Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс: што не прадасца, тое згарыць


Траціна прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці на Віцебшчыне прызнана стратнай.


У Віцебскай вобласьці 63 прадпрыемствы, якія спэцыялізуюцца на вытворчасьці адзеньня, тэкстыльнай і сувэнірнай прадукцыі. Галоўная цяперашняя праблема для іх — збыт прадукцыі. На складах прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці зараз захоўваюцца запасы гатовых тавараў на суму больш як 137 мільярдаў рублёў – гэта ў два разы перавышае сярэднюю месячную норму вырабу.

Работніцы Аршанскага льнокамбінату скардзяцца, што ім ужо ня першы месяц затрымліваюць заробкі, і ўсё часьцей зьвяртаюцца па прававую дапамогу да мясцовых актывістаў. Віктар Андрэеў, старшыня Цэнтру імя Філона Кміты, даведаўся ад тамтэйшых працаўніц, што старую льняную палатніну, якая ўжо спрахла на складах, так і не дачакаўшыся рэалізацыі, проста паляць на задворках прадпрыемства:

“Льнокамбінат перажывае ня лепшыя часы свайго існаваньня: тканіна ляжыць на складах доўгі час, загнівае, і яе паляць. Заробкі затрымліваюць увесь час. Жанчыны скардзяцца на гэта і ўладам, і дырэктару. Вось літаральна сёньня работніцы зноў хадзілі да дырэктара, і ён паабяцаў ім выплаціць заробкі, абы яны больш нікуды не зьвярталіся са скаргамі. І так яны ходзяць штомесяц, тады ім заробкі выплочваюць. А хто ня ходзіць — той чакае, і ўжо доўгі час”.

Стратным зь нядаўняй пары стала яшчэ адно буйное прадпрыемства — віцебскае ААТ “КІМ”. Некалі яно славілася сваімі панчошна-трыкатажнымі вырабамі, але апошнім часам прадукцыя прадпрыемства не вытрымлівае канкурэнцыі нават на беларускім рынку, ня кажучы ўжо пра замежжа. Начальнік аддзела маркетынгу Лідзія Калоскіна распавядае, што “КІМ” пачаў новы этап барацьбы за старыя рынкі збыту:

“Проста ў свой час мы страцілі рынак збыту ў Беларусі — усё ішло ў Расею, на экспарт. І наша месца заняў, да прыкладу,“Сьвітанак” — кажуць, сьвятое месца не пустуе. А цяпер мы вярнуліся на беларускі рынак і адваёўваем кожную пазыцыю, бо надзея памірае апошняй. Мы дужа стараемся, і мы любім “КІМ”.

ААТ “КІМ” імкнецца захаваць і ранейшыя замежныя кантакты — ладзіць выязны гандаль у Маскве, бярэ ўдзел у расейскіх гуртавых кірмашах. А старшыня віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Косінец, канстатуючы стратнасьць прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці, раіць службам маркетынгу праводзіць яшчэ больш агрэсіўную гандлёвую палітыку — гандляваць прадукцыяй віцебскіх прадпрыемстваў у Кітаі, Марока, Этыёпіі і Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG