Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У сваёй нядзельнай прамове перад пражанамі Прэзыдэнт ЗША Барак Абама вызначыў сваё бачаньне галоўнага зьместу ХХІ стагодзьдзя.

Барак Абама акрэсьліў дваццатае стагодзьдзе як час змаганьня за правы чалавека і свабоду. Дваццаць першае стагодзьдзе, паводле амэрыканскага прэзыдэнта, становіцца часам змаганьня за асноўнае права чалавека - жыць бяз страху перад зьнішчэньнем. І мэтай у гэтай барацьбе ён назваў сьвет бяз ядзернай зброі.

У сваёй прамове на Градчанах Барак Абама акрэсьліў плян дзеяньняў у гэтым накірунку. Ён назваў тры канкрэтныя крокі: ЗША паменшаць ролю ядзерных узбраеньняў у сваёй стратэгіі абароны, дамова па нераспаўсюджваньні ядзерных узбраеньняў павінна быць узмоцненая і напоўненая сэнсам, і, нарэшце сусьветная супольнасьць павінна зрабіць так, каб ні зброя, ні яе кампанэнты не патрапілі ў рукі тэрарыстаў.

Некаторыя чэскія палітыкі былі разгубленыя тым, як уласна разумець выказваньне Абамы аб будучыні комплексаў супрацьракетнай абароны ў краіне, а таксама ў Польшчы. Паводле Абамы, размяшчэньне комплексаў або іх дэмантаж будзе залежаць ад паводзінаў Ірану. У чэскай газэце Lidové Noviny была апублікаваная крытычная рэакцыя аналітыка, які закідае магутнаму саюзьніку тое, што ён выкарыстоўвае Чэхію ў якасьці пешкі ў гульні з Іранам. Вядучыя палітыкі, аднак, перадусім ацанілі праграмныя вартасьці прамовы. Іржы Пароўбэк, лідэр сацыял-дэмакратаў, сказаў, што гэта “найбольш сьмелае бачаньне новай архітэктуры бясьпекі пасьля падзеньня Бэрлінскага муру”.

Чэская грамадзкасьць сустракала гэты візыт з самай цёплай сымпатыяй. Выступаючы на Градчанах, Абама ад самага пачатку падкупіў прысутных, згадаўшы першага прэзыдэнта Чэхаславаччыны Томаша Гарыка Масарыка. Пасьля ўтварэньня маладой краіны ў 1918 годзе, ЗША аказалі ёй падтрымку. Масарык меў магчымасьць прамаўляць перад статысячным натоўпам у Чыкага. Абама дадаў: "Ня думаю, што магу пабіць яго рэкорд. Але я лічу гонарам для сябе магчымасьць прыйсьці па яго сьлядах з Чыкага ў Прагу".

Барак Абама высока ацаніў чэскі ўклад у завяршэньне халоднай вайны, прычым ён асабліва падкрэсьліў мірную хаду аксамітнай рэвалюцыі. Дарэчы, адзіная фраза, якая прагучала ў яго прамове па-чэску, была менавіта sametová reloluce – аксамітная рэвалюцыя. А адзіная прыватная сустрэча ў Празе адбылася менавіта зь яе героем – Вацлавам Гаўлам. Пасьля сустрэчы Гавэл акрэсьліў Абаму як мілага, харызматычнага, сьціплага чалавека з пачуцьцём гумару. Гавэл папярэдзіў Абаму, што на яго ўскладаюцца вялікія надзеі і шмат людзей зь ім зьвязваюць свае чаканьні лепшага сьвету. Гавэл зьвярнуў увагу Абамы, што ў выпадку расчараваньня, гнеў можа абярнуцца і супраць яго пэрсанальна. На гэта маладзейшы прэзыдэнт, паводле пераказу, рэагаваў усьмешкай, падзякай і словамі, што гэты зрух ужо пачынае заўважаць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG