Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У мэмарыяльным комплексе “Курапаты” невядомыя злачынцы раскапалі дзьве магілы. Парэшткі нябожчыкаў яны пакінулі на жвірах. Сёньня раніцай на месца здарэньня прыбылі міліцыянты з групай экспэртаў. Паводле папярэдняга меркаваньня міліцыянтаў, злачынства магло быць зьдзейсьнена ўчора, 2 красавіка. У Курапатах была наша карэспандэнтка Любоў Лунёва. Яна і выклікала на месца злачынства міліцыянтаў.

СЛУХАЦЬ:


Увечары 2 красавіка сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Юхо заўважыў адну раскапаную магілу. Яна была крыху прысыпаная зямлёй, але навідавоку ляжалі косткі нябожчыкаў. Сп.Юхо лічыць, што, магчыма, магілу прыкапалі, каб выпадковыя мінакі не заўважылі каля яе сьвежага жвіру, бо яна недалёка ад пагорку.

Другую раскапаную магілу заўважылі толькі сёньня. Яна была пад гарой за некалькі мэтраў ад першай, у бок старой дарогі на Заслаўе.

Уладзімер Юхо
Уладзімер Юхо: “Ішоў сюды на нашу Галгофу, аглядаў усё пасьля зімы. Убачыў крыж новы, які тут паставілі. Убачыў жвір недалёка ад крыжу. Пайшоў адразу сюды й убачыў тут косткі і рэчы, якія тут ляжаць. Безумоўна, жахнуўся”.




Алесь Чахольскі
Актывіст Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі: “Вось гэтае злачынства было зьдзейсьненае акурат у дзень яднаньня народаў Беларусі і Расеі. Зьдзек працягваецца над нашымі сьвятымі пакутнікамі. Дайшло да таго, што раскопваюць магілы.

Яны, канечне, абразілі мяне пэрсанальна. Праваахоўныя органы ня могуць забясьпечыць пакой душам. Раскапалі фактычна магілу майго дзеда, забітага НКВД у 1934 г. у Казахстане. Гэта абраза. Гэта амаль тое ж, што раскапалі магілу майго бацькі. Я гэтага не дарую“.

Старшыня таварыства аховы помнікаў і гістарычнай спадчыны Антон Астаповіч лічыць, што магілы маглі раскапаць так званыя “чорныя капальнікі”. Магчыма, яны спадзяваліся знайсьці ў магілах каштоўныя рэчы.

Антон Астаповіч
“Вялікае зло, якое цяпер адбываецца ў Беларусі — гэта масавае “чорнае капальніцтва”. Раскопваюць усё. Ад старажытных курганоў дабраліся й да Курапатаў. І гэта ўсё адбываецца па вялікім рахунку пры патураньні праваахоўных органаў. Мы будзем дабівацца, каб тут была пастаянная ахова”.

На месца злачынства прыехалі намесьнік кіраўніка Бараўлянскай міліцыі Міхаіл Грыб і кіраўнік міліцыі Менскага раёну Віктар Маісееў.

Віктар Маісееў: “Прыяжджаюць кожны дзень і ахова, і патрульна-паставая служба. У Бараўлянскім аддзеле міліцыі гэта ўключана ў абавязак. Яны ажыцьцяўляюць тут ахову грамадзкага парадку. Пакуль будзе праводзіцца разьбіральніцтва. Чакаем сьледча-апэратыўную групу. Будуць працаваць экспэрты, сьледзтва, а потым будзем глядзець, што з гэтага рабіць”.

Пакуль чакалі экспэртаў, службовы сабака ўзяў сьлед да дарогі на Заслаўе. Па дарозе ён знайшоў пальчатку, якой карысталіся злачынцы, раскопваючы магілы. Хутчэй за ўсё, яны пакінулі машыну на дарозе, а потым вярнуліся туды і паклалі ў багажнік інструмэнты.

Міліцыянты паведамілі, што “чорныя капальнікі” стаяць на ўліку ў апэратыўным аддзеле міліцыі, але з кожным годам іх становіцца ўсё больш і больш.

Сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ заклікалі ўсіх прадстаўнікоў дэмакратычнага руху выйсьці заўтра, 4 красавіка, са сваімі інструмэнтамі на талаку аб 11 раніцы. Яны спадзяюцца сумеснымі намаганьнямі прыбраць тэрыторыю да велікоднага тыдня.

Некалькі разоў у Курапатах невядомыя зьдзяйсьнялі акты вандалізму: валілі крыжы, размалёўвалі свастыкай помнікі, ламалі “лаву Клінтана”, пэцкалі фарбай помнікі. З 1995 году ў Курапатах час ад часу здараліся выпадкі, калі “чорныя капальнікі” ў пошуках здабычы раскопвалі магілы на ўскрайку ад дарогі.






Зьбіраюць улікі






Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG