Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаць бізнэс проста. Скончыць – куды больш складана


Ад пачатку лютага ў Беларусі дзейнічае заяўны прынцып рэгістрацыі юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў. У адказных ведамствах заяўляюць, што новая форма спрыяе эканамічнай лібэралізацыі — заняцца ўласнай справай можа практычна кожны ахвотны.


СЛУХАЦЬ:


Сёньня прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі падсумоўвалі вынікі двух месяцаў дзеяньня заяўнага прынцыпу рэгістрацыі суб’ектаў гаспадараньня. Нагадаю: у адпаведнасьці з прэзыдэнцкім дэкрэтам, новыя правілы пазбавілі патэнцыйнага прадпрымальніка неабходнасьці абыходзіць процьму дзяржаўных структураў, каб сабраць дазвольныя даведкі і дакумэнты. На перакананьне намесьніка міністра юстыцыі Ігара Тушынскага, цяперашнія нормы ствараюць максымальна спрошчаныя ўмовы, каб увайсьці ў бізнэс:

“Гэта максымальнае спрашчэньне працы дзяржаўных органаў. Дзеля пастаноўкі на ўлік суб’екта ўжо ня трэба хадзіць у падатковую інспэкцыю, ня трэба ісьці ў Фонд сацыяльнай абароны для пастаноўкі на ўлік, у “Белдзяржстрах”. Усё гэта зробіць орган рэгістрацыі. Чалавек проста прыходзіць, заяўляецца і на наступны дзень атрымлівае пасьведчаньне аб рэгістрацыі. Усе астатнія дакумэнты, неабходныя для таго, каб дзяржава яго ўспрыняла і ўбачыла як суб’екта гаспадараньня (у прыватнасьці, падатковая інспэкцыя) — гэта ўсё будуць рабіць дзяржаўныя ўстановы”.

Начальнік упраўленьня адзінага дзяржрэгістру юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў Мін’юсту Галіна Падразёнак дадае, што ад пачатку рэгістрацыі паводле новых правілаў актыўнасьць дзелавых людзей падвысілася істотна. І падае зьвесткі на 1 красавіка 2009 году:
пасьля ўступленьня 2 лютага ў сілу дэкрэта, рэгістрацыя павялічылася ў два разы....

“У рэгістры акумуляваная інфармацыя па 236 541 юрыдычнай асобе, зь якіх 148 085 — дзейныя. То бок кампанія, можа, і ня дзейнічае, але з рэгістру ня выключаная, бо знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі. А таксама інфармацыя пра 650 757 індывідуальных прадпрымальнікаў, зь якіх 291 966 — дзейныя. Сапраўды, у першы месяц рэгістрацыі, пасьля ўступленьня 2 лютага ў сілу дэкрэта, рэгістрацыя павялічылася ў два разы. Яшчэ ў студзені людзі ведалі, што дакумэнт спросьціць працэдуру рэгістрацыі. Таму што, прайшоўшы пэўныя этапы — з 11-га дэкрэту 1999 году да сёлетняга, ад часу, калі была абмежавальная сыстэма, — раптам такі прагрэс: людзі рэальна ўбачылі: прыходзіш, сядаеш за стол у органе рэгістрацыі і фактычна ўстаеш зарэгістраваным суб’ектам гаспадараньня. І ўсё!”

Адным са станоўчых момантаў распрацоўнікі заяўнага прынцыпу рэгістрацыі называюць роўныя ўмовы для беларускіх і замежных асобаў і суб’ектаў гаспадараньня. Аднак экс-міністар зьнешніх эканамічных сувязяў Міхаіл Марыніч ня думае, што пры зьнешняй лібэралізацыі патэнцыйныя інвэстары пацягнуцца ў Беларусь касякамі:

Міхал Марыніч
“Ні за што і ніколі. Замежнікі навучаныя сумным досьведам, калі адбываўся самы звычайны падман інвэстараў. То “Балтыка” зьявіцца, то яе выкінуць. То “Форд” зьявіцца, то яго зьнішчаюць. І такіх прыкладаў — маса. Колькі разоў кідалі гэтых інвэстараў — дык на што можна цяпер спадзявацца? Таму сёньня толькі празрыстае заканадаўства, а не пастановы, указы, дэкрэты, павінна рэгуляваць эканоміку. Павінна быць нармальная нарматыўная база, якая робіць бізнэс прадказальным. І прафэсіяналам гэта ўсё відавочна! Толькі пры такім раскладзе ўсё будзе ісьці на карысьць эканоміцы”.

Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Віктар Гарбачоў лічыць, што размовы пра лібэралізацыю ва ўладных структурах пачаліся ад безвыходнасьці — крызіс вымушае шукаць розныя шляхі, каб прыцягваць сродкі. Але ранейшую лінію на “нэўтралізацыю” прадпрымальніцтва, як мяркуе спадар Гарбачоў, ніхто не адмяняў:

Віктар Гарбачоў
“Я думаю, цягам году будуць заплянаваныя іншыя ўказы, дэкрэты і пастановы, якія адназначна будуць ускладняць умовы дзейнасьці прадпрымальнікаў. Таму што яшчэ раней улада пайшла ў наступ і адступаць у прынцыпе не зьбіраецца. Яна ўзяла толькі перадышку дзеля таго, каб агледзецца, апомніцца, прааналізаваць сытуацыю ў сувязі з гэтым сусьветным крызісам. Яго ніхто не чакаў, і таму зараз крыху будзе перагледжана стаўленьне да прадпрымальнікаў. Але ўсё роўна канчаткова стаіць задача — на здушэньне”.

Адрозна ад працэдуры рэгістрацыі, якая зазнала відавочныя зьмены, мэханізм выхаду зь бізнэсу органы кантролю спрашчаць не зьбіраюцца. На перакананьне намесьніка міністра юстыцыі Ігара Тушынскага, за час нават непрацяглага існаваньня любое прадпрыемства абрастае фінансавымі абавязаньнямі перад трэцімі асобамі. У выпадку такой жа лёгкай ліквідацыі, як і пры рэгістрацыі, прэтэнзіі да зьніклага суб’екта гаспадараньня ніхто прад’явіць папросту не пасьпее. Справу юрыдычнай ці фізычнай асобы закрыюць толькі пасьля канчатковага вэрдыкту — ніхто нікому ня вінен.

Цяпер, як паведаміла прадстаўніца Мін’юсту Галіна Падразёнак, суды і сілавыя структуры штодзень робяць каля сотні запытаў да Адзінага дзяржрэгістру пра фірмы і прадпрымальнікаў, якія маюць праблемы з законам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG