Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завяршыўся юбілейны саміт НАТО, прысьвечаны 60-годзьдзю альянсу. Лідэры краінаў-сябраў сабраліся, каб ня толькі адсьвяткаваць юбілей. Перад імі стаяла глябальная задача – перафармуляваць стратэгічную місію найбольш пасьпяховага ваеннага альянсу. Акрамя таго, гэта была першая сустрэча прэзыдэнта ЗША Барака Абамы з эўрапейскімі лідэрамі. Абама імкнецца паправіць дачыненьні з Эўрапейскімі сябрамі блёку.

Амэрыканска-эўрапейскія дачыненьні значна пагоршыліся ў выніку палітыкі папярэдніка Абамы – Джорджа Буша, які прымаў шматлікія стратэгічныя рашэньні без кансультацыяў з эўрапейскімі паплечнікамі.

Сьвяткаваньні юбілею НАТО пачаліся ўчора, з канцэрту і вячэры, на якой меўся быць абраны новы генэральны сакратар НАТО, на месца цяперашняга Яапа Дэ Хоп Схэфера. Новы кіраўнік блёку быў абраны ўжо сёньня, ім стаў прэм'ер-міністар Даніі Андэрс Фог Расмусэн. Да апошняга моманту Турэччына, раззлаваная апазыцыяй Расмусэна да яе ўступу ў Эўразьвяз, пагражала заблякаваць прызначэньне.

Андэрс Фог Расмусэн (зьлева) і Яап Дэ Хоп Схэфэр (справа)
Суботні дзень саміту быў у асноўным прысьвечаны праблематыцы Аўганістану. Барак Абама, які павялічвае амэрыканкі кантынгент у краіне зь цяперашніх 38 тысячаў да 59 і разважае аб тым, каб паслаць туды дадатковых 10 000 вайскоўцаў, спадзяваўся пераканаць і Эўрапейскіх сябраў блёку зрабіць тое ж. Але, нягледзячы на вітальныя заявы аб новай палітыцы ЗША ў рэгіёне, ні Францыя, якая ізноў увайшла ў камандны састаў блёку, ні іншыя Эўрапейскія буйныя краіны ня выказалі жаданьня пасылаць больш войскаў. Францускі прэзыдэнт Нікаля Сарказі заявіў што яго краіна абмяжуецца большай дапамогай ў падрыхтоўцы аўганскіх сілаў бясьпекі і далейшай эканамічнай падтрымкаю.

Аўганская праблематыка ўзьняла больш глябальнае пытаньне – зьмену стратэгічнай місіі блёку, які ў свой час быў створаны для супрацьдзеяньня Савецкаму Саюзу. Паводле прэс-сакратара НАТО, у апошняй стратэгічнай канцэпцыі, сфармуляванай у 99 годзе, нічога не гаворыцца ні аб ролі НАТО ў змаганьні супраць пірацтва, ні аб нядаўна створаным цэнтры кібэр-абароны, няма нават абгрунтаваньня цяперашняй апэрацыі ў Аўганістане.

Сёньняшні дзень быў таксама адметны афіцыйным увітаньнем у блёк Альбаніі ды Харватыі, якія сталі 27-ым і 28-ым сябрамі НАТО.

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама ўвітаў новых сябраў і выказаў спадзяваньне, што ў хуткім часе да альянсу зможа далучыцца і Макэдонія, чыё прыняцьце было заблякаванае Грэцыяй з-за спрэчкі аб назове краіны.

Адразу пасьля саміту НАТО Барак Абама прылятае ў Прагу на саміт Эўразьвязу. Яго сустрэча з чэскім урадам будзе зьведзеная да мінімуму – у сувязі з крызысам улады ў гэтай краіне, якая зараз ачольвае Эўразьвяз. Пасьля вотуму недаверу ўраду прэм’ер-міністра Мірэка Тапаланэка, яго кабінэт быў зьведзены да статусу часова выконваючага абавязкі, а ўлада перайшла да прэзыдэнта краіны Вацлава Клаўса, вядомага сваёй адмовай вывесіць сьцяг Эўразьвязу над домам ураду, адмаўленьнем ролі чалавека ў глябальным пацяпленьні, а таксама прыраўноўваньнем фінансавага крызысу да прастуды, якая пройдзе сама сабой.

Таму, нягледзячы на тое, што Чэхія працягвае захоўваць фармальнае старшынства, палітычнае лідэрства пераходзіць да заходнеэўрапейскіх буйных краінаў. У нядзелю Абама выступіць пад адкрытым небам з прамовай, у якой акрэсьліць доўгатэрміновую задачу аб поўным пазбаўленьні сьвету ад ядзерных узбраеньняў. Гэтая ідэя, упершыню выказаная Рональдам Рэйганам, інтэнсіўна абмяркоўваецца ў палітычных колах апошнімі тыднямі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG