Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці можна раскруціць на прэзыдэнцтва табурэтку?


Сход прадстаўнікоў кааліцыі АДС ў Воршы

Сход прадстаўнікоў кааліцыі АДС ў Воршы

У Воршы адбыўся сход прадстаўнікоў кааліцыі дэмакратычных сіл Усходняй Віцебшчыны. У ім бралі ўдзел мясцовыя лідэры БНФ, ПКБ, АГП, “Народнай грамады”, незарэгістраванай партыі “Надзея”, праваабаронцы. Сёньня завяршэньне дыскусіі. Удзельнікі прыйшлі да высновы, што “нераскручанасьць” апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, калі яны вызначаліся толькі напярэдадні выбараў, зьяўляецца адной з сур’ёзных палітычных памылак.

Апазыцыя на Віцебшчыне вядзе “працу над памылкамі” (частка 1)

Погляд “зьнізу” на дыялёг з Эўропай (частка 2)

Гэтым разам пачалі праваабаронца Васіль Леўчанка ды Мінай Карніенка з ПКБ – разважалі пра тое, адзін ці некалькі кандыдатаў мусяць быць вылучанымі ад апазыцыі:

“Я лічу, што трэба адзін і як мага раней да выбараў. Можа, ужо і зараз. Чым хутчэй гэта будзе, тым больш верагодны посьпех...”

“Каханенькі-родненькі, і Казулін, і Мілінкевіч зараз ня ў партыях. Вы, Васіль, як непартыйная асоба можаце так разважаць, але ж мы прадстаўнікі партыі. Мне здаецца, трэба выстаўляць кандыдатаў ад партый і мэтадам адбору высьветліцца кандыдат, за якога апазыцыйныя сілы змогуць агітаваць. Але калі ня будзе зьменены выбарчы кодэкс, у выбарах, мусіць, увогуле, ня трэба удзельнічаць...”

Ігар Казьмерчак з “Моладзі БНФ” выказвае катэгарычную нязгоду:

“Няўдзел, байкот – гэта зьнікнуць з палітычнай арэны на год, а то і два. У любым выпадку, усе партыі ня змогуць выставіць, тым больш, давесьці да канца выбарчую кампанію. Хай шэсьць партыяў вылучаць па кандыдату, Лукашэнка не дапусьціць другога туру. Таму прасьцей адзін кандыдат. Як яго вызначыць? Можа, трэба зрабіць без улады папярэднія выбары, дзе на людзях 6-10 кандыдатаў паспрачаюцца. А на самых выбарах ад апазыцыі патрэбны адзін...”

“Каб хоць вядомы быў, а ня чорт з табакеркі”, – выказвае сумнеў праваабаронца Васіль Берасьнеў.

“І Мілінкевіча, і Казуліна з нуля раскручвалі, – парыруе Ігар Казьмерчак. – І пры сёньняшняй нэрвовасьці народу да палітыкі можна ўзяць табурэтку і яе раскруціць, як кандыдата ў прэзыдэнты. Людзі ўсё роўна прыйдуць на Плошчу за яе...”

Падсумоўвае Станіслаў Храпавіцкі з АГП:

“Гэта пытаньне будзе галоўным бліжэйшым часам: як нашым лідэрам знайсьці паразуменьне, каго выбраць адзіным кандыдатам? З тых лідэраў, што “засьвечаныя”, ніводзін ня можа прайсьці па рэйтынгу. Таму, я лічу, трэба новы чалавек – з табакеркі ці без табакеркі. За якога пайшлі б і дэмакраты, і камуністы. Чалавек, за якім бы пайшоў народ. Я згодны з калегамі, што трэба ўжо зараз раскручваць і, можа, з 3-5 падабраць. Спытваюць пра Сідорскага. Думаю, каб ён згадзіўся, была б прыймальная кандыдатура. Разумных людзей у нашым грамадзтве дастаткова, у тым ліку, сярод кіраўнікоў прадпрыемстваў, ва ўрадзе. Дамовіцца з тымі амбіцыямі, якія сёньня ў лідэраў, складана. Тым ня менш, павінны, калі хочам дабіцца посьпеху, – усе дэмакратычныя, апазыцыйныя сілы. А часу застаецца вельмі, вельмі мала...”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG