Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не едуць у Смаргонь па сылікат і бэтон


Склады прадпрыемства “Смаргоньсылікатабэтон” запоўненыя гатовай прадукцыяй. Адміністрацыя прадпрыемства шукае выхаду і спрабуе маркетынгавыя новаўвядзеньні.


ААТ “Смаргоньсылікатабэтон”, як і іншыя прадпрыемствы па выпуску будаўнічых матэрыялаў, цярпіць праблемы са збытам. З пачаткам крызісу рэзка зьнізіўся экспарт у Расею і іншыя краіны. Спэцыялісты тлумачаць, што дастаўка са Смаргоні ў маскоўскі рэгіён падвышае кошт адной тоны сылікатных блёкаў на 20 даляраў. Гэта значыць, што ніякіх цэнавых перавагаў беларуская прадукцыя ўжо ня мае.

У цяперашнім складаным становішчы адміністрацыя смаргонскага прадпрыемства на кантакт з журналістамі ідзе неахвотна. Праўда, у аддзеле збыту інфармацыю пра затаварваньне складоў усё ж пацьвердзілі.

Спадарыня: “Сытуацыя ня вельмі добрая. Ёсьць у нас запасы на складах. Але ў чым прычына — я вам адказаць не магу. Магчыма, людзі зьбяднелі, магчыма, нешта іншае...”

Каб разгрузіць склады, фірмовая крама прадпрыемства распачала акцыю па продажы бэтонных блёкаў са зьніжкамі. Усім, хто набудзе тут зараз бэтонныя блёкі й іншую прадукцыю, прапануюць захоўваць купленае да 15 траўня на складах прадпрыемства бясплатна.

Прадавачка крамы кажа, што людзям гэта даволі зручна. А я пытаюся — ці ўзрасла ад гэтага колькасьць продажаў?

Спадарыня: “Трошачкі палепшылася. Проста людзям зручней цяпер пакласьці на захаваньне ў нас, бо на ўчасткі, дзе зьбіраюцца будавацца, цяжка іх давезьці, паўсюль мокра”.

Прадавачка кажа, што яшчэ да новага году нават ня думала, што могуць зьявіцца такія праблемы.
Крызіс нас закрануў канкрэтна ...

Спадарыня: “Крызіс нас закрануў канкрэтна. Нашмат менш адгружаем прадукцыі. Раней у нас трэба было запісвацца на чаргу амаль на паўгода наперад, а цяпер — калі ласка, купляй свабодна...”

Першая лінія гідрамэханізаванага заводу “Смаргонь” па здабычы нярудных будаўнічых матэрыялаў (пяску і гравію) была здадзена 15 лістапада 1962 году. Пазьней на яго базе быў створаны Смаргонскі камбінат сылікатных вырабаў, а затым — вытворчае аб'яднаньне "Смаргоньсылікатабэтон".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG