Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каляровыя балёнікі супраць расізму


Сёньня ў Менску валянтэры Беларускага Хэльсынскага камітэту правялі акцыю супраць расізму і ксэнафобіі.

Актывісты раздавалі мінакам рознакаляровыя надзіманыя балёнікі і нагадвалі пра роўнасьць правоў людзей розных рас і нацыянальнасьцяў.








Каардынатарка акцыі Валерыя Саўчанкава вучыцца на філёляга ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. Яна валянтэрка Беларускага Хэльсынскага камітэту, змагаецца за роўнасьць людзей розных расаў і нацыянальнасьцяў. Валерыя кажа, што праблема бытавога расізму ўласьцівая і Беларусі.

“Прыкладам, у нас шмат кітайскіх студэнтаў, і мне даводзіцца чуць ад беларускіх студэнтаў, як іх „дасталі“ гэтыя кітайцы, куды б іх адправіць і гэтак далей. Да таго ж ёсьць выпадкі, калі кітайскіх студэнтаў зьбівалі, забіралі грошы проста з-за таго, што неславянскай зьнешнасьці. І вось удзельнікі гэтай інфармацыйнай акцыі хочуць прыцягнуць увагу да гэтай праблемы. Таму і выбраныя ў якасьці сымбалю рознакаляровыя балёнікі, кожны зь якіх мае права ўзьляцець у паветра”.

Карэспандэнт: “Як, на вашую думку, адрозьніваецца сытуацыя з расізмам у Беларусі ад замежных краін”.

Саўчанкава: “Была ў Нямеччыне. Там сярод простых людзей, якія ходзяць па вуліцах, я такога не заўважала. Але што да, прыкладам, Расеі, там гэта вельмі распаўсюджана. У Беларусі гэта, можа, менш прыкметна для людзей, але ад гэтага праблема не зьнікае”.

Карэспандэнт: “Ці ёсьць у вас тут сярод знаёмых, сяброў людзі зь іншым колерам скуры: чорныя, жоўтыя? Што яны кажуць пра расізм у Беларусі?”

Саўчанкава: “Ім, вядома, не падабаецца, калі іх успрымаюць так, што яны нібыта „дурнейшыя“ ці што нібыта „панаехалі тут“. Прыкладам, яны студэнты, тут вучацца, плацяць за вучобу грошы. Яне не прэтэндуюць, каб іх успрымалі неяк асабліва, нібыта больш разумныя, ды ставіліся неяк асабліва. Зусім не. Яны б хацелі роўнага стаўленьня зь іншымі. Але, на жаль, часта да іх ставяцца як да асаблівых і ня вельмі шануюць.”

Карэспандэнт: “Зь цягам часу ў Беларусь усё больш будзе прыяжджаць людзей з-за мяжы. На вашу думку, у які бок будзе мяняцца сытуацыя з расізмам?”

Саўчанкава: “Не магу сказаць, як будзе. Магу сказаць, як хацелася б, каб было. Найперш каб было агульнае разуменьне, што ўсе людзі, якія б яны ні былі розныя, — яны роўныя. Каб кожны беларус разумеў, што чалавек зь іншым колерам скуры ці валасоў мае тыя ж самыя правы”.

Акцыя валянтэраў БХК праходзіла ў Беларусі ў межах тыдня барацьбы з расізмам і ксэнафобіяй, які быў абвешчаны ААН, паведаміла Валерыя Саўчанкава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG