Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гэта канчатковая зьмена старой палітычнай каманды”


Belarus - Pyotar Martsau, journalist, 15Jul2008

Belarus - Pyotar Martsau, journalist, 15Jul2008

Адстаўку Уладзімера Навумава і яе магчымыя наступствы мы папрасілі пракамэнтаваць выдаўца інтэрнэт-газэты БДГ, сябра Грамадзкай рады пры адміністрацыі прэзыдэнта Пятра Марцава.


Марцаў: Зараз адбылася канчатковая зьмена старой палітычнай каманды. Гэта працягвалася дастаткова доўга, пачынаючы з Канаплёва і Шэймана. Было зразумела, што апошнім будзе Навумаў. Калі раней пра гэта можна было здагадвацца ці прагназаваць, то пасьля таго, як супраць намесьнікаў Навумава распачалі крымінальныя справы і ён пазбавіўся сваёй каманды, стала зразумелым, што пытаньне адстаўкі яго асабіста -- гэта пытаньне часу.

Дракахруст: Некаторыя экспэрты выказвалі меркаваньне, што брутальныя дзеяньні апошніх месяцаў, якія супярэчылі працэсу лібэралізацыі, былі праявай барацьбы вакол гэтай лібэралізацыйнай лініі. Вы выключаеце такое тлумачэньне?

Марцаў: Я не выключаю, але мне здаецца, што ўсё значна прасьцей. Пэўныя кадры сілавікоў, якія склаліся за дзесяцігодзьдзе, проста наагул не ўмелі працаваць інакш. Сыстэма ня можа прымаць указаньні, якія супярэчаць яе сутнасьці. Іх усё жыцьцё вучылі змагацца з апазыцыяй, а тут ім трэба зь ёй не змагацца. Гэта немагчыма, немагчыма перабудаваць мазгі. Гэта шкодна для сыстэмы -- даваць ёй указаньні, якія ёй супярэчаць. Безумоўна , МУС не было арганічным у кантэксьце гэтага дыялёгу і працавалі старымі мэтадамі, нягнуткімі, простымі і сілавымі.

Дракахруст:
Ці будзе гэтая адстаўка мець нейкія наступствы для ўнутранай і зьнешняй палітыкі Беларусі?

Марцаў: Мяркую, што галоўная праблема для Беларусі зараз -- эканамічная, як і ва ўсім сьвеце. Гэта праблема выбару - ці пойдзе кіраўніцтва на радыкальныя зьмены, хаця б у галіне эканомікі. Калі мы будзем гэта рабіць, нам трэба будзе разьвіваць і заходні вэктар, выконваць пэўныя ўмовы і патрабаваньні. Калі задаць пытаньне -- ці здольнае кіраўніцтва Беларусі на кардынальныя рэформы, зараз я адказваю "не", яно сумняваецца. Больш таго, ёсьць і іншы фактар: усясьветны крызыс , на жаль ці на шчасьце, актуалізаваў сытуацыю гэапалітычнага выбару. У нас не атрымаецца доўга балянсаваць паміж Расеяй і Эўропай, нам давядзецца выбіраць і прычым ужо сёлета.

Дракахруст: Пётар, ну а больш вузка - ці будзе сыход Навумава ўплываць на дыялёг з Эўропай?

Марцаў: Так, будзе. Відаць, кіраўніком МУС стане больш гнуткі чалавек, менш прыхільны сілавым спосабам вырашэньня параблемаў. Я ня думаю, што сыстэма можа прынцыпова зьмяніцца з сыходам аднаго чалавека. Гэта будуць проста больш мяккія ціскі, больш мякакая сыстэма кантроля ўнутры краіны.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG