Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэцкі бераг стаў задарагі


Спэцыялізаванай выставай “Адпачынак” турыстычныя кампаніі Беларусі традыцыйна пачынаюць адлік сэзону адпачынкаў. Якія тэндэнцыі відавочныя на тле глябальнага фінансава-эканамічнага крызісу? Ці гатовыя беларусы адмовіцца ад ужо звыклых выездаў да мора?

СЛУХАЦЬ:


Кіраўніца адной зь менскіх турыстычных кампаній кажа, што — збольшага па старой звычцы: маўляў, на выставе таньней — народ ля павільёнаў актыўнічаў. Аднак спадзяваньні на радыкальнае падзеньне цэнаў на пуцёўкі на тле крызісу шмат для каго выявіліся марнымі:
Хтосьці нават назваў выставу антыкрызіснай...

“На выставе не было заўважна, каб людзі моцна эканомілі грошы. Хтосьці нават назваў выставу антыкрызіснай, бо ўсе хадзілі, шукалі варыянты адпачынку, а літаратуру дык зносілі ўмомант. На нашым стэндзе прадавалі Грэцыю, Эміраты, Турэччыну, на Юрмалу былі замовы, на Палангу. Цяпер глядзім, якія фармаваць кошты на пік сэзону. Але каб сказаць, што цэны істотна ўпалі, то не. На Прыбалтыку трымаюцца практычна мінулагоднія кошты. На Турэччыну таксама не сказала б, што яны зьнізіліся. Баўгарыя крыху патаньнела, і Румынія недарагая; Эгіпет з даступных кірункаў, але ў траўні ажыятаж заканчваецца, бо ўсталёўваецца сьпёка”.

Аднак многія турапэратары канстатуюць: у бальшыні наведнікаў інтарэс да падарожжа зьнікаў пасьля пільнейшага знаёмства з коштамі. Хоць сярэднія заробкі беларусаў у выніку студзеньскай дэвальвацыі зьнізіліся на 20—40%, кошты на адпачынак выстаўляюцца ў валюце. Да таго ж, як кажа дырэктар “Белінтурысту” Марыя Філіповіч, некаторыя замежныя партнэры, асабліва цікавыя беларусам, насуперак чаканьням, кошты не панізілі, а падвысілі:

“Не сказаць, што зьмены будуць кардынальныя, аднак шмат якія краіны, ужо аблюбаваныя беларусамі для адпачынку, могуць стаць недаступнымі. У гэтым пераліку і асноўная “здраўніца” — Турэччына, дзе кошты цяпер крыху завышаныя”.

Нават чыноўнікі ад турыстычнай галіны салідарныя: статыстыка выязнога турызму можа зазнаць істотныя карэктывы. Відавочна, што немалая частка беларусаў правядзе лета на лецішчах ці на ўлоньні роднай прыроды. Нават у яшчэ стабільным 2008 годзе назіраўся спад актыўнасьці — 380 тысяч чалавек, якія выехалі за межы краіны, у параўнаньні з 517 тысячамі ў 2007-м. Прычыны — візавыя бар’еры і дарагоўля саміх візаў. Сёлета трэба мець на ўвазе яшчэ і фінансавыя рэаліі. Аднак, як лічыць кіраўнік турыстычнага парталу holiday.by Андрэй Барашка, пры разумным падыходзе да летняга адпачынку дазволіць сабе адпачынак на моры ўсё ж рэальна. Найпершая парада — не цягнуць да ад’езду, а паклапаціцца загадзя:
Выбар адпачынку - матывацыя, раньняе браніраваньне і аналіз коштаў...

“Мне здаецца, што гэты сэзон ня будзе сапсаваны крызісам, перадусім за кошт маркетынгавых хадоў кампаній. То бок радыкальных зьніжак на туры чакаць не даводзіцца. Але ў людзей, якія паклапоцяцца пра адпачынак загадзя, магчымасьць зэканоміць ёсьць. Па-першае, падставай — раньняе браніраваньне. Па-другое, аналіз коштаў. Прыйшлі новыя гульцы на рынак, адпаведна — уважлівы адбор, аб’ектыўнае стаўленьне да таго, што шукаеш. Бо так бывае, што “4 зоркі” даюць меншы кошт адносна “5 зорак”, а сэрвіс нашмат лепшы. Іншымі словамі, кансультацыя з мэнэджэрам, высокая пільнасьць пры выбары адпачынку. Адным словам, матывацыя, раньняе браніраваньне і аналіз коштаў. Ня кідацца на першую-лепшую прапанову”.

Як удакладняе Андрэй Барашка, прыярытэты беларусаў будуць відавочныя толькі ў траўні, калі стартуе паўнавартасны летні сэзон. Паводле ягоных прагнозаў, нават нягледзячы на падаражэньне, спаборнічаць у папулярнасьці з Турэччынай іншым краінам будзе складана. Хіба што возьмуць дэмпінгам Баўгарыя ці Румынія. Паказальна, што рэжым маўчаньня захоўвае традыцыйна папулярны Крым — тамтэйшыя апэратары яшчэ фармуюць кошты.

Таксама экспэрты выказваюць сумнеў адносна магчымасьці радыкальнага прыросту наведваньня Беларусі замежнікамі. Разьвіцьцё ўязнога турызму — адзін зь дзяржаўных прыярытэтаў. Аднак адсутнасьць сыстэмнасьці і зацікаўленасьці саміх турапэратараў, на думку старшыні Саюзу турыстычных арганізацый Беларусі Валянціна Цэхмэйстара, не дае вялікага аптымізму на пэрспэктыву:
У нас жа прыняцьцё адпаведнай пастановы якраз Кітай і нагадвае...

“Што мы зараз маем на турыстычным рынку Беларусі? З улікам абавязкаў крыху расплывістых, адрозна, прыкладам, ад кітайцаў, вялікага прагрэсу чакаць цяжка. Бо ў Кітаі ў палажэньні аб ліцэнзаваньні наўпрост запісана: турфірмы абавязаныя забясьпечыць паказьнік у 10% ад выязнога турызму. І тады ёсьць момант канкрэтыкі. У нас жа прыняцьцё адпаведнай пастановы якраз Кітай і нагадвае, а менавіта — пэрыяд вялікага скачка, калі сялян прымушалі разьліваць чыгун і сталь у хатніх ліцейках. У дадзеным выпадку можна знайсьці залатую сярэдзіну: каб турфірмы, якія займаюцца ўязным турызмам, прафэсійна гэтым кірункам, атрымлівалі б рэальны карт-блянш. Бо вядома, што толькі адзінкі фірмаў з больш чым 800, якія працуюць на рынку, забясьпечваюць 25% прыёму замежнікаў, чвэрць турыстаў. Можна запытацца: а што робяць астатнія?”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG