Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Брусэлі Эўрапейскі парлямэнт ухваліў рэзалюцыю па Беларусі, якая прысьвечана “эвалюцыі дыялёгу паміж ЭЗ і Беларусьсю”.

СЛУХАЦЬ:


Цягам 9-месячнага мараторыю на візавыя санкцыі адносна беларускіх чыноўнікаў на чале з Аляксандрам Лукашэнкам Эўрапарлямэнт чакае істотнага прагрэсу ў шэрагу асноўных кірункаў. Яны ўжо добра вядомыя і пералічваюцца ў некалькіх ранейшых рэзалюцыях. Сярод іншага, гэта рэформа выбарчага заканадаўства, забесьпячэньне свабоды мэдыяў, скасаваньне “палітычных” артыкулаў крымінальнага кодэксу, спыненьне палітычнага перасьледу. Парлямэнтар Януш Анышкевіч (Польшча) адзначыў:

Janusz Onyszkiewicz
“Мы чакаем, каб Беларусь паказала, што яна ня толькі гатовая вызваліць палітычных вязьняў, бо на месцы іх могуць быць наступныя, і мы пра іх нагадваем. А каб яна праводзіла структурныя зьмены, унесла зьмены ў Крымінальны кодэкс, скасавала вядомы артыкул 193-1, таксама іншыя артыкулы, якія прымяняюцца для перасьледу журналістаў. І мы маем надзею, што дыялёг, распачаты паміж беларускімі ўладамі і Бюро АБСЭ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека, прывядзе да зьменаў выбарчага заканадаўства”.

Але ці ёсьць сэнс з рэзалюцыі ў рэзалюцыю паўтараць адны і тыя ж патрабаваньні, якія афіцыйны Менск не выконвае? Эўрапарлямэнтар Вітаўтас Ландсбэргіс (Літва) адзначыў:

Vitautas Landsbergis
“Усё ж сытуацыя цяпер іншая. Гэта ня проста зганеньне некага далёкага, хто можа на гэта махнуць рукой. Цяпер пэрыяд кантактаў паміж ЭЗ і беларускім рэжымам. І ці будзе з гэтага нейкая агульная карысьць, будзе залежаць ад драбка добрай волі. Таму калі і паўтараюцца патрабаваньні, як і раней, то цяпер яны ў новым кантэксьце. Калі яны цяпер будуць ігнаравацца альбо трактавацца грэбліва, то гэта ня будзе карысна для спадара Лукашэнкі, які, відаць, хоча нейкага паляпшэньня стасункаў і нават дапамогі ад ЭЗ. Для гэтага ёсьць сэнс прымаць рэзалюцыю з указаньнем заганаў і прапановай іх выпраўляць”.

У рэзалюцыі таксама ўхваляецца актывізацыя дыялёгу паміж высокапастаўленымі прадстаўнікамі ЭЗ і Беларусі. І таксама Эўрапарлямэнт падкрэсьлівае, што дэмакратычная апазыцыя і грамадзянская супольнасьць павінны далучыцца да гэтага дыялёгу.

Анышкевіч: “Мы хацелі б, каб у розных перамовах удзельнічалі таксама прадстаўнікі апазыцыі — у перамовах, якія тычацца ня толькі тэхнічных, але і палітычных пытаньняў. І ва ўсякім разе, каб праводзіліся кансультацыі з роўным удзелам апазыцыі і прадстаўнікоў улады. Каб у адным месцы сустракаліся абодва бакі і каб прадстаўнікі ЭЗ маглі слухаць прадстаўнікоў абодвух бакоў”.

Паводле спадара Анышкевіча, рэакцыя беларускіх уладаў пакуль ня надта абнадзейвае. Ён згадаў, што дэлегацыя Эўрапарлямэнту адклала свой візыт у Менск, бо беларускі бок спрабаваў навязаць ёй “непрымальную праграму”. І гэта ня ёсьць добрым сыгналам зь беларускага боку. Ён таксама мяркуе, што Аляксандар Лукашэнка не павінен зьяўляцца на саміце ў Празе, і Беларусь мае быць там прадстаўлена на ніжэйшым узроўні.

“Але ж калі нават Лукашэнка там зьявіцца, то гэта ня будзе азначаць, што ЭЗ гатовы да прызнаньня Беларусі краінай, якая гатовая да дыялёгу, гатовая да выкананьня пэўных умоваў, можа, ня ўсіх, але некаторых, якія ставіць ЭЗ”.

Калі афіцыйны Менск выканае выкладзеныя ў рэзалюцыі патрабаваньні цягам бліжэйшых месяцаў, то Эўрапарлямэнт выдасьць рэкамэндацыю скасаваць санкцыі на стала, а таксама распачаць захады, якія б садзейнічалі эканамічнаму і сацыяльнаму прагрэсу ў краіне, рэінтэграцыі Беларусі ў агульнаэўрапейскую сям’ю.
XS
SM
MD
LG