Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Лагодзіч


Мікалай Лагодзіч
Жалобная вестка прыйшла зь Пінску — там сёньня ўраньні памёр былы савецкі палітвязень, актыўны змагар за дэмакратычныя перамены ў Беларусі Мікалай Лагодзіч. Яму ішоў 81-ы год.

У шасьцідзясятыя гады Мікалай Лагодзіч пісаў у “Правду” і іншыя савецкія газэты артыкулы пра парушэньні правоў чалавека. Артыкулы не друкаваліся, а аўтара ўзялі пад пільны нагляд спэцорганы. У 1963-м яго арыштавалі, засудзілі “за антысавецкую агітацыю і прапаганду” і зьняволілі ў мардоўскіх лягерох. Калі Мікалая Лагодзіча арыштавалі, жонка Марыя была ў раддоме. І свайго другога сына Вячаслава ён упершыню ўбачыў толькі праз тры гады. Спадарыня Марыя прыгадвае:

“Ён нарадзіўся 23 студзеня, а 30-га бацьку забралі. Я яшчэ была ў раддоме”.

Лягеры не зламалі Мікалая Лагодзіча. Вярнуўшыся, ён стаў працаваць машыністам на мясцовай цеплаэлектрацэнтралі і выхоўваў сыноў на прынцыпах маральнай чысьціні. Пасталеўшы, і Алег, і Вячаслаў падтрымлівалі бацьку ў адстойваньні дабра і справядлівасьці. Марыя Лагодзіч распавядае:

“Сыны яго падтрымлівалі. Ён зь імі пра ўсё гаварыў. Як зьбяруцца, то ўвесь час пра палітыку гамоняць. Што ўжо змагар — то змагар! „Народная Воля“ — гэта першая яго газэта, і цяпер жа выпісалі. Ужо дзеткі будуць чытаць. Ужо вось унучачка зь Менску прыехала, і тая прасіла: „Дзеду, раскажы мне пра Дзень Волі!“ Ён зь ёй пасядзеў, пагаманіў пра гэта доўга”.

Напрыканцы 80-х Мікалай Лагодзіч стаў адным з актыўных удзельнікаў Адраджэньня, змагаром за незалежнасьць Беларусі. Ён уступіў у шэрагі Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, стаў адным са стваральнікаў аб’яднаньня вэтэранаў дэмакратычнага руху і кіраўніком яго пінскай суполкі. Прыгадвае маладзейшы сябра спадара Лагодзіча Віктар Ярашук:

“Памятаю, калі разам зь ім утваралі аб’яднаньне вэтэранаў дэмакратычнага руху Пінску, то якія былі правакацыі і як Мікалай Васілевіч усё гэта вытрымаў. Гэта быў цудоўны чалавек. На ягоным прыкладзе вырасталі людзі — з майго пакаленьня, маладзейшыя. І цяпер, калі яго ня стала, то ня стала ня проста аднаго чалавека, а ня стала цэлай эпохі ў Пінску. Ня стала чалавека, на якога моладзь глядзела як на нейкую ікону. Магчыма нават так казаць, бо гэты чалавек паказваў сілу духу, таго, што ў той час, калі ў нас за савецкім часам усе маўчалі, ён спрабаваў нешта давесьці людзям і застаўся такім да канца”.

Разьвітаньне зь Мікалаем Лагодзічам пройдзе 2 красавіка а 13-й гадзіне ў ягонай кватэры. А 14-й яго пахаваюць на гарадзкіх могілках у Пінску.
XS
SM
MD
LG