Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 1995 годзе, калі “Наша Ніва” пераяжджала ў Менск, нехта параіў мне знайсьці “круцяля”. Газэта мелася з элітарнага месячніка ператварыцца ў папулярны тыднёвік. І таму быў патрэбны таленавіты прадусар-выдавец, які б, дзякуючы прыроднай інтуіцыі й сувязям, прывёў наша прадпрыемства да посьпеху.

“Круцяля” я знайшоў. Патомны мянчук, ён узяўся за справу і... зьнік. Выйшла так, як часта выходзіць у Менску – стандартныя ўяўленьні не спрацоўваюць, а стэрэатыпы аказваюцца падманлівымі. Мой “круцель” аказаўся запойным п’яніцам і адправіўся ў нірвану свайго менскага шчасьця. Спачатку, здавалася, ненадоўга, але выйшла – назаўжды.

З таго моманту, на маю думку, адсутнасьць “круцяля” – пасьпяховага прадусара-выдаўца – стала самым слабым месцам у нашай літаратурнай справе і ў беларушчыне ў цэлым.

Самі сабе выдаўцы

Але ролю адсутнага прадусара ўсё адно мусіць выконваць нехта. Бо літаратуры пішацца шмат, адно за адным прыходзяць новыя пакаленьні аўтараў, словам, матэрыялу мора, а сувязь з рынкам і з чытачом – амаль на нулі. Прадукцыя пыліцца на складах. І там, на складах, яе ганяюць-перастаўляюць туды-сюды, і ўсё гэта з гікам-крыкам, з крэпкім словам-слэмам... А што рабіць? Адбываецца імітацыя абароту прадукцыі ў сьценах закрытага склада.

Аўтары самі сабе прадусары-выдаўцы. Але вядомая тэза, маўляў, “у таленавітым чалавеку ўсё таленавіта” тут не спрацоўвае. Аказваецца, таленавіты творца – гэта, як правіла, кепскі прадусар з крывымі рукамі, кепскі рэдактар бяз навыкаў прафэсіі, кепскі выдавец, чыя прадукцыя ажыцьцяўляе ня ўзьлёт, а пасадку талента, прычым назаўжды. Кніжка, якая павінна нібыта акрыляць, лягае мёртвым грузам усяго свайго накладу, нібы магільная пліта. Кніжка не выходзіць за межы гіпэрвузкага кола сяброў-літаратараў, бо яе няма каму адтуль вывесьці. Прадусара няма. А сам аўтар зрабіць гэтага ня можа, ня ўмее, дый не павінен.

Ясна, што знайсьці “круцяля” ў наш час усё больш цяжка. Вось нават на “Джэнэрал Мотарз” звальняюць бяздарных кіраўнікоў. Але якраз у такой знаходцы – самы галоўны рэзэрв беларускай літаратурна-выдавецкай справы. Хто вывезе яе прадукцыю са складоў? Хто наладзіць яе абарот на рынку? Хто пачне выдаваць ня толькі тое, што прыйшло само, але й на замову – тое, што можа мець посьпех у чытачоў?

Праблема №2

Яна вынікае зь першай. Няма крытыкі. Быў такі паважаны жанр, і зьнік. Закрытыя ў памяшканьні склада гатовай прадукцыі крытыкі ператварыліся ў рэклямшчыкаў. Зразумела, што пішуць яны цікава й вынаходліва, нашмат лепш за сапраўдных рэклямшчыкаў. Але, як той казаў, можна й мікраскопам цьвікі забіваць.

Тым часам стала ў нас шмат паэтаў, і ніхто ня ведае, хто чаго варты. Ніхто не аналізуе, не параўноўвае, а калі й параўноўвае, дык як у тым сацрэалізме – добрае зь лепшым. І вырашылі самі паэты спаборнічаць: хто гучней прачытае верш, той і больш таленавіты. Паэты крычаць, кніжкі выходзяць на склад, крытыкі рэклямуюць... І ўсё адбываецца ў тым самым закрытым памяшканьні.

Калі няма крытыкі, гэта значыць, пэўных патрабаваньняў, зьнікае адказнасьць за словы, цярпіць доказнасьць, ірвецца пераемнасьць. У выніку нішто не прырастае, а ўвесь працэс ператвараецца ў прабуксоўку.

Нядаўна на адным літаратурным форуме прачытаў характэрную дыскусію. Зь нейкай нагоды згадвалася Ала Кабаковіч. А хто гэта такая? Ня ведаю, -- адказаў адзін літаратар. І я ня ведаю, -- адказаў другі. І я, -- азваўся трэці.

Ня трэба ведаць

Думаю, можа мне мярэсьціцца? Бо як ты займаесься беларускай літаратурай, прычым ня лірыкай ці фікцыямі, а ацэнкай ды аналізамі, ня ведаючы сваіх выдатных папярэднікаў? Неістотна, што жылі яны на пакаленьне ці два да цябе. Ты мусіш ведаць і савецкіх, і антысавецкіх, і даваенных, і нашаніўскіх, і 19 стагодзьдзя – усіх, хто ўдзельнічаў у літаратурным працэсе і ўплываў на яго. Інакш – пра што размова?

Таму, калі сустракаеш незнаёмае імя, не выяўляй сваю дрымучасьць, лепш паспрабуй зараз жа запоўніць пустату. Вось што мяне зьдзівіла больш за ўсё. Сядзяць у інтэрнэце маладыя літаратары і прызнаюцца адзін аднаму ў няведаньні, хто такая Ала Кабаковіч. Замест таго, каб набраць у шукалцы гэтае імя й атрымаць дастатковую інфармацыю.

Чаму так выходзіць? Лянота зазірнуць у Google?

Ёсьць звыклая схема функцыянаваньня ведаў. Скажам, было такое літаратурнае аб’яднаньне “Маладняк”. Вялікае мноства твораў, свая крытыка, сотні лёсаў... Мацярык. І вось прыходзіць пэўны этапны аўтар, усё гэта вывучае й стварае літаратуразнаўчае падсумаваньне – кнігу пра “Маладняк”. Цяпер літаратурнаму нэафіту не абавязкова пераворваць увесь мацярык самому, дастаткова прачытаць гэтую кнігу. А калі такой кнігі няма або яна напісана абы як? Тады мусіш усё вывучаць сам... З часам, калі пра “Маладняк” зьявіцца не адна, а некалькі кніг, прыходзіць чарговы этапны аўтар, які ўжо на іх падставе стварае падсумаваньне. І гэтак далей. Так выглядае схема пераемнасьці й разьвіцьця працэсу.

Сёньня ж мы назіраем спрэс адваротнае. Кожны нэафіт пачынае сваю дзейнасьць быццам спачатку, быццам ніколі не было ні “Маладняка”, ні Алы Кабаковіч. Але ў выніку з чарговай зьменай пакаленьняў і ад таго нэафіта не застаецца ні знаку.

Слоўнік сабачых імён

Прыяцель распавёў, як пару месяцаў таму нашы літаратурныя музэйшчыкі былі ўражаныя тым фактам, што ў Коўне жыве ўнук Марціна Кухты. Гэта ж адкрыцьцё! Унук друкара “Нашай Нівы”, якога згадаў у вершы Максім Багдановіч – жывы!.. Між тым, падрабязнае інтэрвію з гэтым унукам гучала на Радыё Свабода ў 2003 годзе. Тады ж тэкст перадачы зьявіўся ў інтэрнэце, дзе яго можна знайсьці й сёньня, а яшчэ праз пару гадоў выйшаў у кнізе “Вострая Брама”.

У газэтчыкаў ёсьць такі жарт: нарэшце й наш карэспандэнт даведаўся... Прыведзеныя прыклады – быццам дробязь, але такіх прыкладаў робіцца ўсё болей. Магу згадаць пра адкрыцьцё месца пахаваньня Каліноўскага, якое толькі на маёй памяці знаходзілі – о, эўрыка! – тры разы, і кожны раз на тым самым месцы. Ды цяпер амаль кожны дзень нехта зноў і зноў адкрывае публіцы Амэрыку. А таму нішто асабліва не разьвіваецца, ня рухаецца наперад, не прырастае.

Думаю, справа ня толькі ў ляноце, няведаньні ці забыўлівасьці. Проста разам з выхаваньнем не закладзены прынцып – мусіш дасканала ведаць справу, за якую ўзяўся. Няма прынцыпу, вось ніхто нічога й не шукае. Нават дзеля простае цікаўнасьці.

Пару дзён таму нехта выставіў у інтэрнэце пытаньне – як назваць сабаку па-беларуску? Ну, і ўвогуле, маўляў, давайце пагаворым пра гэта. Пачынаецца дыскусія – хто што ведае. А я згадаў, што колькі гадоў таму на сайце Litara.net быў цэлы форум пад назвай “Слоўнік сабачых імён” – з мноствам прыкладаў, сюжэтаў і нават з гісторыка-культурнымі развагамі пра выбар мянушкі -- як люстэрка мэнтальных асаблівасьцяў нацыі. Праверыў – ёсьць гэты форум у інтэрнэце, нікуды ня зьнік і знайсьці яго элемэнтарна.

Праблема №3

Аднак недасьведчанасьць – гэта толькі наступства адсутнасьці крытыкі, дакладней, крытычнага поля, у якім сорамна было б выскокваць з даўно адкрытым адкрыцьцём. А поля няма, таму што няма адпаведнае сыстэмы адукацыі, няма культуры дыскусіі, а галоўнае – патрабавальнасьці ў выдаўцоў. А патрабавальнасьці няма, бо няма канкурэнцыі.

Сёньня газэты й часопісы стараюцца не сутыкацца на вузкай сьцежцы. Вось калега задумаў выдаваць нацыянальна арыентаваную газэту. І першае, што заявіў -- “Мы ні ў якім разе ня хочам складаць канкурэнцыі “Нашай Ніве”. Чаму? Ну, маўляў, каб усім было добра, хай кожны сядзіць у сваёй нішы.

А па выніку якраз і нядобра. І найперш “Нашай Ніве” нядобра. Як ты будзеш разьвівацца, рухацца, зьмяняцца, калі параўнаць сябе няма з чым? Калі нішто не адцяняе твае слабыя й моцныя бакі? Калі няма спаборніцтва за аўтара й за чытача?

Можа быць, якраз з канкурэнцыі й трэба пачынаць? І тады ў гэтым сутыкненьні кожны зможа знайсьці сабе “круцяля”? І тады прадукцыя нарэшце выйдзе са складоў на рынак, а аўтары -- да шырокае публікі? І тады адродзіцца паважаны жанр крытыкі? І зноў стане сорамна адкрываць Амэрыку? І адновіцца пераемнасьць, рух наперад, прырост?

Прынамсі, сёньня такімі бачацца рэзэрвы нашай літаратурна-выдавецкай справы і беларушчыны ў цэлым.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG