Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньняшняя рэзалюцыя Эўрапарлямэнту па Беларусі, як і трэба было спадзявацца, адлюстроўвае новы, цяплейшы клімат у адносінах паміж Брусэлем і афіцыйным Менскам. Таму ранейшыя ноты ізаляцыянізму ў падыходзе эўрапарлямэнтараў да беларускага рэжыму у гэтым дакумэнце саступілі месца сьцьвярджэньням аб прагматычнай ангажаванасьці абодвух бакоў у дыялёг і супрацоўніцтва.

Гаворачы канкрэтна, рэзалюцыя поўнасьцю ўхваляе два апошнія важныя крокі Эўразьвязу ў адносінах да Беларусі: прыпыненьне візавых санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў на далейшыя 9 месяцаў і запрашэньне Беларусі да ўдзелу ў праграме Ўсходняга партнэрства.

Што тычыцца пажаданьняў Эўрапарлямэнту, дык эўрадэпутаты выставілі свой ранейшы сьпісак прэтэнзій да Менску, які пачынаецца патрабаваньнем рэфармаваць выбарчае заканадаўства і заканчваецца заклікам да ўвядзеньня мараторыю на выкананьне сьмяротных прысудаў. Праўда, дадаліся і сьвежыя пажаданьні — напрыклад, каб беларускі ўрад легалізаваў Саюз палякаў пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс, зарэгістраваў бюро Белсату ў Беларусі, перагледзеў прысуды па так званай “справе 14”. У рэзалюцыі згадваюцца таксама маладзёвыя актывісты, якіх нядаўна гвалтам забралі ў войска.

Рэзалюцыя Эўрапарлямэнту — гэта не закон, які абавязвае нейкі выканаўчы орган Эўразьвязу да канкрэтных дзеяньняў, а ўсяго толькі выяўленьне агульных настрояў у калідорах эўрапейскай улады ў Брусэлі наконт Беларусі. Тым больш нельга спадзявацца, што гэтую рэзалюцыю возьмуць сабе моцна да сэрца беларускія ўлады. Але я не выключаю, што нешта з гэтага сьпіску эўрапейскіх пажаданьняў Менск можа і выканаць, каб пайсьці насустрач гэтай новай прагматычнай ангажаванасьці. Напрыклад, зьняць забарону на распаўсюджваньне некаторых недзяржаўных газетаў у дзяржаўнай сетцы распаўсюду, у дадатак да „Нашай Нівы” і „Народнай Волі”.

Прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Ганс-Герт Пётэрынг падчас дэбатаў па Беларусі выказаўся даволі ясна, што цяпер эўрадэпутаты чакаюць крокаў насустрач з боку Менску:

„Цяпер чарга за беларускім урадам, каб прадэманстраваць Эўразьвязу і Эўрапарлямэнту сваю гатоўнасьць правесьці зьмены і сваё жаданьне паважаць асноўныя правы чалавека і дэмакратычныя свабоды”.

Эўразьвяз мае надзею, што гэтая палітыка прагматычнай ангажаванасьці зможа зрабіць тое, чаго ня здолела папярэдняя палітыка ізаляцыі — дэмакратызаваць Беларусь.

Эўрапарлямэнтар Яцэк Пратасевіч, адзін з аўтараў сёньняшняй рэзалюцыі па Беларусі, сказаў нашаму радыё, што Эўразьвяз спадзяецца пераканаць беларускі рэжым, што дэмакратыя не зьяўляецца яго ворагам:

„Мы хочам пераканаць людзей пры ўладзе ў Беларусі, што дэмакратыя не накіраваная супраць іх. У дэмакратычнай краіне ёсьць месца і для іх. У дэмакратычнай краіне, такой як дэмакратычная Польшча, людзі папярэдняга рэжыму таксама прыстасоўваюцца, яны таксама ўдзельнічаюць у палітычным і грамадзкім жыцьці”.

Ці захочуць беларускія ўлады дэмакратызавацца?

Наўрад ці ў нейкім істотным вымярэньні. Афіцыйны Менск, у кожным разе, такога жаданьня не праяўляе. Вось амбасадар Беларусі пры Эўразьвязе Ўладзімір Сянько, хвалячы новую палітыку прагматычнай ангажаванасьці, сказаў учора ў Брусэлі, што Беларусь зацікаўленая ў супрацоўніцтве з Эўразьвязам толькі “на роўных умовах”. Перакладаючы гэта з дыпляматычнай мовы на простую, атрымаем — “вы нас розуму вучыць ня будзеце”. Але — пажывем, паглядзім. Час ідзе, змяняюцца ня толькі людзі, але і погляды ды падыходы.
XS
SM
MD
LG