Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія прэтэнзіі ў калегаў да міністра Навумава?


Уладзімер Навумаў

Уладзімер Навумаў

Міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава заклікаюць пайсьці ў адстаўку калегі, якія хаваюць свае імёны. Якія прэтэнзіі маюць міліцыянты да свайго міністра?

Ліст бяз подпісу, у якім міліцыянты заклікаюць свайго міністра Уладзімера Навумава пайсьці ў адстаўку, разьмешчаны ў інтэрнэце. Ці ёсьць ананімка заклікам рэальных людзей, альбо гэта звычайная правакацыя адной групоўкі пры ўладзе супроць другой з мэтай “скінуць” канкурэнта?

Маёр міліцыі ў адстаўцы Аляксандар Мікулін мяркуе, што за лістом стаяць рэальныя міліцыянты сярэдняга ўзроўню, якіх шмат што не задавальняе ў кіраўніцтве Навумава:

“На месцах людзі, якія цьвяроза мысьляць, паказваюць, што праблемы магчыма вырашаць, але ...рыба, як кажуць, гніе з галавы”.

Зь якімі прэтэнзіямі, выстаўленымі Ўладзімеру Навумаву ананімнымі калегамі, згодны былы маёр Мікулін? Найперш, са зьніжэньнем аўтарытэту міліцыянтаў сярод насельніцтва ды зь непапулярнымі захадамі супроць актывістаў апазыцыі, у якіх задзейнічаюць супрацоўнікаў міліцэйскіх управаў, а ня толькі спэцпадразьдзяленьні. Асаблівыя прэтэнзіі ў час крызысу гучаць адносна хакейнага клюбу “Дынама”, на ўтрыманьне якога ў дарагой расейскай хакейнай лізе спаганяюцца мільёны даляраў, а тым часам міліцыянтам скасавалі ільготы на праезд, зьнізілі розныя выплаты ды пэнсіі. Аляксандр Мікулін згадвае і прымусовую падпіску на міліцэйскую пэрыёдыку ды іншыя ініцыятывы кіраўніцтва, надзвычай непапулярныя сярод міліцыянтаў. Чаму ж ніхто зь іх не паставіў сваё прозьвішча пад лістом, адрасаваным міністру?
Rалі чалавек гэтак доўга знаходзіцца на такой адказнай пасадзе, ён губляе нюх.

“Людзі баяцца. У іх жа рэальна няма права голасу. Баяцца згубіць працу, бо потым ўладкавацца вельмі цяжка, калі пра цябе ведаюць, што ты кажаш праўду”, -- мяркуе былы маёр міліцыі Аляксандр Мікулін.

Міністрам унутраных справаў Уладзімер Навумаў быў прызначаны ў верасьні 2000-га году. Апошнія гады пэрыядычна ўзьнікаюць чуткі, маўляў, сыходзіць у адстаўку сам, ці яго здымаюць, – кажа журналістка Марына Коктыш. На прэсавых канфэрэнцыях яна спраўджвала гэтыя зьвесткі ў самога міністра і заўсёды атрымлівала адказ: гэта -- чуткі. Аднак зьяўленьне такіх чутак Марына Коктыш лічыць невыпадковай зьявай і зьвязвае гэта з асаблівасьцямі службовай кар’еры спадара Навумава.

“Проста калі чалавек гэтак доўга знаходзіцца на такой адказнай пасадзе, ён губляе нюх, не адчувае таго, што робіцца ў яго пад нагамі. Нават калі браць гэты скандал з катэджамі. Няўжо да таго, як Лукашэнка яго носам ткнуў у гэтую сытуацыю, Навумаў ня ведаў, што творыцца ў ягоным міністэрстве? Але ж там падобных сытуацый процьма”, -- мяркуе журналістка Марына Коктыш, якая спасылаецца на свае крыніцы ў міністэрстве ўнутраных справаў.

Нагадаем, пры канцы 2008-га году Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў некаторых намесьнікаў Навумава ды іншых адказных міліцыянтаў у тым, што яны з парушэньнямі правілаў будавалі катэджы на беразе Менскага мора. Міліцыянты былі звольненыя, катэджы ў іх адабралі, а міністар Уладзімер Навумаў пакараны вымовай. “Прэзыдэнт вызначае меру маёй адказнасьці, а я ня з тых, хто просіць сабе большага пакараньня”, -- адказаў Навумаў на пытаньне, ці не зьбіраецца ён ў сувязі з катэджавым скандалам падаць ў адстаўку.

Спадар Навумаў уваходзіць ў сьпіс чыноўнікаў, якіх Эўразьвяз і ЗША падазраюць у датычнасьці да зьнікненьняў дзеячоў апазыцыі ў Беларусі. Уезд у краіны Эўразьвязу і ЗША Ўладзімеру Навумаву забаронены.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG