Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адстаўка міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава, магчымае запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі на самі у Прагу, вандалізм у Курапатах, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


СЛУХАЦЬ:


Аляксандар Лукашэнка адправіў у адстаўку міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава, якога падазраюць у датычнасьці да палітычных зьнікненьняў у Беларусі і які ўключаны ў сьпіс неўязных у краіны Эўразьвязу і ЗША. Паводле афіцыйнай вэрсіі, падставай для адстаўкі стаўся стан здароўя высокапастаўленага чыноўніка. З гэтай нагоды СМС-допіс слухача “Свабоды” Юрыя Кутузава са Смаргоні: “Уладзімер Навумаў казаў, што ня ляжа спаць, пакуль не раскрые справу аб выбуху. Вось бяз сну і падарваў здароўе”. У працяг тэмы — тэлефанаваньні слухачоў:

“Па Навумаву нічога ня трэба прыдумляць. Ён быў верны слуга Аляксандру Рыгоравічу, быў ахоўнікам у свой час. Але зьмянілася кан’юнктура – гэта трэба ведаць Аляксандра Рыгоравіча. Ён пабачыў, што міліцыя неадэкватна вяла сябе і вось зрабіў вельмі проста – адправіў у адстаўку. Нічым не пакрыўдзіўшы, каб схаваць усе недарэчнасьці, якія, нібыта, рабіла толькі міліцыя. Хоць насамрэч усё рабілася толькі пад ягоным кіраўніцтвам. Але вельмі зручная форма – няхай думаюць што хочуць. Гэта толькі Аляксандр Рыгоравіч можа прыдумаць такое, больш ніхто”.

Спадар: “Сёньня беларускае радыё паведаміла, што падаў у адстаўку міністар унутраных спраў Навумаў. Прычына — пагаршэньне стану здароўя. А што на самой справе здарылася?”

На пытаньне адказвае палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

“І са здароўем у чалавека ўсялякае можа здарыцца. Але якраз у выпадку з Навумавым гэта выклікае зьдзіўленьне. Бо гэты чалавек на сваёй пасадзе дэманстраваў “жалезныя” фізычныя кандыцыі. Тут міжволі ў аналітыкаў узьнікае думка, што спрацавалі іншыя мэханізмы. Адзін гэты леташні сюжэт з выбухам на афіцыйным сьвяце незалежнасьці чаго варты — сілавыя структуры паказалі поўную бездапаможнасьць. Але самае галоўнае, я думаю, гэта жаданьне беларускага кіраўніка патрапіць у Эўропу. А паколькі Навумаў фігураваў у вядомым дакладзе Пургурыдэса пра гучныя зьнікненьні, то гэтае прашэньне аб адстаўцы было вельмі дарэчы. Бо неўзабаве беларускі кіраўнік усё ж такі захоча прымерыць эўрапейскі фрак”.

Магчымае запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі на саміт “Усходняга партнэрства” ў Прагу — тэма наступнага тэлефанаваньня:

Ларыса, Менск: “Паводле апытаньняў, большасьць нашых грамадзян за тое, каб Лукашэнку запрасілі ў Прагу. І гэта цалкам справядліва. Ён выкладзе свой пункт гледжаньня па асноўных пытаньнях у сувязі з крызісам. Але адначасова павінны запрасіць і апазыцыю. Я думаю, што ім ёсьць што сказаць і ўнесьці свае прапановы ў сувязі з крызісам. Але ўсё гэта павінна быць асьветлена ў друку і на тэлевізіі”.

Менская раённая пракуратура перадала матэрыялы па факце злачынства ў мэмарыяльным комплексе Курапаты ў міліцыю. Нагадаем, што невядомыя злачынцы раскапалі магілы, раскідалі рэшткі вопраткі, абутак і косткі забітых у 30-я гады людзей. Тэлефанаваньне слухача:

Андрэй, Быхаў: “Зьвяртаюся да расейскіх фашыстаў, якія раскопваюць могілкі ў Курапатах. Прыходзьце лепш да маіх вокнаў, я вас курынымі костачкамі пакармлю”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24 Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG