Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі прадпрымальнікі працягваюць пратэставаць супраць новых, падвышаных ставак адзінага падатку. З удзелам рэспубліканскага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” сёньня на рынках зьбіралі подпісы пад зваротам у абласны савет.


Бізнэсоўцы патрабуюць перагледзець уведзеныя Гомельскім абласным саветам стаўкі адзінага падатку. Гаворыць адна з прадпрымальніц Цэнтральнага рынку:

“Ад аблсавету мы патрабуем зьніжэньня ставак. Мы не выжываем. Гандаль зьведзены на нішто. Сама спажывецкая здольнасьць людзей упала да мінімуму. Нам няма з чаго плаціць”.

Анатоль Шумчанка
Кіраўнік аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка паведаміў, што з Гомеля было шмат зваротаў у арганізацыю. Таму й вырашана дапамагаць гомельскім прадпрымальнікам:

“Было шмат зваротаў у нашу арганізацыю ад прадпрымальнікаў з Гомелю. Сытуацыя склалася так, што мясцовыя лідэры, на жаль, не ўзялі гэта пад увагу. Таму высокія стаўкі й зацьвердзілі. Мы зараз зьбіраем подпісы на ўсіх рынках Гомелю і наважаны перадаць іх у Гомельскі абласны савет дэпутатаў. Дзеля таго каб былі зьніжаныя стаўкі адзінага падатку”.

Старшыня рады прадпрымальнікаў Цэнтральнага рынку Гомелю Аляксандар Рубчэня лічыць, што пасіўнасьць сапраўды мела месца:

“Атрымалася так з-за пасіўнасьці нашых прадпрымальнікаў. Так яно й выйшла. Калі прымалі стаўкі, на сэсію абласнога савету дэпутатаў мяне ніхто не запрасіў. Была напісана заява, каб паўдзельнічаў у сэсіі я, Анатоль Зьмітровіч са Сьветлагорску й Валер Баркавец з Мазыра. Мы хацелі выступіць са сваімі прапановамі. Нас праігнаравалі, нас ніхто на сэсію не запрасіў”.

Напярэдадні на Цэнтральным рынку адбыўся сход прадпрымальнікаў з удзелам бізнэсоўцаў Мазыра, Жлобіна, Сьветлагорску, Рагачова. Створана абласная рада прадпрымальнікаў, каб супольна адстойваць у рэгіёне інтарэсы дробнага бізнэсу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG