Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Працяг саступак — рэальная пагроза незалежнасьці Беларусі”


Кіраўнікі Беларусі і Расеі Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітрый Мядзьведзеў дамовіліся пра “асабістыя двухбаковыя кантакты ў найбліжэйшы час”. Кіраўнік прэсавай службы прэзыдэнта Павал Лёгкі не стаў абвяргаць і пацьвярджаць магчымасьць такой сустрэчы ў найбліжэйшай будучыні. Адзначым, што А.Лукашэнка і Дз.Мядзьведзеў сёлета сустракаліся ўжо тройчы. Чым можа быць выкліканая гэтая актывізацыя кантактаў на найвышэйшым узроўні? Пра гэта Алесь Дашчынскі гутарыць з палітолягам Вячаславам Пазьняком.


Дашчынскі: “Паводле расейскіх мэдыяў, амаль два тыдні таму А.Лукашэнка падчас сустрэчы зь Дз.Мядзьведзевым паабяцаў вырашыць пытаньне аб прызнаньні самаабвешчаных Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Аднак пакуль гэтага не зрабіў. У расейскім Міністэрстве замежных спраў цьвердзяць, што гэтае пытаньне будзе абмяркоўвацца зь беларускімі ўладамі бліжэйшым часам. Чым жа выклікана неабходнасьць новых “асабістых кантактаў”?

Вячаслаў Пазьняк
Пазьняк:
“Вынікі апошніх сустрэчаў паказваюць, што найбольш сур’ёзныя праблемы, якімі занепакоеныя абодва бакі, вырашаюцца вельмі марудна. Яны найперш тычацца эканомікі — вакол наданьня бонусаў, прэфэрэнцыяў, крэдытаў. Вядома, гэтая інтрыга завязваецца і на шэраг пытаньняў палітычнага і ваенна-палітычнага характару. Можна чакаць, што Расея будзе выразна ўздымаць пытаньне аб прызнаньні Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. І можна чакаць пакетных падыходаў з боку Менску. Беларуская эканоміка, відаць, пачынае ўступаць у фазу вельмі сур’ёзнага крызісу, і тут надзея на Расею. І на заднім пляне будзе знаходзіцца новы элемэнт двухбаковых стасункаў, якія пачаў турбаваць Маскву — гэта інтэнсыфікацыя дачыненьняў Менску з Брусэлем і, між іншым, пэрспэктывы ўдзелу Беларусі ва “Ўсходнім партнэрстве”.

Дашчынскі. “Магчыма, у зьвязку з праграмай “Усходняга партнэрства” менавіта цяпер Расея і ўзмацняе ціск на афіцыйны Менск у справе прызнаньня самаабвешчаных тэрыторый?”

Пазьняк: “Пры важнасьці таго, што давер паміж хаўрусьнікамі будуецца на выкананьні абавязаньняў — а менавіта гэтага не назіралася з абодвух бакоў — гэта магло прымусіць паставіць пытаньне рубам. Аднак прызнаньне Менскам мяцежных правінцый у геапалітычным пляне зьмяняе няшмат. Але гэта момант, які мае далікатную падаплёку ў новым трохкутніку Брусэль — Менск — Масква. Для Эўразьвязу прызнаньне Менскам гэтых тэрыторый напярэдадні саміту ў Празе можа выклікаць ускладненьне двухбаковых дачыненьняў. Гэты трохкутнік мае вельмі напружаныя бакі ў сфэры даверу — наколькі кожны бок можа давяраць другому. Аднак, нават калі Расея вельмі жорстка паставіць гэтае пытаньне прызнаньня, ніякіх радыкальных крокаў з боку Менску да 7 траўня ня будзе. Але я вельмі сумняюся, што гэта адбудзецца і пасьля. Гэта можа адбыцца толькі пры ўмове вельмі сур’ёзнага абмену такога рашэньня Менску на эканамічныя датацыі з боку Масквы”.

Дашчынскі. “Расея зноў паказвае гатоўнасьць выдзеліць Беларусі новыя крэдыты. Спачатку нібыта адмовілі ў крэдыце на 100 мільярдаў расейскіх рублёў. І адразу ж узяліся разглядаць заяўку на 2 мільярды даляраў. Але Беларусь ужо пазычыла значную суму ў Расеі — больш за тры мільярды даляраў. Чым пагражае рост такой крэдытнай залежнасьці?”

Пазьняк: “Усялякая запазычанасьць дзяржавы, асабліва такая, ды яшчэ яе ўзрастаньне, у пэрспэктыве будзе рызыкай, небясьпекай і пагрозай. Гэта элемэнт залежнасьці Беларусі ад Расеі. І гэты комплекс залежнасьці пачаў расьці, у тым ліку і ў пляне ваенна-палітычным. Падчас апошніх перамоваў паміж Масквой і Менскам праходзіла і тэма гандлю “фамільным срэбрам”. А гэта прадпрыемствы нафтахімічнага комплексу і нават малаказаводы. Гэты ўсебаковы ціск з боку Масквы на Беларусь вельмі рызыкоўны. Працяг саступак у прэфэрэнцыях і продажы ўласнасьці расейскім партнэрам стварае рэальную пагрозу незалежнасьці Беларусі. Таму стаўкі вельмі вялікія. Тое, на што пойдзе цяпер афіцыйны Менск, будзе вызначаць дынаміку дачыненьняў на гады”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG