Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнікі беларускай міліцыі цягам 9 месяцаў зьнялі адбіткі пальцаў у больш чым паловы мужчынскага насельніцтва краіны. Падставай для шырокамаштабнай кампаніі стаў леташні выбух уначы 4 ліпеня. У выніку беспрэцэдэнтнай акцыі міліцыянты сабралі мільёны адбіткаў, з дапамогай якіх можна стварыць нацыянальны банк дактыляскапічных дадзеных. Ці змогуць беларускія сьледчыя карыстацца такім банкам, як іхнія калегі з краінаў Эўразьвязу і ЗША?

Штодня мужчыны атрымліваюць позвы і тэлефанаваньні наведаць ваенкаматы нібыта для ўдакладненьня зьвестак вайсковага ўліку. На практыцы яны сутыкаюцца з тым, што ў ваенкаматах ім прапануюць прайсьці ў кабінэт, дзе іх чакаюць супрацоўнікі міліцыі, і здаць там адбіткі пальцаў.

Пры гэтым адны гучна абураюцца і папракаюць вайскоўцаў, іншыя лічаць, што лепш хуценька прайсьці непрыемную працэдуру, каб не ствараць потым сабе праблемаў, а некаторыя пісьмова скардзяцца на міліцыянтаў, якія падманам прымусілі іх наведаць ваенкамат.

Канстанцін Паўлаў і двое яго сыноў наведалі ваенкамат:

“Кажуць: “Каманда зьверху ў ва ўсіх „адкатаць“ пальчыкі і, паверце, што мы гэта зробім”. На дзяцей ціснулі па-рознаму. З адным размаўлялі ў пляне патрыятызму. Казалі: “Вы ж хочаце міліцыі дапамагчы выкрываць злачыннасьць. Вы ж патрыёт сваёй Радзімы?”.

Калі ня хочаце, то мы можам затрымаць вас на трое сутак. Зараз жа.
Другога “прэсавалі” абсалютна груба. Казалі: “Калі ня хочаце, то мы можам затрымаць вас на трое сутак. Зараз жа. Хочаце, мы вас зробім падазраваным у гэтай справе? Канешне, на судзе вы дакажаце, што ні пры чым, але ў вас будзе судзімасьць. Вам гэта трэба?”.

Нагадаем: шырокамаштабная кампанія дактыляскапіі пачалася пасьля выбуху 4 ліпеня на сьвяточным канцэрце, у выніку якога пацярпелі больш за паўсотні чалавек. Нягледзячы на гэта, сьледчыя ня ўгледзелі прыкметаў тэрарызму і распачалі крымінальную справу паводле артыкулу пра злоснае хуліганства. Былі апытаныя сотні тысяч чалавек, тысячы прайшлі празь сьледчы ізалятар, сотні тысяч здалі адбіткі пальцаў, у тым ліку жанчыны, чыя праца зьвязаная з хімічнай вытворчасьцю.

Раней, калі ўлады заклікалі грамадзянаў добраахвотна здаць адбіткі пальцаў, адгукнуліся толькі міліцыянты і супрацоўнікі пракуратуры.

Былая супрацоўніца пракуратуры Натальля Бізук распавяла “Свабодзе”:

“Тэлефануюць з пракуратуры раёну і кажуць, што на месцы злачынства трынаццацігадовай даўніны знойдзеныя адбіткі маіх пальцаў. Я кажу: “Цалкам магчыма, бо я была дзяжурным пракурорам. Мы працавалі без пальчатак і я, канечне, краналася і дапамагала экспэрту”.

Яны мне сказалі, што пачалі фармаваць гэтую базу дадзеных і заносіць яе ў кампутар. Вось кампутар як раз і выдаў супадзеньне“.

На сёньняшні дзень у сталічных упраўленьнях унутраных спраў няма інтэрнэту. Сьледчыя ня маюць пэрсанальных кампутараў.
На сёньняшні дзень у сталічных упраўленьнях унутраных спраў няма інтэрнэту. Сьледчыя ня маюць пэрсанальных кампутараў. Каб паскорыць працэс складаньня пратаколаў, яны набываюць старыя кампутары за свой кошт.

Гэтага ня могуць сабе ўявіць паліцэйскія, якія працуюць нават ня ў самых багатых краінах сьвету. У паліцэйскім участку празь некалькі сэкундаў кампутар дасьць на затрыманага чалавека поўную інфармацыю — ня толькі дату нараджэньня і магчымыя судзімасьці, але й групу крыві, адбіткі пальцаў, веравызнаньне ды іншыя зьвесткі.

Беларускі банк дадзеных будзе ўтрымліваць зьвесткі пра месца і дату нараджэньня грамадзянаў, нацыянальнасьць, адукацыю, шлюбы, судзімасьці і адбіткі пальцаў.

Кіраўнік упраўленьня ўнутраных спраў Фрунзенскага раёну Менску Алег Гайдукевіч лічыць, што праблемаў для карыстаньня банкам дадзеных у беларускіх міліцыянтаў няма.

“Наступнаму пакаленьню, якое будзе працаваць пасьля нас, будзе значна лягчэй, калі ўсе будуць у гэтай базе дадзеных.
У жанчын мы таксама возьмем адбіткі. Да жанчын яшчэ дойдзем.
Ёй можна і зараз карыстацца і яна ня так павольна працуе, як нехта думае. Мы ідзем да гэтага.

Канечне, пакуль у нас няма такога, каб у кожным кабінэце супрацоўнік мог гэта паглядзець. Але хацелася б, каб так было. Гэта зручна. Выпадкі адмовы адзінкавыя. У жанчын мы таксама возьмем адбіткі. Да жанчын яшчэ дойдзем“.

Супрацоўнікі міліцыі пацьвердзілі, што пасьля таго як мужчыны здадуць адбіткі пальцаў, банк дадзеных пачнуць папаўняць адбіткамі пальцаў жанчын.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG