, ёсьць людзі, якія пацярпелі з абодвух бакоў - у выніку ўдараў, нанесеных камянямі падчас сутычак каля прэзыдэнтуіры й парлямэнту - гэта звычайная статыстыка такіх сутычак. Былі чуткі і аб забітых, але дагэтуль яны не пацьвердзіліся.

Дракахруст: А колькі прыблізна чалавек удзельнічаюць у гэтай акцыі, якую вы назіраеце?

Батнару: Ну тут, напэўна, некалькі тысячаў, яны разьмясьціліся па пэрымэтры парлямэнту, іх цяжка падлічыць. Яны абружылі парлямэнт з усіх бакоў, вось тут гараць два падпаленыя і перакуленыя грузавікі, з вокнаў першага і другога паверхаў парлямэнту валіць дым, з будынку вынесеныя нейкія рэчы, разьбітыя ўваходныя дзьверы парлямэнту, прэзыдэнтуры.

Дракахруст: Ці апазыцыйныя палітычныя партыі выступаюць арганізатарамі гэтых акцыяў?

Батнару: Палітычныя партыі спрабуюць склікаць свой мітынг каб “дэсалідарызавацца” з пратэстамі, бо ім ужо пагражаюць крымінальнай адказнасьцю, яны хочуць паказаць, што нямаюць дачыненьня да гэтых стыхійных пратэстаў.

Дракахруст: А хто іх арганізуе? Што гэта за людзі?

Батнару: Арганізатарамі напачатку выступілі нейкія няўрадавыя арганізацыі, якія зьбіраліся мірна пратэставаць, але яны, мабыць, не маглі прадбачыць, як гэта ўсё павернецца. Напэўна, не абыйшлося і без правакацыяў, бо ўдзельнікі пратэстаў нават выяўлялі нейкіх людзей, якія іх падбухторвалі і падносілі камяні, каб яны разьбівалі вокны. І вось, як звычайна бывае, людзі слова за слова, справа за справу...

Дракахруст: А якія лёзунгі ў пратэстоўцаў?

Батнару: Ну, як звычайна, шмат абурэньня тым, што дэпутаты парлямэнту “растлусьцелі” і ня чуюць народ – вось такога ўзроўню пратэст. Гэта перад урадам, там, дзе праводзяць свой мітынг палітычныя партыі – там больш-менш спрабуюць нармалізаваць усё ў нейкім рэчышчы і патрабаваць прынамсі перападліку галасоў, калі не правядзеньня новых выбараў.

Дракахруст: Васіле, на ваш погляд, гэта падобна на ўкраінскі “Майдан” 2004 году?

Батнару: Не, бо там усё было пад кіраўніцтвам партыяў, было адчуваньне, што ў гэтым удзельнічаюць прыхільнікі палітычных партыяў. А тут – пакуль што проста нястрыманы гнеў, які выліваецца ў даволі гвалтоўных формах. Паглядзім, як усё будзе разгортвацца, але ў мяне такое ўражаньне, што паліцыя да ночы пачне ўжываць захады – вядомая тактыка, пад покрывам ночы гэта ўсё лягчэй утаймаваць.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG