Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 3 красавіка, пятніцу.

Кіраўнік краіны правёў нараду па пытаньнях выкарыстаньня дзяржаўных сродкаў. Камэнтары слухачоў:

Пэнсіянэр: “Прайшла нарада прэзыдэнта пра выдаткаваньне бюджэтных сродкаў. Галоўны кантралёр Зянон Ломаць прывёў жахлівыя прыкметы нядбайнасьці. Як абураўся прэзыдэнт! А што абурацца? Вы мяняеце расейскі самалёт на „Боінг“, падначаленыя — „Ладу“ на „Мэрсэдэс“, вы ў Пэкін, Сэрбію з працоўным візытам, яны — у Сочы, Адлер у камандзіроўку. Рыба гніе з галавы”.

Цьвярозьніца: “Свабода”, вітаю вас. Лукашэнка абураны нізкай працоўнай дысцыплінай і п’янствам у той час, калі трэба працаваць. Зьлітуйцеся — у студзені Саўмін прыняў чарговую пастанову пра далейшае нарошчваньне вытворчасьці і продажу сьпіртных напояў, у тым ліку моцных. Для спажываньня большае колькасьці алькаголю патрабуецца і больш часу. Дык што ж цяпер абурацца?“

Ад 1 красавіка на тэрыторыі Беларусі спыніў трансьляцыю шэраг расейскіх тэлеканалаў. Выказваньне на гэтую тэму:

Маргарыта, Менск: “На вулічных дошках напісана „Беларусь для народа“. На самай жа справе ў нас Беларусь для Лукашэнкі. Ён зрабіў сябе недатыкальным, гаворыць што хоча і робіць што хоча. Вось ён узяў і адрэзаў — дарэчы, вельмі добрыя — расейскія тэлеканалы. Не спадабалася, што нехта ня тое пра яго сказаў. Калі б Лукашэнка быў шараговым грамадзянінам, дык пра ягоных дзяцей і асабістае жыцьцё ніхто б і не цікавіўся. А раз сядзіш на самой вяршыні, дык павінен быць празрыстым і прызвычаіцца да ўсяго, што пра цябе гавораць. Такі лёс усіх прэзыдэнтаў і каралёў — быць цярплівым. Калі ж гэтага няма, то і народ няшчасны”.

Пра магчымае запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі на саміт “Усходняга партнэрства” ў Прагу — наступнае тэлефанаваньне:

Спадарыня: “На саміце ў Чэхіі Беларусь павінен прадстаўляць чалавек, які без хлусьні і падману імкнецца да эўрапейскіх каштоўнасьцяў і, паважаючы іх, прыводзіць у дзеяньне ў Беларусі. Калі запрашаць Лукашэнку ў Чэхію на саміт, будзе апаганена памяць Яны Паляковай і кінуты плявок у душы ўсіх, хто ў большай ці меншай ступені пацярпеў ад гэтага чалавека і працягвае цярпець”.

Сябры аргкамітэту “Чарнобыльскага шляху” падалі заяўку ў Менгарвыканкам на правядзеньне акцыі 26 красавіка. Тэлефанаваньне слухача:

Зіноўеў: “Я думаю, арганізатары Чарнобыльскага шляху павінны надрукаваць працоўную кніжку Аляксандра Лукашэнкі і закрыць яе афіцыйна 26 красавіка, і няхай адпачывае. Вельмі цікаўлюся Чарнобыльскім шляхам. Даведайцеся, ці зьбіраюцца яны працоўную кніжку надрукаваць”.

На пытаньне адказвае сябра аргкамітэту, старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі:

Лявон Баршчэўскі
“Аргкамітэт зьбірае ўсе добрыя ідэі — мы сваімі рукамі ня можам усё зрабіць. Але мы заахвочваем людзей, якія самі нешта робяць. Хай чалавек прыходзіць і прыносіць гатовы транспарант. Мы вітаем усялякія формы ажыўленьня акцыі”.

Працягваем праграму іншымі выказваньнямі:

Спадарыня: “Падчас наведваньня 6-й паліклінікі гораду Менску я даведалася ад лябаранткі, якая робіць аналізы крыві, што ім скарацілі заробак на 70 тысяч. Замест таго каб скараціць заробак шматлікім чыноўнікам і міліцыянтам. Па-мойму, гэта абуральна. Знайшлі каму скарачаць заробак! Па-мойму, гэтыя людзі і так пакрыўджаныя нашай дзяржавай і ўрадам”.

Дзядзька Міхась: “Паслухаў такое меркаваньне, што ўжо трэба кандыдатуру на будучых прэзыдэнцкіх выбарах у гэты час раскручваць, абкатваць. Хто б гэта мог ачоліць усенародны гэты рух? Думаю, што такая кандыдатура, як Васіль Шлындзікаў, магла б задаволіць і прамыслоўцаў, і прыватны сэктар, і вынаходнікаў, таму што гэты чалавек у рэспубліцы вельмі вядомы, таленавіты, а таксама сьвядомы чалавек у палітыцы”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 8 017 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


XS
SM
MD
LG