Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раней манапольнае права даваць імя дзіцяці мела царква. Звычайна поп ці ксёндз выбіралі імя без удзелу бацькоў, паводле царкоўнага календара. Цяпер часы зьмяніліся, і бацькі самі выбіраюць імя нашчадку. Некаторыя цікавяцца яго паходжаньнем, даведваюцца, што імя азначае. Іншыя ідуць за модай. А хтосьці хоча, каб ягоны нашчадак меў рэдкае і гучнае імя. Як беларусы называюць дзетак цяпер?

Перш за ўсё імя, прозьвішча сьведчыць пра нацыянальную прыналежнасьць чалавека. Возьмем, да прыкладу, вядомых людзей беларускай зямлі: Францішак Багушэвіч, Кастусь Каліноўскі, Язэп Драздовіч, Адам Міцкевіч, Пятрусь Броўка, Паўлюк Трус, Янка Купала, Якуб Колас…Чытаем “Пярэбары” з “Новай Зямлі” Якуба Коласа:

“Тут быў Базыль, Антось Тацянін,
Карусь Дзівак (ён між парканін
Схаваў трайню, рагач, дзьве восі,
Тайком узяўшы ад Антося),
Яшчэ Кастусь, Паўлюк Куртаты,
Сьцяцюк, Казюк Скарабагаты
Ды брат Міхася і Антося, —
Мужчын нямала набралося”.

Яшчэ больш называе паэт жаночых імёнаў. Вось сьвержанскія кабеты: Каруся, Палуся, Цацэля, Марцэля, Алена, Магдалена, Зося, Антося, Анэта, Праксэта, цётка Івася, бабка Кася, Марыля, Тацяна, Мар’яна, Антоля, Міхаліна, Зося, Тэкля, Кацярына, Аўдоля…

Усё больш беларусаў называюць сваіх дзяцей старажытнымі імёнамі. Нядаўна нарадзілася дачка ў Сьвятланы Завадзкай. Вось што яна распавяла пра тое, як называлі дзяўчынку:

Сьвятлана Завадзкая
“Адэля, Адэлька. Мы глядзелі шмат розных імёнаў, але вырашылі, што вось такое беларускае імя будзе ў дачушкі. У ЗАГСе не хацелі запісваць “Адэля” — праз “э”. Сяржук тэлефанаваў Арлову, раіўся зь ім, што рабіць. Той кажа, што менавіта праз “э” па-беларуску. Потым у ЗАГСе глянулі ў нейкі слоўнік, пагадзіліся і запісалі “Адэля”.

Лінгвіст Зьміцер Саўка кажа:

Зьміцер Саўка
“Нічога дзіўнага, што так сталася. Калі б я хацеў перапісацца ў пашпарце, да прыкладу, зь Дзьмітрыя на Зьмітра, несумненна, узьніклі б такія самыя праблемы. Ужо наколькі мне ўдалося б пераканаць ЗАГСаўскіх працаўнікоў, залежыць ня столькі ад іх саміх, колькі — вы зьдзівіцеся — ад Інстытуту мовазнаўства, а канкрэтна ад яго дырэктара спадара Лукашанца, які штодзённа (і ён паказваў мне дзясяткі лістоў з розных інстанцыяў, падобных да ЗАГСу) штодзённа выдае сваё кампэтэнтнае рашэньне ў пытаньнях, зьвязаных з імёнамі, і часьцей яшчэ з прозьвішчамі — як гэта асвоіць па-беларуску”.

Загадчыца Першамайскага ЗАГСу сталіцы Станіслава Макарэвіч тлумачыць:

“Дарэчы, мы таксама зьвяртаемся да спадара Лукашанца. Ён нам тлумачыць, і бацькам таксама. Але звычайна спрэчак не бывае: хочуць бацькі — няхай запісваюць, як лічаць правільным на беларускай мове. Пішаш заяву — і называй, як падабаецца”.

Беларускія ЗАГСы карыстаюцца звычайна агульным слоўнікам Сьцяпана Грабчыкава. Але ёсьць нямала адмысловых іменьнікаў. Ёсьць слоўнічак 1965 году Міколы Судніка, дзе падаюцца сярод афіцыйных формаў і неафіцыйныя. Ёсьць слоўнік Альгерда Чыжа “Беларускі іменьнік” — першая сучасная спроба зрабіць іменьнік на падставе гістарычных імёнаў, якія фіксаваліся ў самых розных крыніцах, ад старабеларускіх да фальклёрных. Дасьледчык беларускіх імёнаў Сымон Барыс склаў слоўнік “Беларускія імёны”. Дарэчы, сам спадар Барыс у 1998 годзе пры абмене пашпарта настаяў на тым, каб замест Сямёна яго запісалі Сымонам. Праўда, у ЗАГС прыйшлося прынесьці даведку з Інстытуту мовазнаўства, што Сымон — беларуская форма Сямёна.

Імя, на лаціне “номэн”, павінна выконваць галоўную сваю функцыю — намінацыйную, функцыю называньня, перакананы лінгвіст Зьміцер Саўка:

Імя мусіць называць, падкрэсьліваць нейкую адметнасьць, адрозьніваць чалавека аднаго ад чалавека другога.
“Калі я выкладаў у Лінгвістычным унівэрсытэце, у мяне была група 10 чалавек: адзін Пеця, 4 Натальлі і 5 Ален. Функцыі намінацыі ў такім выпадку імя не выконвае. А імя мусіць называць, падкрэсьліваць нейкую адметнасьць, адрозьніваць чалавека аднаго ад чалавека другога. Такім чынам, я — за разнастайнасьць, хай гэта будуць самыя розныя імёны. Найлепш, калі яны будуць грунтавацца на беларускай традыцыі, узятай са старабеларускіх тэкстаў, з фальклёру, з нашай гісторыі. Хай будуць Вітаўты, Рагнеды, Рагвалоды”.

У самога Зьмітра Саўкі чацьвёра дзетак — Уладзіслаў, Юстына, Караліна, а малодшаму далі падвойнае імя: Стэфан Люцыян. Што да Люцыяна — гэта зьвязана з паэмай Максіма Танка “Люцыян Таполя” — пра выдатнага народнага майстра, разьбяра, скульптара. Ну, а Стэфан асацыюецца са Стэфанам Батурам…

Вяртаецца традыцыя называць дзяцей падвойнымі імёнамі.
Дарэчы, вяртаецца традыцыя называць дзяцей падвойнымі імёнамі. Клясык беларускай літаратуры Багушэвіч меў імя Францішак-Бэнэдыкт; поўнае імя Каліноўскага — Канстанцін-Вікенці.

Многія прадстаўнікі сьвядомай інтэлігенцыі дзяцей сваіх назвалі даўнімі беларускімі імёнамі. У Вінцука Вячоркі — Радаслава, Ружана і Франак, у Аляксандра Мілінкевіча — Вітаўт, у паэта і барда Эдуарда Акуліна — Верас.

Якія імёны зараз папулярныя ў беларусаў, распавядае загадчыца Першамайскага ЗАГСу Станіслава Макарэвіч:

“Сёлета Марыя стаіць на першым месцы, потым Дар’я і Анастасія. Сярод хлопчыкаў — Аляксей, Максім, Арцём”.

Карэспандэнтка: “А нейкімі экзатычнымі імёнамі называюць?”

“Альгердам аднаго хлопчыка назвалі. Даніэль быў, Марк, Мэланьня, Алісія, Вэста”.

“Як вы човен назавяце, так ён і паплыве”, — казаў літаратурны герой капітан Урунгель. Таму да выбару імя дзіцяці бацькам варта паставіцца сур’ёзна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG