Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандрусевіч за грамадзкую раду, але супраць цэнзуры


Тадэвуш Кандрусевіч
Тадэвуш Кандрусевіч
У менскім Архікатэдральным касьцёле сёньня адслужаць сьвятую імшу і пакажуць дакумэнтальны фільм, прысьвечаныя чацьвёртай гадавіне сьмерці Яна Паўла ІІ. Пра гэта мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай тэме сродкаў масавай інфармацыі і велікодных урачыстасьцяў.

СЛУХАЦЬ:


“Каталіцкі касьцёл альбо будзе касьцёлам мас-мэдый, альбо яго зусім ня будзе чуваць”, — такую заяву зрабіў Тадэвуш Кандрусевіч па выніках сэмінару ў Рыме, прысьвечанага сродкам масавых камунікацый. Мітрапаліт таксама выказаў падтрымку прапанове з боку праваслаўнай царквы ў Беларусі аб стварэньні Грамадзкай рады ў справе кантролю за маральнасьцю на беларускай тэлевізіі і ў іншых мэдыях . Пры гэтым Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў:

Біскуп Антоні Дзям’янка (зьлева) і мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч
“Тут нейкімі забаронамі нічога нельга зрабіць. Ёсьць нават такая думка, што ня трэба дэманізаваць мас-мэдыі, а трэба выхоўваць, як іх выкарыстоўваць”.

Тадэвуш Кандрусевіч таксама выказаў сваю думку адносна прапановы мітрапаліта Філарэта ўвесьці дзяржаўны кантроль за інтэрнэтам:

“Нядобра тое, што кожнае дзіця, якое карыстаецца інтэрнэтам, заходзіць на амаральныя сайты. Тут нейкі фільтар патрэбны быў бы. Пра нейкую мадэль кітайскую гаварылася. Я ня ведаю, што там у Кітаі ёсьць, толькі чутна, што там усё кантралюецца. Інфармацыя патрэбная сёньня, і бяз гэтага сёньня немагчыма жыць. Нават эканоміка ня будзе добра разьвівацца, навука, культура. Гэтая інфармацыя патрэбная і для перадачы Слова Божага. І Грамадзкая рада магла б тут быць вырашэньнем”.

Як паведаміў Тадэвуш Кандрусевіч, у гадавіну сьмерці вялікага папы Яна Паўла ІІ беларускі касьцёл асабліва моліцца за яго найхутчэйшую бэатыфікацыю. А таксама рыхтуецца да сьвята Ўваскрашэньня Хрыстовага. Перадвелікодная вербніца — ужо ў бліжэйшую нядзелю:

Сёлета мы крыху былі заклапочаныя, бо той восьлік не дажыў да сёньняшняга дня, а „Езуса Хрыста“ забралі ў войска.
“Пальмавая нядзеля летась была адзначаная тым, што ў нас упершыню быў восьлік. Сёлета мы крыху былі заклапочаныя, бо той восьлік не дажыў да сёньняшняга дня, а „Езуса Хрыста“ забралі ў войска. Але ўдалося знайсьці іншага восьліка, кажуць, што дужа інтэлігентны будзе. Гэтак мы хочам наблізіць людзей да атмасфэры таго дня, калі Езус Хрыстус урачыста ўязджаў у Ерусалім на асьліцы. Гэта таксама пэўная эвангелізацыя і радасьць для ўсіх, асабліва для дзяцей”.

Як паведаміў Тадэвуш Кандрусевіч, у перадвелікодную суботу ён таксама наведае ўсе каталіцкія парафіі Менску. А 19 красавіка ў Менска-Магілёўскай дыяцэзіі распачынаецца ўшанаваньне рэліквій ураджэнца Беларусі, дабраслаўленага ксяндза Міхаіла Сапоцькі.



Таксама 8 красавіка каталіцкі касьцёл у Беларусі будзе ўрачыста адзначаць 70-годзьдзе сьвятарства кардынала Казіміра Сьвёнтака.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG