Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сэсіі Эўрапарлямэнту ў Брусэлі адбылося галасаваньне па беларускай рэзалюцыі. Парлямэнтары выказваюць заклапочанасьць станам з правамі чалавека ў Беларусі і выказваюць спадзеў на істотны прагрэс цягам 9-месячнага падаўжэньня мараторыю на візавыя санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва. Меркаваньні грамадзкіх дзеячаў.

СЛУХАЦЬ:


Сярод крокаў, якіх дзеля паўнавартаснага дыялёгу чакаюць бліжэйшым часам ад афіцыйнага Менску, — рэформа выбарчага заканадаўства, забесьпячэньне свабоды СМІ, сходаў і асацыяцый, спыненьне перасьледу апазыцыі, адмена “палітычных” артыкулаў Крымінальнага кодэксу, увядзеньне мараторыю на сьмяротныя пакараньні і некаторыя іншыя. Калі Беларусь выканае рэкамэндацыі, то Эўрапарлямэнт выступіць за поўную адмену візавых санкцый і паскорыць працэс інтэграцыі Беларусі ў эўрапейскую сям’ю.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі, які намагаецца зарэгістраваць грамадзкую арганізацыю “Наша вясна” замест зьліквідаванай “Вясны”, пакуль не адчувае рэальнай лібэралізацыі на ўласным досьведзе:

Алесь Бяляцкі
“У поўным аб’ёме спадзявацца на тое, што ўсё будзе выканана, на жаль, не даводзіцца. Прынамсі, на сёньняшні дзень. Можа, паступова яно і будзе выконвацца, але зараз бачым, што сытуацыя з рэгістрацыяй вельмі неадназначная. Напрыклад, нашу арганізацыю ня так даўно не зарэгістравалі. Зараз зноў будзем падаваць дакумэнты на рэгістрацыю і паглядзім — літаральна цягам месяца будзе зразумела, што да чаго. Таксама бачым іншыя формы перасьледу: на днях узбуджана крымінальная справа супраць віцебскага праваабаронцы Леаніда Сьвеціка за абразу прэзыдэнта. Гэта адзін з артыкулаў у Крымінальным кодэксе, пра якія ідзе размова ў рэзалюцыі Эўрапарлямэнту. То бок яшчэ ўсё працуе. Таму тут больш сапраўды нейкіх спадзяваньняў, а рэчаіснасьць на самой справе не такая, як хацелася б”.

Сёньня пры галасаваньні эўрадэпутаты таксама ўхвалілі некалькі паправак. Дэпутат ад Польшчы Яцэк Пратасевіч на просьбу лідэра руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча ўнёс папраўку, якая патрабуе ад уладаў Беларусі выпусьціць нядаўна арыштаваных палітвязьняў, а таксама перагледзець прысуды па так званай “справе 14-ці”.

Сам Аляксандар Мілінкевіч наконт пэрспэктываў далучэньня Беларусі да “эўрапейскай сям’і дэмакратычных дзяржаваў” трымаецца такой думкі:

Аляксандар Мілінкевіч
“Адносіны Эўропы наступныя: усё ж даць беларусам шанец. Эўропа ня будзе абмяжоўваць шанцы нашага народу. Ад уладаў чакаюць значна большага, чым яны зрабілі. Хацелася б, каб было вельмі хутка, але хутка не атрымліваецца. Улада баіцца адпускаць лейцы, баіцца грамадзянскай супольнасьці. Улада ня хоча спыніць перасьлед людзей, бо столькі гадоў усіх трымалі на страху. Я ведаю толькі адно: інтэнсіўнасьць супрацоўніцтва ва “Ўсходнім партнэрстве” (веру ў тое, што мы застанемся ў ім) будзе залежаць ад дэмакратызацыі краіны. То бок шанцы на тое, што дэмакратыя ня спыніцца і ня будзе кансэрвацыі аўтарытарнага рэжыму, сто працэнтаў ёсьць. І ад улады зараз залежыць шмат: калі ня зробяць крокі ў кірунку яўнай дэмакратызацыі, якія паказалі б, што гэта намер надоўга, можа назаўсёды, то супрацоўніцтва эканамічнае будзе вельмі вялае. І гэта кепска для краіны”.

Эўрадэпутат ад Літвы Вітаўтас Ландсбергіс прапанаваў парлямэнтарам заступіцца за трох моладзевых актывістаў, якіх гвалтам забралі ў войска. Прымусовую мабілізацыю дэпутат параўнаў з “захопам дзяржавай закладнікаў” — браць у войска перадусім з-за таго, што гэта сын апазыцыянэра. Пры гэтым ніякай гарантыі, што зь ім у войску нешта ня здарыцца. Адпаведная папраўка запэўніла б бясьпеку тым, хто прымусова ўзяты ў войска. Гаворыць Уладзімер Шыла, бацька мабілізаванага моладзевага актывіста з Салігорску Івана Шылы:

Уладзімер Шыла
“Для мяне як для бацькі ўвогуле прыемна, што гэтая сытуацыя абмяркоўваецца ў Эўропе. Таму, канечне, гэта добра. І хлопцам будзе прыемна даведацца, што яны не забытыя і пра іх нехта памятае”.

Карэспандэнт: “На ваш погляд, у якой ступені такія папраўкі, рэкамэндацыі могуць быць выслуханыя і ўспрынятыя ў Беларусі?”

“Ведаеце, хутчэй за ўсё — ні ў якай ступені. Але, тым ня менш, гэта ўсё ж нейкія сыгналы для роздуму. Натуральна, гэта зусім не азначае, што празь нейкі тэрмін пачнуцца якіясьці канкрэтныя дзеяньні. Аднак усё ж у палітыцы нават нашы ўладныя структуры павінны зь нечым лічыцца. Хоць насамрэч асабіста я ў размовы пра лібэралізацыю беларускага рэжыму, збліжэньне з Эўропай ня вельмі веру”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG