Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На поўдні Беларусі пачалася сяўба. У многіх гаспадарках галоўная праблема для старшыняў калгасаў – не надвор’е і не забясьпечанасьць палівам, а – даведзеныя да цяжкой ступені алькагалізму калгасьнікі.


На пачатку пасяўной у найлепшым у Лунінецкім раёне СПК “Новае Палесьсе” не хапае мэханізатараў. Скардзіцца старшыня калектыўнай гаспадаркі Ганна Федарук:

“У нас вялікая гаспадарка. Працуем у дзьве зьмены. У нас заробак у руках “трудзягі”. Калі п’яніца, то ён губляе ўсё. Шмат пазбаўленых правоў”.

Суразмоўца кажа, што п'янства ў вёсках стварае ўсё больш дадатковых праблемаў. Кіраўніца гаспадаркі не чакае, што яны будуць ліквідаваныя ў бліжэйшы час.

“Як я магу забараніць піць ці адмовіцца, калі ў чалавека няма сьвядомасьці?! Кожны ранак на плянэрцы а палове на сёмую я асабіста тлумачу, прашу мэханізатараў, бо ў гэтую вясну з-за надвор’я спазьняемся. Каля тэхнікі дзяжураць спэцыялісты, начальнікі ўчасткаў, брыгадзіры… Але не на ўсіх аднолькава дзейнічае”, — кажа Ганна Федарук.

Даведваюся, што літаральна ўсе гаспадаркі на Берасьцейшчыне плацяць за працу мэдыкам на алькагольным тэставаньні.

“Пры выдачы пуцёвак сядзіць мэдсястра. У час працы пастаянна выяжджаюць аграномы, эканамісты на поле, каб кантраляваць увесь працэс. Праводзіцца пастаянны кантроль, усялякія мерапрыемствы”, — распавядае Алена Сьвірыд, галоўны эканаміст у гаспадарцы “Айчына” Пружанскага раёну.

Спэцыялісты прызнаюць, што няшчасныя выпадкі ўжо здараюцца, і то менавіта праз злоўжываньне алькаголем.

“Народ у нас сьпіты. У калгасе працуюць адны алкашы. Моладзь працаваць ня хоча”, — кажа пра сытуацыю ў вёсцы Малькавічы Ганцавіцкага раёну тутэйшая жыхарка Галіна Сідарэвіч.

Каб мець сродкі на выпіўку, мэханізатары СПК “Дзяніскавічы” Ганцавіцкага раёну разрабавалі мэханізаваны парк.

“У нас засталося восем сваіх трактароў. Гэта мала для нашых сельгасугодзьдзяў. У мінулым трактары нам прадастаўлялі іншыя гаспадаркі пасьля заканчэньня сваіх работ”, — пацьвярджае інфармацыю служачая гаспадаркі Валянціна Швайка.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG