Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаго шукае Абама ў Турцыі?


Прэзыдэнт Турцыі Абдула Гюль і прэзыдэнт ЗША Барак Абама

Прэзыдэнт Турцыі Абдула Гюль і прэзыдэнт ЗША Барак Абама

Сёньня прэзыдэнт ЗША Барак Абама пачаў двухдзённы візыт у Турцыю. Пасьля трох самітаў на мінулым тыдні — эканамічнага ў Лёндане, натаўскага ў Францыі і Нямеччыне ды эўрапейска-амэрыканскага ў Празе — Абама заканчвае сваё першае эўрапейскае падарожжа двухдзённым візытам у краіну, якая знаходзіцца на ўзьмежжы Эўропы і Азіі. Чаму столькі ўвагі ў Абамы да Турцыі?


Першы адказ на гэтае пытаньне ляжыць на самай паверхні. Турцыя — мусульманская краіна, урад якой прыхільна ставіцца да ЗША. І Турцыя падтрымлівае добрыя адносіны з мусульманскімі краінамі, урады якіх вельмі блага ставяцца да ЗША (напрыклад, урады Ірану і Сырыі). Барак Абама хоча замяніць палітыку канфрантацыі з мусульманскім сьветам, якую праводзіў ягоны папярэднік Джордж Буш, перамовамі ды іншымі дыпляматычнымі захадамі. Заручыцца падтрымкай Турцыі для гэтага новага накірунку амэрыканскай замежнай палітыкі падаецца для Вашынгтону заданьнем само сабой зразумелым і надзвычай важным для будучага посьпеху.

Па-другое, Турцыя — член НАТО і, ня трэба забывацца, мілітарна ды эканамічна наймацнейшая краіна ў рэгіёне Блізкага Ўсходу. Адгэтуль і яе роля „стабілізатара” сытуацыі ў рэгіёне. Для ЗША, якія плянуюць вывесьці свае войскі зь Іраку, гэтую стабілізацыйную ролю Турцыі цяжка пераацаніць.

Па-трэцяе, Турцыя ляжыць на скрыжаваньні важных энэргетычных шляхоў. Праз Турцыю ідуць нафтаправоды зь Іраку ды важны нафтапраправод Баку-Тбілісі-Джэйхан. Да таго ж, ЗША і Эўразьвяз хочуць далучыць Азэрбайджан і, у далейшым парадку, краіны Сярэдняй Азіі да плянаванага газаправоду Набука, якім газ з Касьпійскага рэгіёну можа пайсьці праз Турцыю ў Эўропу, у абыход Расеі.

"Амэрыка заслугоўвае мець лідэра, які скажа праўду пра армянскі генацыд і дасьць рашучы адпор усім генацыдам. Я маю намер стаць такім прэзыдэнтам” — сказаў тады Абама
І ёсьць у Абамы адзін асабісты пункт, наконт якога яму трэба неяк дайсьці да паразуменьня з Анкарой, каб не разладзіць добрых двухбаковых адносінаў. Падчас выбарчай кампаніі ў студзені 2008 году Абама паабяцаў амэрыканскім армянам — безумоўна, каб заручыцца іхнай падтрымкай — што ён будзе першым амэрыканскім прэзыдэнтам, які афіцыйна назаве забойства 1,5 мільёна армянаў туркамі ў 1915 годзе генацыдам. „Амэрыка заслугоўвае мець лідэра, які скажа праўду пра армянскі генацыд і дасьць рашучы адпор усім генацыдам. Я маю намер стаць такім прэзыдэнтам” — сказаў тады Абама.

Прэзыдэнт Біл Клінтан і Джордж Буш абяцалі армянскай дыяспары прыблізна тое самае, але абяцаньняў не выканалі, бо турэцкія генэралы, якія фактычна кіруюць краінай, прыгразілі, што ў такім выпадку забароняць амэрыканцам карыстацца паветранымі базамі ў Турцыі і скасуюць найважнейшыя эканамічныя кантракты паміж амэрыканскімі і турэцкімі фірмамі.

Ці ўдасца Абаму правесьці праз Кангрэс рэзалюцыю, якая асудзіць генацыд армянаў туркамі? Мяркуючы па тым, што сёньня Абама сказаў на гэтую тэму журналістам у Анкары, гэта можа быць цяжкае заданьне. „Мае погляды ўсім вядомыя, і я іх не зьмяніў” — адказаў Абама на пытаньне адносна свайго выбарчага абяцаньня армянам. Але слова „генацыд” у Анкары ён ня вымавіў, ні на прэс-канфэрэнцыі, ні пазьней у парлямэнце, дзе акрэсьліў масавыя забойствы армянаў туркамі ў 1915 годзе як „жахлівыя падзеі”.
XS
SM
MD
LG