Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гавэл: Там, дзе няма свабодных грамадзянаў, там паступова чэзьне ўсё


Вацлаў Гавэл

Вацлаў Гавэл

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Вацлаў Гавэл. Спадар Гавэл – даўні сябар Радыё Свабода. Яму слова:


– Я з гонарам прызнаюся, што належу да тых, хто спрабаваў хоць на малы крок пасунуць межы магчымага. У шасьцідзесятыя гады мінулага стагодзьдзя я быў праўдападобна першым чэскім літаратарам , які ў Мюнхене наведаў штаб Радыё Свабода – я быў у Мюнхэне таму, што там тады гралі маю п'есу. Чаму я лічыў Радыё Свабода так важным , само сабой зразумела. Разам з Голасам Амэрыкі і з БіБі Сі гэта быў галоўны інструмэнт свабоднай камунікацыі ня толькі са сьветам, але свабоднай камунікацыі усярэдзіне нашай нацыянальнай супольнасьці.

Вацлаў Гавэл. Першы дэмакратычны прэзыдэнт Чэхаславаччыны, а потым Чэхіі, адзін з закладальнікаў руху Хартыя-77, пісьменьнік, сябра дэмакратычнай Беларусі. Паводле словаў Васіля Быкава, які некалькі сваіх апошніх гадоў пражыў у Празе, “на прыкладзе Вацлава Гавэла сьвет убачыў ня так часта ажыцьцёўлены пастулят-мару антычнага Плятона пра тое, каб філёзафы апыналіся пры ўладзе, а ўладары рабіліся філёзафамі’’.

І сёньня нашыя карэспандэнты з дапамогай самога Вацлава Гавэла дасьледуюць тэму, па-ранейшаму актуальную для Беларусі – ці трэба баяцца свабоды?

Сяргей Чыгрын: як свабода закончылася для Ларысы Геніюш, то абмежавалі і ўсіх нас, сёньняшніх

Паводле назіраньняў нашага гарадзенскага карэспандэнта Сяргея Астраўцова, чым меншы горад, тым менш тут свабоды — для тых, хто яе хоча, хто да яе імкнецца. І найперш дэмакратычных актывістаў, творчых асобаў. Бо больш кантролю начальства на прадпрыемстве ці ўстанове, ідэалягічнай вэртыкалі і нават спэцслужбаў. У райцэнтры Слонім жыве пісьменьнік і журналіст Сяргей Чыгрын, ён працуе намесьнікам рэдактара недзяржаўнай “Газэты Слонімскай”, якая ўвесь час адчувае ціск з боку ўлады. Што азначае свабода для Сяргея Чыгрына?

Сяргей Чыгрын
– Можа поўнай свабоды ў мяне няма ў прафэсіі журналіста, таму што я ня ўсё магу апублікаваць, не пра ўсё магу напісаць. А што датычыць як літаратара, як гісторыка, я пішу ўсё, што хачу і друкуюся там, дзе хачу, працую як поўнасьцю свабодны чалавек. Таму што калі я ня буду адчуваць свабоду ў сваёй творчасьці, тады мне нецікава будзе пісаць”.

Атрымліваецца, дзень спадар Чыгрына падзелены на дзьве часткі? Адна — зь няпоўнай свабодай, другая — з поўнай?

– Я заўсёды іду на працу, ведаючы, што хачу напісаць гэтую тэму, але не атрымаю камэнтар ад чыноўніка, таму што ён баіцца. Значыцца, у чыноўніка менш свабоды там, дзе ён працуе, адначасова і ў мяне атрымліваецца менш свабоды ў працы. Калі я прыходжу дахаты, я больш вольны чалавек, я пішу ўсё, як хачу – творчасьці без свабоды не бывае. Гэта ўсё роўна як зьвер павінен жыць у лесе свабодна, так і творчы чалавек.

Сяргей Чыгрын удакладняе:

– Я дасьледую гісторыю сваёй радзімы, пішу пра людзей, пра іхныя лёсы трагічныя, і ў гэтым адчуваю поўную свабоду. Калі мне пачнуць яе абмяжоўваць, забараняць, тады я ня буду нічога пісаць.

У пачатку 1990-х гадоў Сяргей Чыгрын зь Міхасём Скоблам вырашылі выдаць факсымільнае выданьне кнігі Ларысы Геніюш, што выйшла ў Празе ў 1942 годзе, і ў слонімскай дзяржаўнай друкарні ім тады не адмовілі. Але пазьней недзяржаўная “Газэта Слонімская”, у якой спадар Чыгрын працуе ад пачатку, атрымала адмову ў мясцовай друкарні, яе забаранілі там друкаваць.

– З таго часу свабода для Ларысы Геніюш адкрылася на пэўны час. Цяпер, праўда, для яе свабода закончылася, я маю на ўвазе тое, што яна ўжо не вывучаецца ў школах, вось тут ужо свабодай і ня пахне.

Ларыса Геніюш заўжды цаніла свабоду, хаця ўвесь час знаходзілася пад наглядам. Цяперашнія ўлады адмовіліся яе рэабілітаваць, а вершы выкінулі з падручнікаў.

У грамадзкіх арганізацыях цэніцца асабістая свабода чалавека, гаворыць гарадзенец Уладзімер Хільмановіч з фонду Льва Сапегі.

– У таталітарнай дзяржаве непатрэбныя вольныя грамадзяне, якія могуць мысьліць незалежна. Таму дзяржава стварае свае прадзяржаўныя арганізацыі. Дзейнасьць кожнай грамадзкай арганізацыі, кожнага чалавека ў нашай дзяржаве абмежавана. Нельга забараніць кахаць або верыць у Бога, але можна забараніць выяжджаць за мяжу, можна забараніць у праве ўладкоўвацца на працу – тое, што мы бачым сёньня. У гэтым сэнсе свабода людзей моцна абмежаваная… Ёсьць розныя разуменьні вольнасьці. Сапраўдная свабода – гэта свабода ад граху, свабода рабіць толькі пазытыўнае, станоўчае.

Чыноўнікі, аднак, стараюцца не супрацоўнічаць зь недзяржаўнымі арганізацыямі, нават калі тыя прапануюць карысныя для гораду справы, падсумоўвае Уладзімер Хільмановіч.

Былы палітвязень, бізнэсовец Валеры Леванеўскі пацярпеў за тое, што арганізаваў у Горадні масавы мітынг прадпрымальнікаў з палітычнымі патрабаваньнямі на Дзень працы 1 траўня 2004 году, а зьняволілі яго па абвінавачаньні ў публічнай абразе прэзыдэнта Лукашэнкі — за ўлётку з заклікам прыйсьці на мітынг.

Валер Леванеўскі
– Канечне, я выступаю за свабоду прадпрымальніцтва, але праблема заключаецца ў тым, што ў Беларусі ня можа быць свабоды прадпрымальніцтва ў прынцыпе. Таму што ўсім кіруюць чыноўнікі, а свабода прадпрымальніцтва мае на ўвазе адсутнасьць апекі чыноўнікаў на кожным кроку – вымаганьня хабару, калі па-іншаму сказаць.

Гэтага ня выкараніць, пакуль ня выкараніш сыстэму адміністрацыйную, мяркуе былы палітвязень. Як ні дзіўна, беларуская дзяржава не зацікаўленая ў разьвіцьці прадпрымальніцтва, кажа спадар Леванеўскі. Таму што чым больш фінансава моцна адчувае сябе бізнэсмэн, тым больш ён незалежны – і ў выніку хоча адчуць свабоду, быць свабодным.

Як мог заўважыць уважлівы слухач, наш карэспандэнт пачаў свой сюжэт з развагаў пра творчасьць, а напрыканцы згадаў ужо і тэму свабоды ў эканамічнай сфэры. Між тым, лічыць наш грамадзкі рэдактар Вацлаў Гавэл, звычайна ўсё адбываецца з дакладнасьцю да наадварот…

Камэнтуе Вацлаў Гавэл:

– У розных дакумэнтах, якія чытаю, заўсёды спачатку размова пра эканоміку, энэргетыку, потым пра сельскую гаспадарку, а дзесьці на канцы, як такі хвосьцік – згадка аб правах чалавека ці культуры. Такім чынам, спачатку гавораць пра базу, потым пра "надбудову". Так, вядома, быцьцё вызначае сьвядомасьць, але адначасова сьвядомасьць вызначае быцьцё. Гэта такая сымэтрычная, люстраная сытуацыя. Дам прыклад таго, як сьвядомасьць папярэднічае быцьцю: напрыклад, камунізм патрэбна было спачатку прыдумаць, каб потым яго пачалі будаваць.

Алесь Анціпенка
Алесь Анціпенка: "Свабода, прынамсі яе мінімалісцкі ўзровень – гэта індывідуалізм. Беларус у гэтай справе самавыжываньня спадзяецца перш за ўсё на самога сябе”

Дык ці трэба баяцца свабоды? Ці маюць рацыю тыя, хто кажуць пра негатоўнасьць беларусаў да свабоды як катэгорыі?

Калі вядуць гаворку пра падводныя камяні свабоды як асновы існаваньня грамадзтва, часта разважаюць пра пераход яе ва ўседазволенасьць. На думку філёзафа Алеся Анціпенкі, для беларусаў гэта – неактуальна.

– Уседазволенасьць – праблема, якая, як гэта ні парадаксальна, разглядаецца ў суадносінах калектывізму альбо саборны пачатак і індывідуалізм. Беларусы ніколі не існавалі ва ўмовах саборнасьці, прынамсі, апошнія некалькі стагодзьдзяў. Таму для нас гэта неактуальная праблема – уседазволенасьці. Гэта праблема для тых, хто мэнтальна прымае абшчыну, сабор як модус свайго існаваньня. Беларусы – ніколі не прымалі. У гэтым сэнсе беларусы – сапраўдныя эўрапейцы. У адрозьненьне ад расейскай Азіі.

Само ўспрыманьне свабоды як прыдатнай і ўтульнай для сацыяльных камунікацый катэгорыі абумоўлена гістарычна:

– Тыя ўмовы, у якіх беларусы выжывалі цягам апошніх стагодзьдзяў, прывучыла іх да індывідуалізму. Таму што свабода, прынамсі яе мінімалісцкі ўзровень – гэта індывідуалізм. Беларус у гэтай справе самавыжываньня спадзяецца перш за ўсё на самога сябе. У гэтым ёсьць наша беларуская рэальнасьць.

І ўсё ж індывідуальнае разуменьне свабоды мае часам і нэгатыўныя наступствы, лічаць псыхолягі. Свабода адносінаў паміж жанчынай і мужчынай – у прыватнасьці. Прыкладам, вядомы факт: у межах так званага “свабоднага шлюбу” мужчына лічаць сябе вольнымі, а жанчыны – занятымі. Свабода ў дадзеным кантэксьце можа аказацца як на карысьць адносінам, гэтак – і на шкоду, мяркуе псыхоляг Жана Міцкевіч:

– Так званы грамадзянскі шлюб дае падставу для таго, каб людзі, сыходзячыся ў ім, у большай частцы сваёй лічылі так: ты мне нічога не павінны – і я табе нічога не павінна. Сыходзячы з гэтага, ёсьць жаданьне быць разам, застаючыся аўтаномнымі.
мяжа аўтаномнасьці і недаверу – вельмі празрыстая ...

З аднаго боку, нібыта што ў гэтым дрэннага? Але, на думку псыхолягаў, аўтаномнасьць партнэраў перакрэсьлівае ўласна сэнс сям’і. А мяжа аўтаномнасьці і недаверу – вельмі празрыстая. Скажам, вось яшчэ адна далікатная тэма: грошы.

– Яны ня маюць сумеснага бюджэту. Ёсьць у цябе, ёсьць у мяне. Ты можаш імі распараджацца на свой розум. Ну, ён можа нешта набываць у дом. Але яна ня ведае, колькі ён зарабляе і ён ня ведае, колькі зарабляе яна.

Такім чынам, свабода стасункаў можа перайсьці у свабоду ад стасункаў. Бо правы без абавязкаў пярэчаць інстытуту шлюбу гістарычна. Каб свабода была на карысьць, кожная асоба мусіць мець унутраны цэнз, лічаць сацыёлягі.

Камэнтуе Вацлаў Гавэл:

– Мяркую, што мір на сьвеце магчымы толькі тады, калі людзі будуць гаварыць праўду, і калі будуць гаварыць праўду і ў тых пытаньнях, якія ім здаюцца той "надбудовай" – але гэтая другаснасьць ўяўная: там, дзе няма свабодных грамадзянаў, там паступова чэзьне і эканоміка.

Валянцін Акудовіч: “Кожны раз у папярэднія эпохі, калі беларусы прагнулі свабоды, і выяўлялі сваю прагу да свабоды, ім заўсёды гэта вылазіла бокам”

Валянцін Акудовіч
Беларусь – свабодная незалежная краіна. Правы і свабоды грамадзянаў замацаваныя ў Асноўным законе краіны – Канстытуцыі, іншых заканадаўчых актах. Дэкляраваныя свабода слова, свабода друку, свабода сходаў, мітынгаў, свабода выказваньняў, свабода веравызнаньня... Але ці лічаць беларусы сябе свабоднымі, чаму беларусы баяцца свабоды, высьвятляла Іна Студзінская.

Чаму беларусы баяцца свабоды, запыталася ў журналіста Паўла Мажэйкі, які за сваю прафэсійную журналісцкую дзейнасьць атрымаў паўтара гады абмежаваньня волі, так званай «хіміі»:

– Гэта пытаньне не да мяне, таму што, скажу шчыра, я свабодны чалавек, лічу сябе абсалютна свабодным. Бо свабода – гэта цудоўная рэч, Я ведаю яе кошт. Нават нягледзячы на тое, што меў праблемы з рэжымам – дакладней, ён са мной. Свабода дае магчымасьць выбару, дае магчымасьць адказнасьці. Няхай яе баяцца тыя, якія на любыя спробы дзеяньня кажуць: “я не магу, я не хачу, няма часу, гэта ўсё адно не прынясе ніякага выніку” – людзі, якія баяцца той самай адказнасьці, баяцца быць пасьлядоўнымі, баяцца прымаць рашэньні. Урэшце рэшт, баяцца жыць, я б так сказаў.

Ці трэба баяцца свабоды? Філёзаф Валянцін Акудовіч перакананы:

– Я не магу сказаць, трэба баяцца ці ня трэба баяцца свабоды, але факт застаецца фактам. Кожны раз у папярэднія эпохі, калі беларусы прагнулі свабоды, і выяўлялі сваю прагу да свабоды, ім заўсёды гэта вылазіла бокам. Можам узгадаць і паўстаньні ў 19 стагодзьдзі, і спробы прыдбаць незалежнасьць у 20-м стагодзьдзі, памкненьні да свабоднага беларускага слова – усё гэта завяршалася для кагосьці шыбеніцай, як да Кастуся Каліноўскага, для кагосьці – Курапатамі, для кагосьці Сібірру. Карацей кажучы, у беларусаў жыве генэтычны страх перад свабодай, як перад знакам бяды. Бо свабода кожны раз выходзіла нам сьмяротным выракам. Як для пэрсанальных герояў, так і ў цэлым для нацыі. Але хопіць, пара перастаць баяцца свабоды. Бо інакш нашы шляхі будуць весьці ў нікуды.

Палітык, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што ў Беларусі свабода толькі дэкляраваная:

Анатоль Лябедзька
– Мы змагаемся за свабоду. Той, хто змагаецца за яе, ня можа яе баяцца. Яе заўсёды будзе яму не хапаць. А той, хто робіць стаўку на несвабоду, яму нават крышку паветра ўжо зашмат. У Беларусі якраз не хапае свабоды, ёсьць дэфіцыт свабоды. І ён, як у савецкія часы, выдаецца з-пад прылаўку і ў вельмі маленькіх дозах. Наша праблема як раз ня ў тым, што у нас шмат свабоды. У нас многа дэкляраванай свабоды. У нас ёсьць дакумэнты, якія ўтрымліваюць словы пра свабоду, але сказаць пра свабоду і даць людзям свабоду – гэта абсалютна розныя рэчы.

Чаму ў Беларусі не прыжываецца свабода як каштоўнасьць, чаму складваецца адчуваньне, што і грамадзтва яе ня хоча? Журналіст Павал Мажэйка на гэта пытаньне адказаў так:

Павал Мажэйка
– У Беларусі заўсёды хапала гарачых галоваў, і прыклады паказваюць, што тыя, хто змагаецца за свабоду, яны заўсёды кепска заканчвалі. І, напэўна, таму беларускае грамадзтва, значная яго частка жыве па прынцыпу “чым цішэй – тым лепш, тым пэўней”. Скажу шчыра: я перакананы, што ў свой час гісторыкі будуць сьмяяцца з нас, будуць думаць, як беларусы маглі так жыць і пры кім? Таму што сёньняшні рэжым у Беларусі – гэта не рэжым Піначэта ці рэжым Пол Пота... Прыйдзе час, калі мы будзем сьмяяцца з таго, што баяліся быць свабоднымі.

Паводле апошняга апытаньня зарэгістраванага ў Літве Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, 54 працэнты рэспандэнтаў у Беларусі чакаюць ад кіраўніцтва краіны большай свабоды. Аднак кожны трэці выступае за тое, каб Аляксандар Лукашэнка “жорстка кантраляваў палітычнае і эканамічнае жыцьцё ў краіне”. Ці ня варта ў гэтай сытуацыі задзейнічаць замежную дапамогу ў далучэньні беларускага грамадзтва да дэмакратычных свабодаў?

Камэнтуе Вацлаў Гавэл:

– Трэба вельмі ўзважана і асьцярожна выказвацца. І калі б нешта хоць трошку магло б запахнуць як "экспарт" нашых звычаяў і нашай сыстэмы некуды ў іншы кут сьвету, як экспарт прымусовы, то гэта сапраўды небясьпечна. Але гэта не азначае, што мы сёньня ня маем супольнай адказнасьці за тое, што адбываецца ў сьвеце і ня мусім прыйсьці на дапамогу таму, хто пакутуе.

Трэба добра ўзважваць кожны выпадак асобна, прадбачыць наступствы такой дапамогі і спрабаваць знайсьці ёй шырэйшую падтрымку. Вельмі важна знайсьці слушны балянс, каб з аднаго боку паважалася салідарнасьць і права на салідарнасьць, неабыякавасьць да таго, што адбываецца, а з другога боку, каб ніхто ня мог гэта інтэрпрэтаваць як нейкі новы каляніялізм ці экспарт цывілізацыйных каштоўнасьцяў у сьвет, які іх ня можа падзяляць.
XS
SM
MD
LG