Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амаль 15 гадоў прастаяла ў Зэльве недабудаваная цагельня. Цяпер яе гатовы прадаць за адну базавую велічыню.


Цагельню ў Зэльве пачалі будаваць яшчэ ў 1991 годзе. Але ўжо ў 1996 годзе будаўніцтва спынілі, бо высьветлілася, што вытворчасьць ня можа быць рэнтабельнай.

Кажа намесьнік старшыні па будаўніцтве Зэльвенскага райвыканкаму Віктар Юркевіч:

“Зараз пайшла такая тэндэнцыя, што заводы па вытворчасьці 8 мільёнаў тон у год — нерэнтабэльныя, трэба, каб запасаў гліны хапала на 20 мільёнаў у год. У мінулым годзе мы правялі дадатковыя абсьледаваньні запасаў, і вынікі паказалі, што такой колькасьці гліны ў нас няма”.

Пачынаючы з 1996 году будоўля стаіць як даўгабуд. Са скаргамі да старшыні Дзяржкантролю Зянона Ломаця зьвярнуліся беспрацоўныя жыхары Зэльвы, якія дагэтуль чакаюць адкрыцьця цагельні.

Намесьнік старшыні райвыканкаму па будаўніцтве кажа, што зараз у іх іншыя пляны й цагельню ніхто дабудоўваць не зьбіраецца.

Юркевіч: “Мы зараз рыхтуем дакумэнты на абласную камісію, каб выставіць недабудаванае прадпрыемства на аўкцыён пад адну базавую велічыню”.

За пэрыяд з 1991 па 1996 год будоўля была завершана на 38%. Колькі ў яе ўклалі сродкаў — лічбы ў райвыканкаме мне не назвалі. Заўтра камісія ў абласным выканкаме будзе разглядаць далейшы лёс даўгабуду.

Я запытаўся ў эканамічным аддзеле райвыканкаму — чаму будынак выстаўляюць не на звычайны аўкцыён, а пад адну базавую велічыню? Вось што адказала мне эканаміст райвыканкаму Алена Юхновіч.

Юхновіч: “Таму што гэты аб’ект у нас не закансэрваваны. Там павінны быць усе тэхнічныя дакумэнты згодна з формамі, пашпарт на незавершанае будаўніцтва. А грошай на тое, каб іх зрабіць, у нас няма”.
XS
SM
MD
LG